Па маленькіх вёсачках і аграгарадках Дзятлаўшчыны прадаўжае сваё падарожжа праект сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці “Глыбінкай жыве Беларусь”.

Ён знаёміць дзятлаўчан з доўгажыхарамі, самабытнымі майстрамі, старастамі населеных пунктаў, раскрывае іх асабістыя сакрэты даўгалецця, творчыя дасягненні, гісторыю розных куточкаў нашай малой радзімы.

На гэты раз работнікі культуры Ірына Бакшук, Святлана Венская, Іван Кашко разам з сакратаром раённага савета ветэранаў Ядвігай Гушча накіраваліся ў вёску Труханавічы. Для паездкі туды выдалася адметная нагода: свой 90-ы дзень нараджэння святкавала мясцовая жыхарка, мудрая, працавітая жанчына Зінаіда Крывеня.

Родныя бабулі паклапаціліся аб тым, каб атмасфера важкага юбілею была асабліва ўрачыстай, арыгінальнай, запамінальнай, таму Зінаіда Данілаўна сустракала сваіх гасцей у прыгожай фотазоне, аздобленай паветранымі шарамі.

Наведвальнікі таксама падрыхтавалі для юбіляркі самыя шчырыя і цёплыя словы віншаванняў, памятныя падарункі і жывую музычную паштоўку ў суправаджэнні баяна. Яны жадалі імянінніцы бадзёрасці духу, здаровага даўгалецця, клопату родных людзей, сямейнага дабрабыту, сонечных і радасных дзён.

Вясёлыя мілагучныя песні нагадалі Зінаідзе Данілаўне пра гады яе маладосці і самыя шчаслівыя моманты жыцця, падзялілася яна з гасцямі і сакрэтамі асабістага даўгалецця.

Біяграфія нашай шаноўнай зямлячкі пачалася ў далёкім студзені 1934 года. Нарадзілася яна ў вёсцы Хвінявічы ў сям’і простых сялян, дзе гадавалася чацвёра дзяцей. Гаспадарка ў бацькоў была вялікая, таму і працаваць усім членам сям’і даводзілася шмат. З юных гадоў Зіна навучылася ўсім сялянскім справам, а калі з’явіліся калгасы – пайшла ў паляводы. На той час работа на палетках яшчэ не была механізавана, а таму шчыраваць у полі даводзілася ад узыходу сонца да позняга вечара. Уручную калгаснікі касілі, сушылі і зграбалі сена, сеялі зерневыя культуры, палолі і ўбіралі іх. Зінаіда Крывеня была стараннай працаўніцай, а таму яе прызначалі і звеннявой.

У вольны час, а прыпадаў ён пераважна на зіму, Зінаіда Данілаўна займалася рукадзеллем: вязала, вышывала, вельмі любіла ткаць. Яе “радзюжкі” і палавікі ўдаваліся яркімі, адметнымі, з самабытнымі ўзорамі. Найчасцей майстрыха аддавала перавагу кветкам яркіх жыццесцвярджальных колераў, “поле” паміж імі аздоблівала сакавітай зелянінай. Вясковая хата, упрыгожаная такімі тканымі шэдэўрамі, адразу ж напаўнялася святлом, утульнасцю, цёплай энергетыкай. Некаторыя з работ Зінаіды Данілаўны захаваліся і да нашага часу, хаця ў цяперашнім сельскім побыце “народная мода” мінулага стагоддзя, на жаль, значна менш запатрабавана.

Прыгожую працавітую дзяўчыну запрыкмеціў юнак з вёскі Труханавічы Іван Крывеня. Так пасля замужжа наша зямлячка памяняла месца жыхарства. Муж Іван Ігнацьевіч таксама быў працавітым чалавекам, меў вельмі “прэстыжную” для таго часу прафесію – быў краўцом. Акрамя швейнага, асвоіў і яшчэ адно важнае ў вёсцы рамяство – займаўся вырабам “кольцаў” для калодзежаў. У маладой пары нарадзілася дачка Галіна.

Гады праляцелі непрыкметна, хаця, як прызнаецца Зінаіда Данілаўна, душа і ў важкія 90 застаецца маладой. Жыве наша зямлячка сярод родных людзей, па-ранейшаму стараецца дапамагаць дачцэ Галіне ў няхітрых хатніх справах, радуецца любімым унукам Максіму і Паўлу.

Сакрэтамі свайго даўгалецця Зінаіда Крывеня лічыць генетыку, здаровае харчаванне, бо заўсёды на стале былі традыцыйныя стравы беларускай кухні, прыгатаваныя з дамашніх прадуктаў, а таксама працу, без якой няма і дабрабыту.

Юбілярка, нягледзячы на многія жыццёвыя выпрабаванні, вызначае сябе шчаслівым чалавекам і вельмі ўдзячна Прэзідэнту Беларусі за тое, што жыве ў мірнай краіне, дзе ёсць усё, што душы заўгодна. Па вечарах Зінаіда Данілаўна з задавальненнем глядзіць па тэлевізары забаўляльныя і песенныя праграмы, любіць і сама паспяваць.

Маладому пакаленню доўгажыхарка жадае мірнага неба над галавой, здароўя, жыць у пары, цаніць і паважаць адзін аднаго.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены арганізатарамі праекта

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Дзятлаўшчына святкуе Дзень Перамогі
Як дружна пырснулі сады…
Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна!
Предыдущая новость

Следующая новость

Похожие публикации