18 верасня выйшла ў пракат навінка ад кінастудыі “Беларусьфільм” – кінастужка “Класная”.


Рэжысёр Кірыл Халецкі паказаў гісторыю, якая магла б адбыцца з любым выпускніком-педагогам: маладая настаўніца адправілася па размеркаванні ў аграгарадок Міжрэчча, дзе стала класным кіраўніком у адзінаццацікласнікаў і сутыкнулася з нечаканымі для сябе цяжкасцямі. Ёй трэба будзе праз сумненні, прафесійную нявопытнасць, пераадольваючы скепсіс і насмешкі, стаць, ва ўсіх сэнсах гэтага слова, сапраўднай Класнай. Галоўную ролю выпускніцы педагагічнай ВНУ сыграла актрыса Ірына Мароз.



Стваральнікі карціны паставілі задачу ўзняць прэстыж прафесіі настаўніка, паказаць яе сацыяльную значнасць, а таксама расказаць пра складанасці, з якімі сутыкаюцца педагогі. Рэжысёр фільма дае зразумець, што нават у няпростым становішчы можна знайсці нешта светлае, а цяжкасці заўсёды пераадольныя.





У кінатэатр “Спадарожнік” у Дзятлаве ў дзень прэм’еры прыйшлі педагогі і школьнікі. Ці спадабалася ім кіно, даведаліся пасля прагляду.
Кірыл Курачкін, навучэнец сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча:

– Не думаў, што фільм акажацца настолькі цікавым. Паглядзеў збоку, як могуць сябе паводзіць школьнікі ў адносінах да настаўніка. Цяпер яшчэ больш стаў паважаць прафесію педагога і зразумеў, наколькі яна няпростая і адказная.
Вераніка Няволіна, настаўніца англійскай мовы Круцілавіцкай базавай школы:

– Глядзела фільм на адным дыханні, вельмі перажывала за галоўную гераіню, бо я сама, як і яна, малады спецыяліст, таксама прыехала сёлета працаваць у невялікую школу. Шмат карыснага пра тое, як неабходна наладжваць узаемаадносіны паміж вучнямі і настаўнікам, узяла сабе на заметку. Раю ўсім пачынаючым педагогам паглядзець гэту гісторыя пра школу, сяброўства і простыя, а часам і зусім няпростыя, чалавечыя ўзаемаадносіны.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
нашелучшее #нашалепшае