У скарбніцы народнай мудрасці ёсць выслоўе “пачаў за здароўе, скончыў за спачын”, якое, на жаль, нярэдка пацвярджаецца ў паўсядзённым жыцці.
Гэтым разам вызначыліся фермеры нашага раёна. Не ўсе з іх аднолькава адказна ставяцца да давераных земляў і выкарыстоўваюць іх па прызначэнні. Факты безгаспадарных адносінаў да зямлі выявіў чарговы маніторынг аддзела землеўпарадкавання райвыканкама.

Гаворка ідзе пра сельскагаспадарчыя ўчасткі каля вёскі Сачыўляны і горада Дзятлава. У аднаго з фермераў ва ўладанні 196 гектараў зямлі, 95 з іх сёлета не выкарыстоўваліся належным чынам, у другога – 84 гектары, з якіх увогуле сёлета былі задзейнічаны толькі 15. Трэба сказаць, карціна на азначаных фермерскіх участках жывапісная, яна моцна кантрастуе з дзяржаўнымі палеткамі. Расце рэдкі ячмень, які, відавочна, не бачыў хімічнай ці іншай праполкі, або стаіць узаранае поле ў ліпені, на якім немаведама што цяпер збіраюцца сеяць.

– На тэрыторыі раёна працуюць 16 сялянска-фермерскіх гаспадарак прыватнай формы ўласнасці, якім былі прадастаўлены зямельныя ўчасткі для вядзення адпаведнай дзейнасці. На жаль, некаторыя з іх не выкарыстоўваюцца па мэтавым прызначэнні, – расказаў начальнік аддзела Дзмітрый Залеўскі. – У выніку праверкі на адрас дзвюх гаспадарак былі накіраваны прадпісанні аб мэтавым выкарыстанні земляў з тэрмінам выканання. Кіраўнікі гаспадарак іх не выканалі своечасова, за што былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, атрымалі штраф.

Пасля пастанаўлення суда Дзятлаўскага раёна і штрафных санкцый адзін з гаспадароў “адумаўся” і навёў парадак на даверанай яму зямлі, у адносінах да другога, калі не вырашыць праблему, будзе разглядацца пытанне аб адабранні арэнднай зямлі.

– Згодна са справаздачай, якая прадастаўляецца раз на год, абедзве сялянска-фермерскія гаспадаркі ў мінулыя гады працавалі – сеялі ячмень, авёс, пшаніцу, кукурузу, атрымлівалі ўраджай, – адзначаюць ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.

Аднак сёлета не тое што перавысіць, але нават дагнаць мінулагоднія паказчыкі ім будзе вельмі няпроста.

Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што фермерам сёння стаць не так і лёгка: усе новыя сельскія бізнесмены праходзяць працэдуру рэгістрацыі ў райвыканкаме, куды прадастаўляюць распрацаваны бізнес-план і абавязуюцца яго выконваць. Але хто ж думае на старце, што работа на зямлі – гэта не на адзін год?..
Наталля АВЯРЧУК
Фота прадастаўлены аддзелам землеўпарадкавання райвыканкама