Ужо цэлы век пражыў наш зямляк, жыхар вёскі Харабровічы, Сяргей Рабец. Днямі ён сустрэў прыгожы юбілей – 100-годдзе з дня нараджэння. З гэтай нагоды ў госці да яго завіталі артысты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, работнікі Войневіцкага сельвыканкама і КСУП “Войневічы”, раённы савет ветэранаў.

Артысты парадавалі юбіляра вясёлымі песнямі, пажадалі моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, бадзёрасці духу, заўсёды добрага настрою, каб гады, якія ён яшчэ пражыве, былі лёгкімі і спакойнымі.

– Жадаем вам, каб вы не хварэлі, каб рукі стомы ніколі не мелі, каб шчасце вы мелі заўжды, каб Бог вас бярог ад усякай бяды, – зычылі імянінніку.

Каштоўныя і неабходныя ў побыце падарункі прывезлі ў гэты дзень усе госці. Старшыня сельвыканкама Вольга Мазоль адзначыла, што ў Сяргея Фёдаравіча яна часта бывае, цікавіцца, якая неабходна дапамога, паабяцала і надалей не забываць. Пажадала імянінніку яшчэ доўгіх гадоў жыцця, заставацца бадзёрым, мірнага неба над галавой, каб побач былі родныя і блізкія людзі, якія будуць падтрымліваць.

Старшыня Дзятлаўскага раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар таксама далучыўся да віншаванняў і пажадаў юбіляру душэўнага спакою, жыццёвага аптымізму, каб дом быў напоўнены сонцам і радасцю.

Не забыліся ў гэты святочны дзень пра свайго былога работніка і супрацоўнікі КСУП “Войневічы”. Не адзін дзясятак гадоў Сяргей Фёдаравіч працаваў жывёлаводам, пастухом у гаспадарцы. Быў адказным, сумленным работнікам, таму і атрымаў званне “Ветэран працы”. А пра такіх людзей помняць нават на заслужаным адпачынку.

– Шчыра жадаем вам моцнага здароўя і ўсіх дабротаў, дзякуем за вашу старанную працу ў сельскай гаспадарцы, якой вы аддалі шмат гадоў. Вы з’яўляецеся прыкладам для маладога пакалення. Дамашняга цяпла і ўтульнасці вам, радуйцеся кожнаму новаму дню.

Гэтае віншаванне было дарэчы, бо шмат выпрабаванняў выпала на долю імянінніка, асабліва цяжкія звязаны з Вялікай Айчыннай вайной. Калі яна пачалася, Сяргей Рабец быў падлеткам, а таму ў час акупацыі разам з іншымі маладымі землякамі яго вывезлі на работы ў Германію, ён з’яўляецца непаўналетнім вязнем. У дзіцячую памяць урэзаліся пачуцці голаду, прыгнечанасці, пастаяннай стомленасці, але моцны малады арганізм Сяргея не даў яму загінуць ад голаду і хваробаў, Бог збярог ад куляў і бамбёжак.

Вярнуўшыся на малую радзіму, юнака хутка прызвалі ў армію на тэрміновую службу, якая тады доўжылася тры гады. Увесь гэты час наш зямляк адслужыў у расійскім Тамбове на аэрадроме. Вярнуўшыся дадому, спачатку Сяргей Рабец пайшоў на перавозку лесу. У час такіх вандровак неаднойчы даводзілася кватараваць у розных гаспадароў. Так у вёсцы Хамічы пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Марыяй Іванаўнай, якая спадабалася за бойкі характар. Поруч прайшлі праз доўгае сямейнае жыццё, але больш за дзесяцігоддзе Сяргей Фёдаравіч крочыць па ім адзін. Цяпер бацьку даглядае сын, а ўсяго з жонкай на ногі яны паставілі шасцёра дзяцей, ёсць у юбіляра восем унукаў і дзесяць праўнукаў. Сын гаворыць, што бацька адмовіўся пераязджаць у горад, не захацеў пакідаць родную хату, таму прыйшлося застацца з ім у вёсцы.

– Мяне Бог трымае на свеце, – гаворыць доўгажыхар.

І гэтаму асабліва радыя яго родныя. Сын Сяргей і зяць Станіслаў, які таксама наведаў юбіляра ў дзень нараджэння, заўважылі:

– Не кожнаму дадзена пражыць цэлы век, будзем яго і надалей падтрымліваць, як і ён нам дапамагаў, калі мог гэта рабіць. Заўжды быў добрым, спагадлівым чалавекам, таму няхай Бог дае яму яшчэ здароўе і сілы як мага даўжэй.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации