Дзень настаўніка – свята, якое датычыцца не толькі тых, хто знайшоў сваё прызванне ў педагогіцы, а ўсіх людзей, якія вучыліся і вучацца ў школе, могуць расказаць пра любімых настаўнікаў, якія пакідаюць у душы след, што не сціраецца гадамі.

“Прафесія педагога – самая лепшая, бо менавіта мы раскрываем сэрцы нашых дзяцей,” – адзначае Марыя Шавель, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча. Ужо 22 гады Марыя Мікалаеўна працуе ў школе, з поўнай аддачай і захапленнем, не шкадуючы сіл і ўласнага часу, і спыняцца не збіраецца. Нездарма сёлета яе імя было занесена на раённую Дошку гонару. З чаго ўсё пачыналася?

– На мой выбар паўплывала прафесія бацькоў, бо яны былі педагогамі, працавалі майстрамі вытворчага навучання ў Казлоўшчынскім ПТВ-191. У дзяцінстве я часта была ў іх на рабоце, мне гэта вельмі падабалася. Пасля школы я скончыла педагагічны каледж у Гродне, пачала працаваць педагогам-арганізатарам у Казлоўшчынскай сярэдняй школе, затым вучылася на гістарычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Першым маім настаўнікам была Тамара Аляксандраўна Буяк, менавіта яе стыль кіраўніцтва, педагагічную дзейнасць я ўзяла прыкладам для сябе.

Нядоўгі час была педагогам-арганізатарам у гімназіі № 1, а з 2013 года стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў трэцяй школе. На гэтай пасадзе было складана пачынаць, страшна, што не спраўлюся, доўга разважала, ці атрымаецца ў мяне, ці змагу навучыць нечаму новаму свой калектыў, даць пэўныя ўменні і навыкі дзецям. Але пра свой выбар не шкадую. І сёння я ўдзячная нашаму дырэктару Івану Збышкавічу, што прапанаваў мне гэту работу, падтрымалі мяне і калегі. Люблю гэту школу і ўдзячная лёсу, што прывёў мяне сюды. Усім гавару, што маё сэрца – гэта мая сям’я, мая душа – гэта трэцяя школа.

– Акрамя выхаваўчай работы, яшчэ нечым займаецеся?

Цяперя выкладаю мастацтва, але не пакідаю і гісторыю, вельмі люблю гэту дысцыпліну, з вучнямі актыўна займаемся даследчай дзейнасцю. На працягу двух гадоў яны з’яўляюцца пераможцамі рэспубліканскага конкурсу, навукова-даследчых канферэнцый, актыўна ўдзельнічаем у секцыі “Чалавек і сучаснае грамадства”, сёлета таксама рыхтуем даследчую работу, спадзяёмся на добры вынік.

 Калі-небудзь хацелася памяняць прафесію?

– Абавязкі намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце складаныя, прыходзіцца шмат рабіць нават на выхадных і вечарамі. Бывалі перыяды, калі здавалася, што не спраўлюся, трэба мяняць сферу дзейнасці. Але супакойвалася і разумела, што нічога іншага, як выхоўваць дзяцей, даваць ім свае веды і вопыт, я рабіць не ўмею. Таму спадзяюся, што з гэтай прафесіяй не развітаюся.

– Што або хто натхняе вас у працы?

– У сваім станаўленні я ў многім абавязана цудоўным педагогам, якіх сустрэла на сваім шляху. Гэта Раіса Аляксандраўна Ганчарэвіч, Алена Пятроўна Акімава, Алена Мікалаеўна Гарановіч, Марына Яўгеньеўна Лашкоўская, Рыта Аляксандраўна Місцюкевіч, Алена Мікалаеўна Грэсь, якія сваім прыкладам сапраўдных кіраўнікоў дапамагаюць, прапаноўваюць новыя цікавыя ідэі. Вядома, маім натхненнем з’яўляюцца і нашы вучні, іх усмешкі і зарад энергіі. Хочацца раскрыць усе таленты, паказаць, што яны самыя лепшыя, актыўныя, ініцыятыўныя. Таму менавіта гэтыя складальнікі дапамагаюць рухацца наперад.

– Які ён – сучасны вучань?

– Мабільны, інфармацыйна развіты, актыўны, творчы. Нашы дзеці прывыклі да новых інфармацыйных тэхналогій, нават настаўнікам у іх часам ёсць чаму павучыцца.

– А які сучасны настаўнік?

– Каб ісці ў нагу з часам, неабходна быць актыўным, адстойваць сваю і грамадзянскую пазіцыю, карыстацца ўсімі сучаснымі інфармацыйнымі метадамі, каб прывабіць дзяцей і яны ішлі за педагогам.

– Як думаеце, чым можна заматываваць выпускнікоў, каб яны станавіліся настаўнікамі?

– Вось, напрыклад, у нашай школе ёсць вельмі добры вопыт – ужо не першы год працуе педагагічная група, навучэнцы якой з’яўляюцца пераможцамі шматлікіх абласных і рэспубліканскіх конкурсаў (адзін з якіх – “Педадагіяда”). І нашы дзеці выбіраюць педагагічную прафесію. А ўвогуле, каб прывабіць дзяцей станавіцца настаўнікамі, неабходна паказваць ім станоўчы прыклад: прыходзіць з усмешкай на работу. Калі вучні бачаць, што ты пазітыўна да іх адносішся, яны аддзячваюць табе тым жа.

– Ці ёсць у вас запаветная мара?

– Шмат да чаго можна імкнуцца, жадаць нечага матэрыяльнага, але, па-мойму, галоўнае – быць шчаслівым чалавекам, каб усе нягоды праходзілі міма цябе і тваіх блізкіх.

– Як адпачываеце ад работы?

– Шчыра кажучы, на адпачынак часу не хапае. Аднойчы мой сын спытаў, якое ў мяне хобі. Я адказала: “Быць на рабоце”. Але летам і восенню мой любімы адпачынак у лесе за зборам грыбоў.

– Што пажадаеце калегам да Дня настаўніка?

– Зычу ўсім маім дарагім калегам Божай дапамогі, усмешак, мяккасці ў сэрцы, дабрадушнасці, ініцыятывы, творчасці, любові, удачы, пабольш станоўчых эмоцый.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации