Уладзіслаў Ракуць — малады спявак, якія нядаўна з’явіўся на раённай сцэне Дзятлаўшчыны. У наш край ён прыехаў з суседняга  Слонімскага раёна. Як тлумачыць сам Уладзіслаў, такім чынам пасля армейскай службы вырашыў пачаць новы этап свайго самастойнага жыцця.

Уладзіслаў нарадзіўся ў творчай сям’і, члены якой з песняй на “ты”. Дзядзька Уладзіслава — Пётр Ракуць — з’яўляецца салістам Гродзенскай абласной філармоніі. Спяваць так, як дзядзька, з’яўляецца марай Уладзіслава. Яго тата — таксама творчы чалавек. У сем гадоў ён самастойна асвоіў гітару, неаднаразова выступаў на розных святах.
Вакальным талентам валодаюць і мама Уладзіслава, а таксама яго сёстры — Ганна, Дыяна і Алёна.

Сам Уладзіслаў спявае з дзіцячых  гадоў. Ужо ў трэцім класе выйшаў на сцэну з песняй пра школу. Песня была перакладзена на матыў “Генералаў пясчаных кар’ераў”.

У школьныя гады пад кіраўніцтвам бацькі Уладзіслаў спрабаваў асвоіць і гітару, аднак чамусьці беспаспяхова. Атрымалася зрабіць гэта толькі праз некалькі гадоў. А да гэтага ён навучыўся іграць на фартэпіяна і акардэоне.

— Неаднаразова з бацькам мы спявалі ў творчым дуэце, — расказвае Уладзіслаў. — Ён акампаніраваў на гітары, я — на акардэоне. Гучалі песні з рэпертуара Міхаіла Шуфуцінскага, Аляксандра Разенбаума, многіх іншых вядомых шансанье.

Пра музыку Уладзіслаў не забыўся і ў гады армейскай службы, якую праходзіў у Віцебскай вобласці, быў у пяхоце. Хаця першапачаткова вучыўся на сапёра, навыкі гэтай справы адпрацоўваў у Слоніме.

Пасля пераезду на Дзятлаўшчыну Уладзіслаў уладкаваўся працаваць у Вензавецкае лясніцтва. Сваю “творчую жылку” рэалізуе, прымаючы ўдзел  у раённых канцэртных праграмах.  Атрымаў запрашэннне прыняць удзел у мерапрыемствах, якія пройдуць у рамках фестывалю “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў” у Гродне.
Перавагу Уладзіслаў аддае лірыцы, сур’ёзным песням, якія кранаюць душу.

— Уладзіслаў, вы спяваеце пра каханне. А што гэта ў вашым разуменні?

Адказ здзіўляе:

— На дадзены момант у каханне я не веру.

— А што больш за ўсё цэніце ў дзяўчатах?

— Я не люблю, калі дзяўчаты ўжываюць алкаголь і кураць. Падабаецца, калі дзяўчына мае спакойны, “адэкватны” характар. А яшчэ яна абавязкова павінна ўмець кулінарыць, паколькі я ўмею гэта рабіць.

— Уладзіслаў, як вы любіце адпачываць?

— Разам з сябрамі. Калі збіраемся, абавязкова гучыць гітара. Увогуле, калі мне сумна або цяжка на душы, я бяру ў рукі гэты музычны інструмент, штосьці граю і спяваю. Сум адступае.

— Гітара — гэта яшчэ і неад’емны атрыбут цыганскай песеннай культуры. Ці падабаецца яна вам?

— Вельмі. Неяк у Слоніме мне пашчасціла наведаць канцэрт групы “Алюр”. Быў вельмі ўражаны іх выкананнем, музыка запала мне ў душу.

— А які ваш жыццёвы дэвіз?

— Не шкадуй пра свае памылкі, паколькі не зрабіўшы іх, ты не зразумееш, як жыць далей.

А. ДУБРОЎСКАЯ

About Author
administrator
View All Articles

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации