Каму залатога соку?

Не ўвесь бярозавы сок аднолькава карысны.

Асабліва той, які здабыты няправільным чынам у неналежным месцы. Магчыма, людзі, якія парушаюць закон, не ведаюць аб яго патрабаваннях. Але няведанне, на жаль, не пазбаўляе ад адказнасці і штрафаў.

З прыходам цёплага надвор’я актывізавалася і дзейнасць па нарыхтоўцы драўнінных сокаў, а для Дзятлаўскай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя – добрая нагода праверыць у час чарговага рэйда з рэдакцыяй газеты “Перамога”, ці ўсё робіцца належным чынам.

Каб знайсці “зламыснікаў”, далёка ехаць не давялося. У аграгарадку Раклевічы па вуліцы Кастрычніцкай размяшчаецца цэлая плантацыя па нарыхтоўцы соку: пачынаецца пры дарозе і займае практычна ўвесь бярозавы гай на ўскрайку населенага пункта.

– Адразу можна адзначыць, што закон тут парушаецца, – заўважае начальнік інспекцыі Дзмітрый Балькоўскі. – Згодна з заканадаўствам, нарыхтоўка драўнінных сокаў не дазволена як у прыдарожнай паласе, так і ўвогуле на тэрыторыі населенага пункта. Немалаважны і той факт, што сок пры дарозе, дзе ездзяць аўтамабілі, – не самы карысны для людзей.

– Дык збіраць сок можна толькі ў лесе? – пытаюся ў Дзмітрыя Георгіевіча.

– Можна і на сваім абгароджаным прысядзібным участку, калі там ёсць бярозы.

Пры бліжэйшым разглядзе высвятляецца, што самадзейныя нарыхтоўшчыкі парушылі не толькі месца, але і тэхналогію збору соку: калі па законе дапускаецца адтуліна ў дрэве дыяметрам не больш за сантыметр і глыбінёй – не больш за 3, то тут і “на вока” відаць, што дзірку ў бярозе зрабілі сантыметраў на пяць, не менш. Таксама няправільна абышліся з дрэвам пасля падсочкі.

– Пасля завяршэння збору соку з дрэва неабходна заткнуць адтуліну драўлянай пробкай і абмазаць глінай, каб спыніць падцяканне, – тлумачыць інспектар. – Як бачым, у дадзеным выпадку было зроблена толькі першае.

Першасныя пошукі парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства вынікаў не далі, расследаванне прадоўжыцца з удзелам старшыні Дзятлаўскага сельвыканкама Аляксандра Маркушэўскага. Аднак Дзмітрый Балькоўскі правёў тлумачальную гутарку з мясцовымі жыхарамі аб тым, як збіраць сок нельга. Таксама ён нагадаў пра сур’ёзную адказнасць за, здавалася б, нязначны праступак:

– На першы раз – папярэджанне, на другі – штраф: для фізічных асобаў – да 20 базавых велічыняў, для індывідуальных прадпрымальнікаў – да 100, а для юрыдычных асобаў – да 500.

На жаль, сітуацыя, убачаная ў Раклевічах, распаўсюджана для ўсяго нашага раёна: дзе ні бяроза – побач з ёю поліэтыленавы мех. Па неабачлівасці або няведанні просты і смачны бярозавы сок для некага можа стаць залатым.

Але ёсць больш гуманны і танны спосаб запасціся бярозавікам – звярнуцца ў Дзятлаўскі лясгас або бліжэйшае лясніцтва, дзе вам дапамогуць яго набыць або пакажуць месца ў лесе для легальнага бясплатнага збору.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

administrator

Recent Posts

Пожар хозяйственной постройки в деревне Коски

21 июля в 18-47 на линию «101» от очевидца поступило сообщение о том, что в…

13 часов ago

Пять игровых дней позади: чемпионат Дятлово выходит на финишную прямую.

21 июля завершился 5-й игровой день открытого летнего чемпионата Дятлово по мини-футболу среди трудовых коллективов…

14 часов ago

Ад родных Рабкоў да сусветнай спадчыны Скарыны: жыццёвы шлях выдатнага земляка

22 ліпеня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння выдатнага беларускага літаратуразнаўцы-медыявіста, крытыка, культуролага і нашага…

14 часов ago

Ёсць нагода. Сяргею Ігнаціку падзякавалі за бездакорную службу

Добрыя, шчырыя пажаданні, кветкі, урачыстая атмасфера – так у аддзеле ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама на…

18 часов ago

Руководитель предприятия за взятку лоббировал производство продукции в определенных бутылках. Суд вынес приговор

Руководитель торгового предприятия за взятку лоббировал производство продукции в определенных бутылках - суд назначил ему…

18 часов ago

Пытанне – адказ. Ці дадуць ільготны крэдыт маладому спецыялісту?

Пытанне: ці можа малады спецыяліст разлічваць на атрыманне льготнага крэдыту? Адказ: паводле Указа № 631…

1 день ago