З 9 па 11 жніўня ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” прайшоў рэспубліканскі злёт выхаванцаў выхаваўча-аздараўленчых установаў адукацыі “Канікулы – час дзейнічаць”. У ліку ўдзельнікаў – каманда выхаваўча-аздараўленчага летніка “Краянаўцы” Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна.

Па выніках удзелу ў злёце каманда “Краязнаўцы” ўдастоена дыплома 1 ступені за лепшую арганізацыю выставы дзіцячых дасягненняў па розных відах дзейнасці “Лета нашых дасягненняў”, дыплома 2 ступені за арганізацыю тэматычнай пляцоўкі, дыплома 2 ступені за лепшую творчую візітку.
Злёт аб’яднаў актыўных хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў з усёй краіны. Для юных краязнаўцаў з Гезгал гэты злёт стаў магчымасцю не толькі прадэманстраваць свае дасягненні, але і пераняць вопыт аднагодкаў з іншых рэгіёнаў.

Праграма злёту была насычанай і разнастайнай. Трэба было прадставіць творчую візітку – пяціхвіліннае выступленне, якое раскрывае змест дзейнасці і асноўныя напрамкі работы. Акрамя таго, удзельнікаў чакалі тэматычныя пляцоўкі па розных напрамках выхавання і аздараўлення: ад патрыятычнага выхавання і валанцёрства да спартыўных рэкордаў і прафарыентацыі. Асаблівую цікавасць выклікала выстава “Лета нашых дасягненняў”, дзе дзеці змаглі прадставіць вынікі сваёй працы за змену. Акрамя таго, у рамках праекта “Роўны навучае роўнага” выхаванцы летніка прынялі ўдзел у розных пляцоўках і самі арганізавалі студыю арыгамі “Палатачны гарадок” для ўсіх удзельнікаў злёту.

Летнік “Краязнаўцы” невыпадкова апынуўся ў ліку ўдзельнікаў такой маштабнай падзеі. Выхаванцы штодзень знаёміліся з унікальнымі мясцінамі, гісторыка-культурнай спадчынай і прыроднымі багаццямі сваёй малой радзімы праз турысцка-краязнаўчую дзейнасць, удзельнічалі ў экскурсіях і сацыяльна значных акцыях. Менавіта гэтая актыўная жыццёвая пазіцыя і імкненне да ведаў і даследавання дазволілі камандзе дастойна прадставіць Дзятлаўскі раён на рэспубліканскім узроўні.

Тры дні ў “Зубрані” сталі для дзяцей яркай падзеяй, якая падарыла новыя знаёмствы, уражанні і бясцэнны вопыт, які абавязкова спатрэбіцца ім у будучыні.

Наталля ЛІЦКЕВІЧ,
старшая выхавальніца летніка “Краязнаўцы”, кіраўнік каманды
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga