Больш за 40 гадоў у сферы культуры раёна прарабіў загадчык сектара культуры Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Васіль Шыцько. Сёння калегі праводзілі яго на заслужаны адпачынак. Шмат добрых слоў, кветак, падарункаў, жартаў, вясёлы настрой – менавіта такая атмасфера панавала ў зале. І, як заўсёды, сціпласць, добразычлівасць, лагодная ўсмешка, якая зыходзіла ад самога віноўніка мерапрыемства.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі ў сваім віншаванні адзначыў:

– Вы дастойна прайшлі гэты нялёгкі шлях, шмат зрабілі ў духоўным і культурным плане, стварылі і захавалі цудоўны калектыў, які прадаўжае ўсе традыцыі і ўносіць шмат новага ў творчае жыццё раёна –  ад моладзі да ветэранаў.

Ад раённага выканаўчага камітэта ён уручыў Васілю Васільевічу Дыплом і медаль “За заслугі перад Дзятлаўшчынай”.

Да віншаванняў далучыўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, асаблівую ўвагу звярнуўшы на таленавітасць, дабрыню, прафесіяналізм, якія Васіль Шыцько ўмела спалучае ў рабоце, падзякаваў за супрацоўніцтва.

Намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка таксама павіншаваў юбіляра і пажадаў яму моцнага здароўя, дабрабыту, мірнага неба і яшчэ доўгай сумеснай працы.

Словы ўдзячнасці Васілю Васільевічу за работу, давер і дапамогу, агульны дыялог  і сумесныя рашэнні выказала старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Марына Бортка і ад імя Гродзенскай абласной арганізацыі ўручыла Ганаровую грамату за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, вялікі ўклад у развіццё сацыяльнага партнёрства і садзейнічанне ў рэалізацыі праграм і яе дзейнасці.

Моцнага здароўя, святочнага настрою, быць заўсёды ў страі ад імя ўсёй культуры Дзятлаўшчыны пажадала дырэктар  раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці  Наталля Маліноўская, адзначыўшы яго цудоўныя чалавечыя якасці, талент, творчасць, актыўнае граматнае кіраўніцтва. Разам з кветкамі  і падарункамі не абышлося і без добрай песні, якую падарыў калектыў народнага тэатра-студыі гульні “Суседзі”.

Васіль Шыцько падзякаваў усім за добрыя словы і пажаданні і паабяцаў заўсёды дапамагаць парадай і дзяліцца сваім шматгадовым вопытам.

Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации