Новы маршрут творчага калектыву сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці – у вёску Белякі. Тут гасцей ветліва сустракалі 95-гадовы юбіляр Іван Сарачынскі разам з дачкой Верай Іванаўнай. Пасля віншаванняў доўгажыхара за павольнай гутаркай даведаліся гісторыю яго жыцця.

Нарадзіўся Іван Карпавіч у сям’і простых, але не бедных сялян. Сям’я мела вялікую гаспадарку і важкі надзел зямлі. Даводзілася вельмі шмат працаваць, але і пра вучобу не забывацца. Пасля школы Іван скончыў курсы механізатараў і пайшоў працаваць трактарыстам у сельскагаспадарчую талаку (калгас) імя Сталіна ў вёсцы Раготна.

У 1951 годзе маладога чалавека прызвалі ў армію. Служыў ён у войсках МУС у Маскве на Ленінскіх гарах. Затым Іван быў пераведзены ва Усходні Казахстан.

Адслужыўшы чатыры гады, хлопец вярнуўся ў Беларусь, на сваю радзіму ў вёску Белякі. Хоць і прывык да ваеннай формы, але трэба было неяк адаптавацца да цывільнага жыцця. У тыя часы ў магазіне адзенне не надта можна было купіць, а ў суседняй вёсцы Валоўнікі жыла краўчыха, вось туды і накіраваўся Іван, каб пашыць штаны. Менавіта ў гэты час і Надзея, дзяўчына з Белякоў, прыйшла замовіць сабе ўбор. Завязалася размова. Дадому ішлі разам. Спадабаліся адзін аднаму, пачалі сустракацца, хутка і пажаніліся.

Іван уладкаваўся ў калгас трактарыстам, а Надзея працавала на розных работах у паляводстве. Пабудавалі дом. У сям’і нарадзіліся дочкі Лідзія, Алена і Вера. Дзяўчынак выхоўвалі ў строгасці, прывучалі да працавітасці, далі ўсім годную адукацыю.

Іван Карпавіч жыве ў звычайнай утульнай вясковай хатцы, даглядае агарод. Нас зацікавіла невялікая скрыначка на сцяне пакоя, у якой знаходзяцца ўзнагароды. Юбіляр мае цэлую калекцыю грамат, падзяк, ордэн, некалькі знакаў “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”, юбілейны медаль “За доблесную працу”. У дбайнага гаспадара нават беражліва захоўваюцца ўсе пасведчанні да ўзнагарод.

– Наш тата па натуры вельмі адказны, працавіты чалавек, любіць парадак усюды і ва ўсім, мэтанакіраваны, рашучы, вельмі патрабавальны. На ўсе просьбы пераехаць да нас жыць ён рашуча адмаўляецца. Імкнецца свае праблемы вырашаць самастойна. Калі захварэла сур’ёзна мама, ён чатыры гады даглядаў яе. Тата наш вялікі малайчына. Зрабіў самастойна спартыўныя канструкцыі і займаецца спортам да гэтага часу, да апошняга ездзіў на веласіпедзе. Ён вельмі справядлівы і сумленны, з’яўляецца для нас аўтарытэтам. Жадаю нашаму самаму любімаму і дарагому чалавеку здароўя. Нашай мамы з намі няма ўжо амаль 20 гадоў. Тата замяніў нам і яе. Гэта добра, калі ў бацькоўскай хаце, дзе мы нарадзіліся, сталелі, ёсць родная душа, якая нам рада заўсёды і нас чакае. І няхай наш тата будзе з намі яшчэ доўга, – гаворыць Вера Іванаўна.

На пытанне пра сакрэт даўгалецця Іван Карпавіч адказаў так:

– У мяне добрая генетыка. Я ўсё жыццё не баяўся цяжкай працы. Працаваў, пакуль мог. Стараюся весці здаровы лад жыцця. Хачу як мага даўжэй пражыць са сваёй сям’ёй, не быць абузай дзецям і ўнукам, таму стараюся сябе трымаць у добрай фізічнай форме, не хвалявацца па дробязях. Трэба ўсім жадаць толькі дабра, цаніць сваю сям’ю і берагчы мір.

Святлана ВЕНСКАЯ,                                         
метадыст сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#Дятловщина

Похожие публикации