Сярод нашых землякоў шмат цікавых і таленавітых людзей. Доказ таму – героі праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, які рэалізуе сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.
Чарговая паездка творчага калектыву адбылася ў вёску Савічы да 80-гадовай юбіляркі Ганны Кілейка.

Іван Кашко, Ірына Бакшук і Святлана Венская прывезлі для Ганны Антонаўны яркую музычную паштоўку і самыя цёплыя пажаданні – моцнага здароўя, актыўнага даўгалецця, шчасця, дабрабыту.

Гаспадыня была рада візіту гасцей і падзялілася з імі сваёй жыццёвай гісторыяй. Родам яна з сялян, сям’я бацькоў жыла ў вёсцы Нагорнікі, тата да пенсіі працаваў будаўніком у калгасе. Жылі небагата, таму пасля заканчэння сямігодкі Ганна пайшла працаваць афіцыянткай у чайную райцэнтра. Завочна скончыла Гродзенскі кааператыўны тэхнікум па спецыяльнасці “прадавец”. У час работы пазнаёмілася з прыгожым хлопцам Мікалаем, а калі пажаніліся, то выехалі працаваць у Слонім.

Праўда, у горадзе абодва вельмі сумавалі па вясковым жыцці, таму на сямейным савеце было прынята рашэнне вяртацца на малую радзіму. У вёсцы Савічы пабудавалі дом, выгадавалі траіх дзяцей. Старэйшыя Ларыса і Сяргей цяпер жывуць і працуюць у Мінску, малодшая Святлана – у Дзятлаве. Шчаслівую бабулю радуюць чацвёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў. Усе яны часта прыязджаюць у родную вёску.

Нягледзячы на паважаны ўзрост, Ганна Антонаўна спраўляецца з бытавымі клопатамі, а свой вольны час прысвячае даўняму захапленню – вышыўцы бісерам. Майстрыха навучылася, як кажуць, “збіраць прыгажосць па макулінках”. Плёнам яе скрупулёзнай філіграннай справы стаў не адзін дзясятак яркіх карцін. Многія з іх утульна прытуліліся на сценах жылых пакояў, іншыя сталі жаданымі падарункамі для сваякоў і знаёмых. Сюжэты ў рукатворных шэдэўраў самыя розныя: на іх можна любавацца экзатычнымі курортнымі гарадамі на ўзбярэжжы цёплага мора, сакавітымі фарбамі роднай восеньскай прыроды, велічнымі птушкамі, пацешнымі жывёлінамі, стракатымі пышнымі букетамі кветак. Каб з-пад умелых рук выйшла ўся гэта яркая, бліскучая прыгажосць, даводзіцца патраціць не адзін дзень, аднак для Ганны Антонаўны такія заняткі ў радасць. Яны прыносяць жанчыне спакой і душэўную гармонію, а кожная гатовая карціна не толькі радуе майстрыху, але і заклікае яе да пошуку новых сюжэтаў, дорыць натхненне.

Паўсядзённая праца, любімае захапленне, візіты дзяцей і ўнукаў не даюць Ганне Кілейка маркоціцца.

– Кожны дзень прашу ў Бога ласкі, цярпення і абароны сваім блізкім, – па-філасофску зазначае жанчына. – Удзячна нашаму Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку за мір на роднай зямлі. Маладому пакаленню для шчаслівага і паспяховага жыцця раю старанна працаваць, сумленна жыць, быць справядлівымі да людзей.

На развітанне госці пажадалі юбілярцы яшчэ доўга радаваць блізкіх сваім клопатам, мудрымі парадамі, цёплымі стасункамі і абавязкова дачакацца новай сустрэчы з артыстамі ў наступны юбілейны дзень нараджэння.
Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі сектара
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga