Для пашырэння безбар’ернага асяроддзя Дзятлаўская раённая арганізацыя ГА “БелТІЗ” прадаўжае знаёміць школьнікаў з жыццём невідушчых людзей. Летась некалькі падобных сустрэч з навучэнцамі прайшлі ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава. На гэты раз метадыст Цэнтра Ірына Мішчанка запрасіла ўдзельнікаў аб’яднання ў сярэднюю школу №1, дзе яны сустрэліся з навучэнцамі 3 “А” класа.

Старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” Святлана Крэйдзіч і ўдзельнік аб’яднання Віталь Крэйдзіч для большай нагляднасці прынеслі з сабой вучэбны атлас для невідушчых, тактыльныя малюнкі, кнігі, напісаныя шрыфтам Брайля, спецыяльныя сшыткі, грыфель, прыбор (металічную рамку для пісьма).

Віталь расказаў дзецям, што шрыфт Брайля (азбука Брайля) – гэта рэльефна-кропкавы тактыльны шрыфт для сляпых і слаба відушчых людзей. Для напісання літар у ім выкарыстоўваюцца шэсць кропак. Пры пісьме кропкі наколваюцца з дапамогай спецыяльнай рамкі і грыфеля, чытаць іх можна па выпуклым баку, таму “пісаць” тэкст даводзіцца са зваротнага боку ліста справа налева. Затым старонка перагортваецца, і тэкст чытаецца злева направа. Для нагляднасці Віталь напісаў сваё імя, даў навучэнцам пагартаць і пачытаў кнігу, напісаную азбукай Брайля.

Вялікую цікавасць у трэцякласнікаў выклікалі тактыльныя малюнкі, выціснутыя на пластыку, і вялікі школьны атлас для невідушчых. Кожны з дзяцей пастараўся, закрыўшы вочы, памацаць яго старонкі. Святлана Крэйдзіч патлумачыла, што надрукаваць падручнікі і дапаможнікі для сляпых – справа няпростая. Яны займаюць намнога больш старонак, чым звычайныя кнігі, сам працэс іх выдання больш працаёмкі. Таму ў спецыялізаваных школах для невідушчых дзяцей адным падручнікам найчасцей карыстаюцца некалькі вучняў. Ёсць праблемы і з тэрмінам службы такой літаратуры: папяровыя кнігі хутка заціраюцца, у пластыкавых – ламаюцца старонкі.

Аднак тэхнічны прагрэс сёння выдатна дапамагае людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Напрыклад, на змену кнігам, надрукаваным азбукай Брайля, прыходзяць аўдыёкнігі ў фармаце MP3. Ды і беламу кійку  знайшлася замена – спецыяльны навігатар на смартфоне. Хаця, як зазначае Віталь, навігатар не падкажа, што на тратуары з’явілася выбоіна ці, што трэба абысці прыпаркаваную машыну, таму кіёк лепш браць з сабой.

Напрыканцы сустрэчы навучэнцы задалі Віталю Крэйдзічу пытанні. У прыватнасці, цікавіліся яго захапленнямі і ўспрыманнем навакольнага свету. Госць расказаў, што захапляецца ігрой на скрыпцы, спявае, займаецца спортам і някепска гуляе ў тэніс для невідушчых, але цяпер большую частку вольнага часу траціць на сям’ю. Што тычыцца ўспрымання навакольнага свету, то арыентавацца ў ім вельмі дапамагаюць гукі. Яны адбіваюцца ад розных прадметаў па-рознаму. Невідушчыя людзі па гуку ўмеюць вызначаць, што знаходзіцца паблізу: дрэвы ці кусты, дамы ці аўтамабільная стаянка, а ў памяшканні – высокая ці нізкая мэбля, вялікія ці малыя рэчы. Праўда, шум і мнагалюднасць перашкаджаюць адчуваць ясна, а зарыентавацца ў шумным мегаполісе ці поўным людзей і рэчаў памяшканні дапамагае кіёк.

Выдатным сябрам і памочнікам для сляпога з’яўляецца сабака-павадыр, пра якога таксама пыталіся вучні. Рыхтуюць такіх жывёлін у спецыяльных кіналагічных цэнтрах даволі працяглы час. Сабаку абавязкова правяраюць на сумяшчальнасць з патэнцыяльным гаспадаром. Каштуе такі памочнік вельмі дорага, таму не кожны невідушчы чалавек можа сабе яго дазволіць.

Ірына КАЎКЕЛЬ

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации