У фондах нашага музея знаходзяцца тры іконы Мікалая Угодніка, датаваныя 19 стагоддзем.

Іконы трапілі ў музей у розныя часы, зроблены з дрэва, на якое нанесены воблік святога. Адна ікона аздоблена металічным кіётам.

Мікалай Угоднік заўсёды лічыўся апекуном Беларусі, таму іконы з яго выявай часта захоўваліся ў нашых сем’ях. Пра значэнне святога для беларусаў пісаў Уладзімір Караткевіч.

Мікалай Цудатворца; Мікалай Угоднік; Мікалай Мірлікійскі; Свяціцель Мікалай у хрысціянстве шануецца як цудатворац, на Усходзе з’яўляецца заступнікам вандроўнікаў, асуджаных і сірот, на Захадзе – заступнікам практычна ўсіх слаёў грамадства, але ў асноўным дзяцей.

Намаляваны з мітрай на галаве, сімвалам яго біскупства, Святы Мікалай даў пачатак персанажу Санта-Клаўсу. На падставе яго жыцця, у якім распавядаецца пра дараванне свяціцелем Мікалаем пасагу тром дочкам збяднелага чалавека, пачаліся калядныя падарункі.

Згодна з жыццеапісаннем, свяціцель Мікалай нарадзіўся ў III стагоддзі ў грэчаскай калоніі Патара ў рымскай правінцыі Лікія ў часы, калі рэгіён быў эліністычным па сваёй культуры. Мікалай быў вельмі рэлігійным з ранняга дзяцінства і цалкам прысвяціў сваё жыццё хрысціянству. Лічыцца, што ён быў народжаны ў сям’і заможных бацькоў-хрысціян і атрымаў добрую пачатковую адукацыю. З дзіцячых гадоў Мікалай займаўся вывучэннем Святога Пісання; днём ён не выходзіў з храма, а ўначы маліўся і чытаў кнігі.

Калі яго бацькі памерлі, свяціцель Мікалай аддаў маёмасць, якая дасталася яму ў спадчыну, людзям, што жылі ў нястачы.

Пачатак святога служэння Свяціцеля Мікалая адносяць да кіравання рымскіх імператараў Дыяклетыяна (гады праўлення 284-305) і Максіміяна (гады праўлення 286-305).

Свяціцель Мікалай вядомы як абаронца абгавораных, часта ён ратуе іх ад лёсу нявінна асуджаных, моліцца за маракоў і іншых падарожнікаў.

Свяціцель Мікалай з’яўляецца апекуном мараплаўцаў, да яго часта звяртаюцца маракі, якім пагражае патапленне або караблекрушэнне. У адпаведнасці з жыццяпісам, калі быў маладым чалавекам, Мікалай адправіўся вучыцца ў Александрыю, і ў адным са сваіх марскіх падарожжаў з Міры ў Александрыю ён уваскрасіў марака, што сарваўся ў шторм з карабельнай аснасткі і разбіўся да смерці.

У жыцці Свяціцеля Мікалая апісваецца гісторыя пра тое, як святы Мікалай дапамог тром дзяўчатам, бацька якіх, не маючы магчымасці сабраць пасаг, планаваў здабываць прыбытак з іх прыгажосці. Даведаўшыся пра гэта, Мікалай вырашыў дапамагчы дзяўчатам. Будучы сціплым (ці жадаючы пазбавіць іх ад прыніжэння прыняцця дапамогі ад старонняга), ён кінуў мяшок з золатам у іх дом, а сам вярнуўся дадому. Узрадаваны бацька дзяўчыны выдаў сваю дачку замуж і выкарыстаў гэтыя грошы для яе пасагу. Праз некаторы час святы Мікалай падкінуў мех з золатам для другой дачкі, што дазволіла другой дзяўчыне выйсці замуж з добрым пасагам. Пасля гэтага бацька дачок вырашыў даведацца, хто яго дабрадзей і таму дзяжурыў ўсе ночы, каб яго дачакацца. Яго чаканне апраўдалася: святы Мікалай яшчэ раз кінуў мяшок з золатам у акно і паспяшаўся пакінуць памяшканне. Пачуўшы звон золата, бацька дзяўчат пабег услед за дабрадзеем і, пазнаўшы святога Мікалая, кінуўся яму ў ногі, кажучы, што ён выратаваў іх ад смерці. Святы Мікалай, не жадаючы, каб яго дабрадзейства стала вядомым, узяў з яго клятву, што ён нікому пра гэта не раскажа.

Адразу пасля смерці цела Свяціцеля стала міраструменіць і зрабілася аб’ектам паломніцтва. Над магілай ў VI стагоддзі пабудавалі базіліку, а ў пачатку IX стагоддзя – дагэтуль існуючую царкву Святога Мікалая. У ёй мошчы захоўваліся да 1087 года, – да выкрадання іх італьянцамі з горада Бары.

На Русі ў XI стагоддзі шанаванне Свяціцеля распаўсюдзілася хутка і паўсюдна. Рускай праваслаўнай царквой святкаванне памяці перанясення мошчаў свяціцеля Мікалая з Мір Лікійскіх у Бары 9 мая ўстаноўлена неўзабаве пасля 1087 года на аснове глыбокага, ужо ўмацаванага шанавання рускім народам вялікага праведніка Боскага. Свята шырока адзначаюць у Рускай і Балгарскай цэрквах. У Сербіі адзначаецца царкоўнае свята Хросная Слава, а Слава Святога Мікалая Цудатворца з’яўляецца самай распаўсюджанай.

Цяпер каля 65 % мошчаў Свяціцеля Мікалая знаходзяцца ў каталіцкай базыліцы Святога Мікалая ў Бары, пад пасадам алтара крыпты. Прыкладна пятая частка мошчаў Свяціцеля знаходзіцца ў каталіцкім касцёле святога Мікалая на востраве Лідо ў Венецыі.

Алена АБРАМЧЫК,
навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

Похожие публикации