У рамках сацыяльна-культурнага праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці наведаў жыхарку вёскі Падвялікае Юлію Белуш, якая нядаўна адзначыла 85-годдзе.

Імянінніцы пажадалі здаровага даўгалецця, бадзёрасці, прыемных момантаў кожны дзень і парадавалі любымі песнямі.

Юлія Васільеўна нарадзілася ў вёсцы Маскалі Мастоўскага раёна ў сялянскай сям’і. Жылі яны ў дастатку. Бацькі былі спакойнымі, працавітымі людзьмі, таму і дачок – Юлю і Зінаіду – выхавалі такімі ж.

Дзяўчына скончыла 7 класаў, а ўжо ў 15 гадоў пайшла працаваць на ферму цялятніцай. У вольны час вязала, вышывала, у яе праявіўся і талент да шыцця: стала ствараць сабе модныя рэчы, а затым сястры і сяброўкам. Успамінае, што ў маладосці вельмі любіла спяваць, нават прымала ўдзел у мастацкай самадзейнасці.
Замуж выйшла за прыезджага хлопца Тадэвуша Белуша. У той час ён працаваў у леспрамгасе і разам з сябрамі быў кватараваны ў сям’ю Юліі. Так і пазнаёміліся, згулялі вяселле. Затым маладая пара пераехала ў вёску Падвялікае, пабудавалі свой дом. У сям’і нарадзіліся сын і дачка.

Юлія Васільеўна пайшла працаваць загадчыцай на жывёлагадоўчы комплекс. Скончыла завочна Ваўкавыскі зоаветэрынарны тэхнікум. Агульны працоўны стаж яе склаў 42 гады.
Гадаваць і выхоўваць дзяцей дапамагала свякроў Вікторыя Іванаўна.
– Я вельмі ўдзячная сваёй свекрыві за тую неацэнную дапамогу і падтрымку, якую яна мне аказвала па жыцці. І калі свякроў захварэла, я даглядала яе сем гадоў, – з цеплынёй успамінае Юлія Васільеўна.
Жанчына ўжо даўно на пенсіі, займаецца хатнімі справамі. У гаспадарцы – куры і кот Жулік, якога падарыў зяць. Дарэчы, кот вельмі ласкавы і добры, як яго гаспадыня.

Юлія Васільеўна ўмее цаніць сяброўства. Больш за 50 гадоў сябруе з суседкай Яўгеніяй Радомскай. Яны проста неразлучныя, дапамагаюць адна адной, падтрымліваюць.
– Юлія Васільеўна для мяне як родная сястра. Няма таго дня, каб мы не размаўлялі, ніколі нават не сварыліся. Я ўдзячная лёсу, што ў мяне такая цудоўная суседка. Здароўя ёй на доўгія гады, – кажа Яўгенія Міхайлаўна.
Дачка Тамара, якая жыве з сям’ёй у Дзятлаве, часта наведвае сваю маму, дапамагае і падтрымлівае яе.
– Наша матуля – самая добрая ў свеце. Яна нам дорыць сваю любоў і клопат, перадала свае жыццёвыя веды, традыцыі, вопыт, якія ўжо я перадаю сваім дзецям і ўнукам, – гаворыць жанчына.

Дарэчы, у Юліі Васільеўны пяць унукаў і дзесяць праўнукаў, якім яна жадае, як і ўсяму маладому пакаленню, здароўя, шчасця, шанаваць свае законы і традыцыі, міру ва ўсім свеце.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga