Складнікі поспеху нашага раёна

У сонечны веснавы дзень у самы разгар клапатлівага аграрнага часу  на палетках ААТ “Граніт-Агра” давялося сустрэцца з чалавекам, у якога з аднаго боку – сур’ёзная і асабліва адказная прафесія, а з другога – ён уладальнік харызматычнага тэмпераменту, абаяльнай усмешкі і самае галоўнае – прыхільнік нетрадыцыйнага і творчага падыходу да адказных працэсаў і этапаў аграрнай справы.

Гэта – галоўны аграном ААТ “Граніт-Агра” Антон Тарасевіч, імя якога ў гэтым годзе занесена на Дошку гонару.

На пачатку размовы даведваюся, што нарадзіўся Антон у вёсцы Лапушна Дзятлаўскага раёна. Яго бацька – інжынер-будаўнік, маці  працавала старшынёй сельвыканкама. Пасля заканчэння базавай школы, Антон паступіў у Навагрудскі аграрны каледж, затым прадоўжыў вучобу ў Гродзенскім аграрным універсітэце.

Маладым спецыялістам прыйшоў працаваць у  ААТ “Граніт-Агра”, і вось ужо амаль дзесяць гадоў адказнымі адносінамі да працы, граматным падыходам да справы, жаданнем ніколі не спыняцца на дасягнутым радуе кіраўніцтва гаспадаркі і калег.

Пачынаў працаваць Антон Тарасевіч памочнікам на ўчастку, затым – аграхімікам, апошнія пяць гадоў ён галоўны аграном.

– Калі я ўладкаваўся на працу, мне пашанцавала, – расказвае Антон Тарасевіч. – Маім настаўнікам і калегам стаў Анатоль Аблажэй, які працаваў у той час у гаспадарцы аграномам. Я заўжды прыслухоўваўся да парад і рэкамендацый, вучыўся разам з ім сачыць за сельскагаспадарчымі працэсамі. Разам мы аналізавалі стан глебы, якасць насення, рабілі стаўкі на прагназаванне будучага ўраджаю, абмяркоўвалі план работы ў крытычных абставінах, стойка прымалі капрызы прыроды. Вучыў мяне Анатоль Аблажэй спакойна і мужна выходзіць з любой крытычнай сітуацыі.

Антон Тарасевіч па электроннай поште атрымлівае шмат прапановаў элітнага і сартавога насення, гібрыдаў, прадуктаў вытворчасці розных кампаній і фірм з розных куткоў краіны.

– У нас за шмат гадоў работы ёсць добра напрацаваныя кантакты з фірмамі, што спецыялізуюцца менавіта на рапсавым насенні, –  расказвае Антон Аляксандравіч. – Разам з гэтым, дзякуючы кіраўніку гаспадаркі Станіславу Мазуру, я маю магчымасць перыядычна наведваць абласныя вытворчыя семінары, дзе знаёмлюся з селекцыйнымі навінкамі, новымі гібрыдамі, сродкамі апрацоўкі раслін, разнавіднасцямі мінеральных угнаенняў, разглядаю прапановы супрацоўніцтва з новымі фірмамі і кампаніямі. Усю гэту інфармацыю неабходна больш глыбока апрацаваць і прааналізаваць, сярод некалькіх прапаноў выбраць самую надзейную, распрацаваць тэхналогію работы і як вынік – прыняць сур’ёзнае і адказнае рашэнне.

– Жывапісныя малюнкі на палях – гэта ваша інавацыя ці аграрная прапанова?

– Гэта эксперыментальныя палі. Пасеў сельскагаспадарчых культур, а ў дадзеным выпадку гэта азімае жыта і азімая сурэпіца, праводзіцца паласным метадам. Эксперыменты на гэтым не заканчваюцца. У планах на будучае – адназначна рабіць такі сеў, магчымы разнастайныя камбінацыі.

Некалькі апошніх гадоў Антон Тарасевіч займаецца высяваннем толькі гібрыднага насення рапсу і кукурузы.

Адпраўляюся разам з аграномам на эксперыментальныя палі, даведваюся, што кантроль на выпрабаванне праходзяць 24 віды гібрыднай кукурузы.

– Па мінулагодніх выніках можна сказаць, што ўраджайнасць парадавала, – дзеліцца галоўны аграном. – Рэкорды – па 150 цэнтнераў з гектара. Бачым у гэтым патэнцыял.

Вельмі сур’ёзна Антон Тарасевіч займаецца рапсам, правярае гібрыды на эксперыментальных участках. Узаемавыгаднае супрацоўніцтва склалася з фірмамі, якія спецыялізуюцца менавіта на гэтай культуры і пастаўляюць невялікія партыі новых гібрыдаў для выпрабаванняў. Палявы вопыт агранома і надзейны догляд раслін – важная інфармацыя для вытворчых кампаній.

Антон Аляксандравіч – спецыяліст, які знаходзіцца ў пастаянным вынаходніцтве і пошуку новых тэхналогій, сартоў, рашэнняў на развіццё арганізацыі. Давер з боку вытворчых кампаній – лепшы доказ бесперапыннай і станоўчай працы адказнага агранома.

У ходзе размовы Антон Тарасевіч адзначыў, што для лепшых поспехаў у працы сельскай гаспадаркі мала проста жадання, неабходна, каб супалі шматлікія фактары: спрыяльныя ўмовы надвор’я, старанні работнікаў, імкненне да бесперапынных станоўчых вынікаў у кіраўніцтве.

Дэвізам Антона Тарасевіча, напэўна, можа стаць выказванне: “Ён з тых людзей і працаўнікоў, у якога там, дзе раней рос адзін колас – сёння павінна расці два”.

Наша размова з галоўным аграномам ААТ “Граніт-Агра” адбылася ў вельмі радасны і хвалюючы для Антона час. Зусім нядаўна ён стаў шчаслівым татам двух дзетак сыночка і дачушкі.

– Антон, цікава, чым займаецеся ў вольны ад работы час?

– Не паверыце – спачатку збіраў самадзельны трактар, агрэгаты, з задавальненнем рамантую машыны, цяпер дапрацоўваю гідраўлічны дрывакол.

– Чым выкліканы такі інтарэс да тэхнікі?

– Перш чым адказаць на гэтае пытанне, неабходна сказаць, што бацькі мае родам са Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Часта адпраўлялі мяне адпачыць на лета да дзядулі і бабулі, якія жылі недалёка ад горада. Дзядуля мой – майстар на ўсе рукі. Каб хоць як-небудзь палегчыць для сваіх блізкіх штодзённую працу, ён майстраваў разнастайныя прылады і прыстасаванні для дома і гаспадаркі. Адметна тое, што да ўсяго ён дадумваўся сам. Пра такіх гавораць: “самавучка”. З самага дзяцінства ён браў мяне з сабою, а я з задавальненнем назіраў, як завіхаецца ён у працэсе работы, сачыў за кожным яго рухам. Я лічу, што любоў да разнастайных механізмаў, прыстасаванняў, прыладаў мне прерадалася ад дзядулі.

– З якім дэвізам вы крочыце па жыцці?

– Рабіць сваю справу адказна і якасна, каб не сорамна было за сам працэс і за вынікі.

Калегі Антона Тарасевіча дзеляцца сваімі назіраннямі за працай галоўнага агранома і характарызуюць яго як энергічнага і нястомнага чалавека з выдатнай працаздольнасцю, які ўвесь час павышае свой прафесійны ўзровень, а атрыманыя веды з поспехам выкарыстоўвае на практыцы. Ён на выдатна спраўляецца з арганізацыяй работы ў гаспадарцы. Для дасягнення высокіх ураджаяў у ААТ “Граніт-Агра” пад яго кіраўніцтвам вядзецца не толькі вытворчая, але і навукова-вытворчая работа, у ходзе якой глыбока вывучаецца эфектыўнасць гібрыдных пасеваў, апрацоўкі глебы, усе тонкасці апрацоўкі сельскагаспадарчых культур і ўнясення розных відаў угнаенняў, іх эфектыўнасць.

Жаданне якасна зрабіць тое, што стане карысным для людзей, для прафесіі, для справы, адкрытасць да ўсяго новага, аналіз і сістэмнасць уласных ведаў, цвёрдая ўпэўненасць у правільнасці прынятых рашэнняў сталі для  Антона Тарасевіча арыенцірам для развіцця прафесіяналізму і стылем уласнага жыцця.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Стоит почитать:

Калі рукі не ведаюць стомы

Жаночыя сакрэты паспяховай аграноміі

Вячаслаў Адамчык – герой мірнага часу

administrator

View Comments

  • Настоящие профессионалы нужны везде, отрадно, что они работают и в сельском хозяйстве.

Share
Published by
administrator

Recent Posts

Жыве Перамога ў пакаленнях. Тэатралізаваная канцэртная праграма на плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве (фотафакт)

Наталля АВЯРЧУК Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga #нашелучшее #нашалепшае

1 час ago

Дзятлаўшчына святкуе Дзень Перамогі

81-ю гадавіну Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне дзятлаўчане сустрэлі Маршам памяці і ўрачыстым…

3 часа ago

Як дружна пырснулі сады…

Як дружна пырснулі сады,Закалыхаліся пад ветрам.Ляціць над светам пах такі,Што аж звініць вакол паветра.І з…

10 часов ago

Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна!

Дарагія ветэраны вайны і працы! (далее…)

12 часов ago

Святлана Лагута: “Здаровы сэнс перамог”

7 мая Міжнародны алімпійскі камітэт зняў усе абмежаванні з беларускіх спартсменаў, такім чынам адкрыўшы ім…

1 день ago

Футбольныя мячы – да Дня Перамогі

Напярэдадні 9 Мая ў рамках мерапрыемстваў у падтрымку дзіцяча-юнацкага футбола ў Рэспубліцы Беларусь Дзятлаўшчыну наведаў…

1 день ago