У Дзятлаве пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі прайшло пасяджэнне назіральнай камісіі пры раённым выканаўчым камітэце ва ўзаемадзеянні з аддзелам унутраных спраў і ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Мэта мерапрыемства – дапамога ў працаўладкаванні раней судзімым асобам, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі і не працуюць.

На сустрэчу прыйшлі дзевяць чалавек, з імі пагутарылі, усім прапанавалі работу, выслухалі тлумачэнні, чаму яны не працуюць. Як заўжды, пытанняў у такіх выпадках было больш, чым адказаў. А адказы калі і гучалі, то невыразныя і адчэпныя.

– Калі вы імкняцеся ехаць на заробкі ў суседнюю краіну, вы думаеце, што там заробіце залатыя горы? – заўважыў Вадзім Бялятка. – Тут, у раёне, дастаткова вакантных месцаў. Што вам перашкаджае наладзіць нармальны лад жыцця, спакойна жыць і працаваць? З многімі з вас мы ўжо не першы раз сустракаемся, гутарым, і я не бачу ніякага жадання нешта мяняць. Гэта сведчыць пра тое, што вы поўнасцю ігнаруеце патрабаванні заканадаўства, не ўдзельнічаеце ў эканоміцы, хаця карыстаецеся выгодамі, якія прадастаўляе дзяржава.

Вадзім Аляксандравіч дадаў, што сёння ў раёне работы хапае, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне акажа садзейнічанне ў выпадку неабходнасці. Важна, каб было жаданне саміх беспрацоўных, а яго, відаць, зусім няма. Нагадаў, што трэба браць сябе ў рукі, бо многія, калі цвярозыя, могуць нармальна жыць і працаваць, а калі будуць злоўжываць алкаголем – пойдуць у лячэбна-працоўны прафілакторый. Ва ўсіх ёсць шанц пачаць нармальнае жыццё.




Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga