Напісана кніга цікава, проста, даходліва.
Так, як было, як думалася, як жылося, так і напісана. Стыль аўтара лёгкі, свабодны, нечым нагадвае кнігі Івана Шамякіна: чытаеш і хочацца чытаць, каб даведацца, што ж было далей.
Іван Аляксеевіч Жолабаў пачынае свой аповед з канца снежня 1943 года. У той час рэзідэнцыя Наркамата дзяржаўнай бяспекі Беларусі знаходзілася ў Падмаскоўі, пад Падольскам. Група, якую ён узначальваў, дабіралася каля дзесяці дзён. Пачалося вызваленне, і нагледзеліся шмат чаго. Але радавала тое, што ў бок лініі фронту ішлі эшалоны з тэхнікай і жывой сілай. Значыць, наступленне працягваецца. Пад Бранскам група Жолабава бачыла нават эшалон з “кацюшамі”, якія везлі ў бок Беларусі. Настрой прыўзняты, салдаты едуць з песнямі, на большасці вагонаў надпісы “Смерць фашызму!”, “Наперад, на захад!” Але сутыкаліся разведчыкі і з тым, што выклікала лютую нянавісць. Успамінаўся 1942 год, гарады Калуга, Казельск, амаль цалкам разбураныя, але тое, што ўбачылі ў Гомелі, нельга было перадаць словамі. Найпрыгажэйшы абласны цэнтр Беларусі ляжаў у руінах. Іх ляніва разбіралі палонныя немцы, асцерагаючыся кожнага, хто праходзіў непадалёку, асабліва людзей у партызанскай форме. Але горад жыў. У захаваных на ўскраінах дамах размясціліся абласныя арганізацыі. Іх назвы былі падпісаны крэйдай на платах або проста на сценах дамоў. Стукалі пішучыя машынкі, туды-сюды спяшаліся кур’еры. Філіял Наркамата бяспекі размясціўся ў некалькіх узноўленых дамах. Было цесна, няўтульна, а разведчыкам хацелася пасля доўгай дарогі адпачыць.
Тут, на двары ўпраўлення, Жолабаў сустрэў палкоўніка Фукіна, той паклікаў яго партызанскай мянушкай – Паўночны, – яе ведаў тут толькі ён. Аказалася, што Канстанцін Аляксандравіч Фукін узначаліў гомельскую аператыўную групу і рухаўся з фронтам. Ён займаў пасаду начальніка Упраўлення дзяржаўнай бяспекі па Гомельскай вобласці. Жолабаў расказаў палкоўніку пра работу ў тыле ворага, пра новыя метады “абвера” па перасылцы агентуры ў партызанскія атрады, пра спробы стварэння “партызанскіх” атрадаў са здраднікаў Радзімы, задачай якіх была арганізацыя дыверсійнай работы ў тыле савецкіх войск.
Палкоўнік Фукін адзначыў, што матэрыялы групы вельмі спатрэбяцца штабу Беларускага фронта ў Гомельска-Рэчыцкай аперацыі.
Раніцай, атрымаўшы праязныя дакументы, група накіравалася ў Навабеліцу. Настрой быў баявы, радасны, разведчыкі прадчувалі, што іх чакае новае заданне. Так і здарылася. Пасля сустрэчы з генералам Панамарэнкам і справаздачы атрымалі заданне ляцець у Заходнюю Беларусь. Генерал папярэдзіў, што дзейнічаць трэба згодна з абстаноўкай. У Заходняй Беларусі дзейнічалі эмісары Мікалайчыка. Яны мелі задачу распаліць нацыянальную варожасць, натравіць палякаў на рускіх і беларусаў. Група Жолабава павінна была даставіць у партызанскі атрад зброю і людзей.
Тысяча дзевяцьсот сорак чацвёрты год сустрэлі з надзеяй. Станоўча было вырашана пытанне з вылетам. Іх выкінуць на парашутах у Брэсцкай вобласці. Гэту радасць і вырашылі адзначыць на Новы год. Дзяўчаты групы, Дуся Мацвіевіч і Тося Белякова, падрыхтавалі стол. Была нават нарэзаная руская каўбаса, кансерваваныя амерыканскія сасіскі, марожанае сала, масла, нават вяленая рыба і грамаў 500 яраслаўскага сыру. З кансерваў і бульбы атрымалася выдатнае блюда, якое назвагі “рагу па-падольску”. Франтавыя “грамы” некалькі дзён зліваліся ў графін і выглядалі на стале даволі прыстойна. Асобна красавалася бутэлька каньяку, выпісаная спецыяльна перад палётам з дазволу Ільі Рыгоравіча Старынава, непасрэднага начальніка разведчыкаў.
2 студзеня 1944 года ў “Праўдзе” быў надрукаваны загад аб узнагароджанні вялікай групы беларускіх партызан ордэнамі і медалямі. Было там і прозвішча Івана Жолабава. Ордэн Чырвонай Зоркі ён атрымаў у сярэдзіне месяца ў Крамлі. Калі выйшаў на Красную плошчу, не ведаў, куды падзець сваю энергію. Хацелася бегчы хутчэй на аэрадром і ляцець за лінію фронту, каб апраўдаць такую ўзнагароду.
Каманда “Падрыхтавацца!” прагучала нечакана. Па падліках Івана Жолабава, з маскоўскага аэрадрома да Брэсцкай вобласці яшчэ ляцець ды ляцець. На шляху неаднаразова траплялі пад абстрэл варожых зенітак. У самалёце цёмна, нікога не відаць, акрамя Зубкевіча і Смальянава, якія на хаду гуляюць у шахматы. Жолабаў праверыў начынне, сумку з картамі і дакументамі, зброю. Ляцелі не на шпацыр, у любую хвіліну магло здарыцца непапраўнае. Ад каманды да моманту, калі адчыняцца дзверы самалёта, звычайна праходзіць каля паўгадзіны. З каманднага адсека вынырнуў інструктар. Рашучая хвіліна настае. Цяпер групу выкінуць на пляцоўку С.І.Сікорскага, а там, пазнаёміўшыся з абстаноўкай, рушаць на Кобрын, Антопаль, Дзівін. Гэта раён іх будучых дзеянняў. Вызначаецца чарга. Першы пойдзе Смальянаў, апошні – Зубкевіч. Бяздонная чарната ўнізе трохі страшыла. Але раптам убачылі сігнальныя вогнішчы. Значыць, іх чакаюць, дапамогуць сабраць груз.
Калі апынуліся на зямлі, заўважылі, што Шурыка ветрам аднесла ўбок, а ў яго пры сабе толькі пісталет. Пачалі шукаць. Раптам з лесу выехаў запрэжаны воз. Гэта былі партызаны з атрада генерала Капусты. Пра такога Жолабаў не чуў і запытаў: “А дзе мы знаходзімся?” “У Ліпічанскай пушчы, на мяжы Баранавіцкай і Беластоцкай абласцей”, – пачуў у адказ. Толькі тады Жолабаў зразумеў, чаму так хутка прыляцелі. Гэта не рака Буг, не Брэсцкая вобласць і не злучэнне Сікорскага. Але важна было тое, што гэта заходнія вобласці Беларусі. У любым выпадку яны даляцелі, і шукаць вінаватых ужо не мае сэнсу. І яшчэ адна недарэчнасць: пры прызямленні разбіўся Смальянаў, не можа ісці, патрэбна дапамога, і згубіўся югаслаў Вярхоўчак. Параненага забралі, Вярхоўчака, які перад вылетам некалькі тыдняў лячыўся ў шпіталі ад жаўтухі, аслабеў, напэўна, не справіўся з парашутам, занесла за дальні лес. Праз некаторы час яго знайшлі.
Пакуль ехалі да атрада Капусты, даведаліся, што атрад гэты прыбыў у Ліпічанскую пушчувосенню 1943 года з-пад Мінска і будзе рухацца на Гродна і Беласток. Цяпер у пушчы два злучэнні зімуюць – другое ўзначальвае Сцяпан Пятровіч Шупеня. Да вайны ў Шчучыне быў сакратаром.
Хлопец, які ўсё расказаў пра партызан, Жолабаву спадабаўся, і ён прапанаваў Мікалаю Майсеенку (так яго звалі), уступіць у атрад “Дружба”, бо з пятнаццаці чалавек атрад павінен быў вырасці да шасцідзесяці.
Перад самым світаннем група з “вялікай зямлі” прыбыла ў атрад Шупені.
(Працяг будзе)
Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup
Святочныя мерапрыемствы 9 Мая завяршыліся акцыяй “Праспяваем "Дзень Перамогі" разам” і феерверкам. Наталля АВЯРЧУК Подписывайтесь…
9 мая в Дятлово состоялся 4-й тур чемпионата Гродненской области по футболу (республиканский региональный этап).…
Праграму ўрачыстасцяў да Дня Перамогі ў Дзятлаве прадоўжылі канцэрты, якія падрыхтавалі артысты раёна і госці.…
Да Дня Перамогі ў Дзятлаве, у гарадскім скверы па вуліцы Міцкевіча, разгарнуліся інтэрактыўныя пляцоўкі з…
Наталля АВЯРЧУК Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga #нашелучшее #нашалепшае
81-ю гадавіну Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне дзятлаўчане сустрэлі Маршам памяці і ўрачыстым…