У рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, прымеркаванага да 75-годдзя Гродзенскай вобласці і Года малой радзімы, сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці праводзіць культурна-пазнавальную экспедыцыю пад назвай “Па сакрэты даўгалецця”.

Наш шлях  — у вёску Белякі. Тут жыве Іван Карпавіч Сарачынскі. Размяняў ён дзясяты дзясятак гадоў, але такі ж рухавы, гаваркі, гаспадарлівы, як і 20-30 гадоў таму. Ні ў якім разе не “адпавядае” ён сваім 91!

Як удаецца яму быць рухавым? Верагодна, тут дапамагае скандынаўская і проста хадзьба. Іван Карпавіч штодзень стараецца прайсці 4 кіламетры. Такую параду знайшоў у газеце “Народны доктар” і прытрымліваецца ўжо 3 гады. Гэтым ён заняты зранку. Потым сняданак. Вельмі любіць доўгажыхар бліны. Навучыўся пячы сам і, кажа, нават сваіх дзяўчат-дачок навучыў пячы бліны смачныя. Потым – розныя клопаты. Вясной і ўлетку трэба і агарод  дагледзець, і вакол хаты абкошваць. Цяпер, зразумела, клапатаў мала. Больш часу на тэлевізар, паход да аўталаўкі, навіны па транзістару і ў газеце, тэлефанаванні. Умее дбайны гаспадар і абед прыгатаваць, і ў хаце – чысціня, парадак. Можа і стараецца рабіць усё сам.

Іван Карпавіч ужо 13 гадоў, як удавец. Жыве адзін, але да дачок, а іх тры, з’язджаць не хоча.

Як прыйшоў з арміі ў 1954-ым, так і жыве ў Беляках. Тут жаніўся на мясцовай дзяўчыне Надзеі, тут нарадзіліся і выраслі тры яго дачкі. Цяпер мае 5 унукаў  і 7 праўнукаў.

Усё працоўнае жыццё звязана з калгасам “Новае жыццё”. Быў трактарыстам, 13 сезонаў – на камбайне. Пра тое, што працаваў старанна, сведчаць шматлікія ўзнагароды, сярод якіх ордэн “Знак пашаны”. А вось сам ветэран працы сваёй самай значнай узнагародай лічыць знак “Выдатнік сацыялістычнай сельскай гаспадаркі Беларускай ССР”. Гэта — прызнанне яго заслуг, як умелага сейбіта. Толькі адзін раз давялося яму папрацаваць на сяўбе зерневых, а надалей давяралі пасадку бульбы, сяўбу буракоў, кукурузы менавіта Сарачынскаму. Ведалі, што зробіць, як трэба.

Быць працавітымі, не гультайнічаць доўгажыхар з Белякоў раіць і маладому пакаленню.

Іна ЯЎСЕЙЧЫК

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Водные игры небезопасны
Прыём грамадзян

Прыём грамадзян

10 июля, 2026
Дэпутацкія клопаты. Андрэй Жамойда правёў прыём грамадзян у Дзятлаве

Похожие публикации