Усе сельгаспрадпрыемствы Дзятлаўшчыны ўключыліся ў масавае жніво. У ААТ “Граніт-Агра” ўбіраюць азімы ячмень.
Па традыцыі, у сельгаспрадпрыемстве працуюць некалькі сямейных дынастый, пры гэтым заняты яны ў розных экіпажах.
У мінулым годзе перасягнуў юбілейны, саракавы сезон адзін з самых вопытных хлебаробаў ААТ “Граніт-Агра” Уладзімір Гукіш. Ён даўно прывык працаваць адзін і спадзявацца толькі на свае сілы.
– 38-ы сезон за рулём камбайна, да гэтага быў тры гады памочнікам. Сёлета ўборачную пачалі дружна, жніво ідзе актыўна, ячмень добры, за што дзякуй агранамічнай службе. Тэхніка немаладая, часам падводзіць, але ўсе пытанні вырашаю аператыўна. Мая задача – сумленна працаваць, у гонку намалотаў даўно не імкнуся. А сыну жадаю высокіх вынікаў і перамог.
Літаральна на суседнім полі таксама за рулём “Лексіёна” Андрэй Гукіш, які працуе механікам на ўчастку “Таркачы”, а ў гарачую пару – камбайнерам. Па бацькавым прыкладзе таксама ў рабоце самастойны.
– Ячмень радуе, каля 50 цэнтнераў з гектара “на вока” павінна быць. Поле чыстае, таму працуецца добра. Камбайны рыхтавалі да жніва самі, таму ўпэўнены ў іх. Праўда, надвор’е часам падводзіць: выязджаем жаць крыху пачакаўшы, пакуль абсохне поле. Цяпер на нашым участку працуюць адразу шэсць камбайнаў, таму ідзём хуткімі тэмпамі, – расказвае Андрэй Уладзіміравіч.
Усім хлебаробам ён жадае ўдачы ў рабоце і каб тэхніка не ламалася.
На ўзгорку ўжо чакаюць загрузкі вадзіцелі Казімір Рысюк і Леанід Бутэнка, абодва – на МАЗах-дваццацітонніках. Кожны год мужчыны ў лідарах жніва, гэты не павінны стаць выключэннем.
– Гэта яшчэ не ўборка, толькі зажынкі, – разважае Казімір Браніслававіч. – Наперадзе – уборка яравых збожжавых, рапсу, кукурузы, усім хопіць работы і рэкордаў.
– З поля не вылазім, – падтрымлівае калегу Леанід Дзмітрыевіч. Да пачатку ўборачнай кампаніі ўжо паспелі плённа папрацаваць на перавозцы зялёнай масы і арганічных угнаенняў. У нас такіх МАЗаў пяць, усе цяпер на жніве.
– Спяшацца трэба, пакуль ячмень не асыпаўся, трэба ўбіраць ураджай, – спяшаецца вярнуцца да працы Андрэй Літвінскі. – Сажнём ячмень, пяройдзем на рапс, пшаніцу, трыцікале. Жадаю сваёй камандзе і ўсім хлебаробам здароўя і вялікіх тон намалоту.
Настрой у механізатара рашучы, хочацца паспець як мага больш зрабіць да вечара. Чатырнаццаты сезон ён працуе камбайнерам, 13 з іх – на сваім верным КЗС-1218, які любіць, як вернага сябра.
Нават няўзброеным вокам відаць, з якой цеплынёй камбайнеры ставяцца да сваёй тэхнікі. У полі – цэлая карцінная галерэя. Практычна на кожным камбайне Дзяржаўны сцяг Беларусі, на некаторых – выява жанчыны ў вянку як сімвала года, на іншых – жывёла-талісман, імёны членаў экіпажа. Каб здалёку было відаць: працуюць патрыёты, сем’яніны, натхнёныя сваёй справай людзі.
Да іх ліку адносіцца каманда ў саставе камбайнера Аляксандра Майсейчыка і памочніка Арцёма Літвінскага, якія ў полі на сваёй роднай “Пантэры” – КЗС-1218.
– Разумеем адзін аднаго ўжо нават без слоў, за гады працы сталі сапраўднай камандай. Трэці дзень тут, на ячмені, ураджай някепскі. Пакуль надвор’е такое стаіць, стараемся паспець як мага больш, – расказвае Аляксандр Уладзіміравіч.
– Якія планы на сезон і што найбольш радуе ў рабоце?
– Плануем добра папрацаваць на роднай зямлі і атрымаць дастойную ўзнагароду за працу. Спадзяёмся тысячы дзве намалаціць, не менш. Грэюць страўнік і душу сняданкі, якія збіраюць з сабой нашы любімыя жонкі, і самае чаканае – гэта вяртацца да іх пасля цяжкага працоўнага дня, – дадае Арцём Леанідавіч.
Усім хлебаробам мужчыны жадаюць, каб іх працу цанілі, расцэнкі за тону раслі, а дома чакалі з любоўю родныя людзі.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае
17 ліпеня з 10 да 12 гадзін прамую тэлефонную лінію правядзе начальнік упраўлення па працы,…
Уборка азімага ячменю, жывёлагадоўля, рэалізацыя рэспубліканскіх праграм, Адзіны дзень інфармавання, запазычанасці за паслугі ЖКГ –…
Добраахвотнае страхаванне дадатковай назапашвальнай пенсіі – гэта даступны спосаб павысіць даход у пенсійным узросце. Больш…
С 15 по 22 июля Госавтоинспекция проведет профилактические мероприятия, в целях профилактики, а также снижения…
Какой будет погода в Беларуси 14-19 июля, рассказали БЕЛТА в Республиканском центре по гидрометеорологии, контролю…
Если с Вами связался медицинский работник амбулаторно-поликлинической организации здравоохранения и пригласил на вакцинацию – без паники!…