На Дзятлаўшчыне прайшоў раённы адборачны этап рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны”, які ладзіцца ў рамках культурна-адукацыйнай патрыятычнай акцыі “Цягнік Памяці”.
Больш падрабязна пра яго расказала старшыня раённага савета ГА “БРПА” Ірына Мішчанка:

– Конкурс для нашага раёна стаў традыцыйным, праводзіцца некалькі гадоў запар. У складзе журы, якое ацэньвала здольнасці і работы навучэнцаў, разам са мной былі галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Гарановіч і першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.


Удзельнікі конкурсу праявілі свае творчыя здольнасці і патрыятызм, прадстаўляючы візітныя карткі, дзе расказалі пра свае дасягненні, захапленні, погляды на будучыню роднай краіны. Кожнае выступленне было поўным эмоцый і шчырасці.
Разгледзелі мы і партфоліа канкурсантаў, якія яны сабралі загадзя на завочным этапе. У іх юнакі і дзяўчаты адлюстравалі свае лепшыя праекты і ініцыятывы па развіцці школьнага самакіравання, валанцёрства, сацыяльнай актыўнасці.
Конкурс эсэ “80 мірных гадоў” стаў сапраўдным выпрабаваннем для школьнікаў. У мастацкай форме яны павінны былі выказаць свае думкі аб значэнні міру і патрыятызму ў сучасным грамадстве. Парадавала, што ўсе работы напісаны з душой і шчырасцю. У іх закранаюцца такія важныя аспекты, як памяць аб мінулым, павага да ветэранаў, адказнасць за будучыню сваёй краіны. Варта адзначыць, што падобныя патрыятычныя конкурсы – гэта не проста іспыты, але і стымул для далейшага развіцця і актыўнага ўдзелу ў жыцці свайго раёна і горада.
Ужо вызначаны пераможцы і прызёры раённага этапу конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны”. Гран-пры заваявала і 25 сакавіка прадставіць Дзятлаўшчыну на абласным этапе ў Гродне навучэнка сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Лізавета Дварчанін. Лаўрэатам першай ступені стала навучэнка Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук Аляксандра Якшук. Лаўрэатамі другой ступені прызнаны Аляксей Якаўлеў з Казлоўшчынскай сярэдняй школы і Арына Грыцук з гімназіі № 1 горада Дзятлава. Лаўрэаты трэцяй ступені – Павел Ганчар з Дварэцкай сярэдняй школы і Таццяна Дзедава з сярэдняй школы №1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#образование #молодежь #Дятловщина #нашалепшае #нашелучшее