На некалькі пытанняў пра падрастаючае пакаленне, творчасць і матывацыю газеце “Перамога” адказаў самы творчы блогер Дзятлаўшчыны, выкладчык раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Роберт Асіпук.
– Роберт Дзмітрыевіч, якая яна, сучасная моладзь?
– Маладыя людзі, якія прыходзяць да мяне на пазакласныя заняткі, вельмі самастойныя, не па гадах разважлівыя, дарослыя. У 11-12-гадовым узросце яны могуць выдаваць такія ідэі, якія мне прыходзілі ў галаву гадоў у 15. Але з імі бывае складана, і часткова прычына таму – інтэрнэт, вялікі паток інфармацыі, сацыяльныя сеткі, з-за якіх жыццё і ўспрыняцце свету значна паскорыліся нават там, дзе гэта не вельмі патрэбна. У дзяцей і падлеткаў, якія глядзяць ролікі пра паспяховых і таленавітых людзей, часта памылкова складваецца ўяўленне, што, калі яны нечым займаюцца, гэта адразу павінна атрымлівацца на выдатна. У адваротным выпадку інтарэс патухае. І гэта самая вялікая праблема, з якой я сутыкаюся і спрабую змагацца. Тлумачу сваім вучням, што, каб навучыцца добра маляваць, напрыклад, у жанры партрэта, трэба намаляваць 100+ партрэтаў, быць настойлівым, а не казаць пасля першых спробаў “гэта не маё”. З другога боку, дзякуючы таму ж інтэрнэту моладзь мае шмат магчымасцяў развівацца і чэрпаць інфармацыю ў выбраным русле.

– Ці ёсць у свеце моладзевых захапленняў месца выяўленчаму мастацтву?
– Дзеці любяць маляванне, многія “гараць” ім, гэта бачна на нашых занятках. Нават пасля заканчэння гуртка, у выхадныя дні я атрымліваю ад іх званкі і паведамленні, яны дзеляцца сваімі ідэямі, дасягненнямі, новымі работамі, пытаюць парады. Калі ў дзіцяці ёсць асобасны інтарэс, яно будзе думаць пра сваю справу пастаянна, а не толькі ў час заняткаў, самастойна развівацца, шукаць патрэбны кантэнт па тэме. Тады будзе нешта атрымаецца, а значыць – адкрыюцца перспектывы.
– У перадачы “Добрай раніцы, Беларусь!” вы казалі, што навучыцца маляванню можа кожны.
– У гэтым сцвярджэнні ўпэўніваюся пастаянна ўсё больш. Так, ёсць людзі ад прыроды творчыя, якія літаральна “нарадзіліся” з пэндзлем у руках: яны з дзяцінства добра бачаць формы, адчуваюць колеравыя спалучэнні, ім лягчэй дасягнуць вынікаў. Але нават у гэтай сферы шмат вырашае дысцыпліна і работа над сабой. Выяўленчае мастацтва – спалучэнне творчага складніка з механічным. Каб навучыцца маляваць, нават выкладчык не ўсім патрэбен, дастаткова займацца гэтым пастаянна, пажадана кожны дзень, “набіваць” руку, выпрацоўваць густ, ставіць для сябе мэты, якія рана ці позна здолееш дасягнуць.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#молодежь #блогер #Дятловщина