Хвіліны душэўнасці. Марыя Шыдла: “Песня з мяне льецца сама”

У рамках сацыяльна-культурнага праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці завітаў у вёску Погіры да 85-гадовай юбіляркі Марыі Шыдла, каб павіншаваць жанчыну са святам.

Гаспадыня cустрэла гасцей на сваім надворку з радаснай усмешкай і гасцінна запрасіла ў хату, дзе завялі няспешную размову.

Нарадзілася Марыя Мікалаеўна ў вёсцы Погіры ў сям’і сялян. Добрай сяброўкай і дарадчыцай для яе была старэйшая сястра Алена.

Бацьку свайго дзяўчынка не памятае, бо ёй быў толькі годзік, калі ён загінуў ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў, з’яўляючыся ўдзельнікам партызанскага атрада. З тых пор і пачалося яе цяжкае сіроцкае жыццё. Маці са старэйшай сястрой завіхаліся ў полі, гадавалі скаціну, а маленькая Марыя гаспадарыла ў хаце – прыбірала, мыла посуд і выконвала іншыя хатнія справы.

Крыху падросшы, дзяўчынка пайшла ў школу, скончыла 7 класаў. Хоць і вучылася добра, магла б набыць прафесію, але працягваць вучобу далей не магла, бо паехаць ад матулі і сястры, пакінуць іх адных не дазваляла сумленне. Дзяўчына пайшла ў калгас на розныя работы, працавала і даяркай, і цялятніцай, пакуль не захварэла на поліартрыт і вымушана была лячыцца шмат гадоў. Але працалюбівую, таленавітую Марыю хвароба не спыніла, яна шмат займалася рукадзеллем – вышывала, вязала, шыла адзенне і сабе, і на заказ.

Хоць і было цяжкае жыццё, але Марыя вельмі любіла спяваць і танцаваць, бегала з сястрой і сяброўкамі на вячоркі. Там на яе звярнуў увагу местачковы гарманіст Пётр. Прыгожы вясёлы хлопец запаў у душу Марыі. Яны пакахалі адзін аднаго, пажаніліся. У шчаслівым шлюбе пражылі амаль 47 гадоў, у іх нарадзіліся двое дзетак – Пётр і Аксана. Юбілярка мае чацвёра ўнукаў і пяць праўнукаў.

На жаль, ужо 18 гадоў яна жыве адна, муж памёр, але жанчына з цеплынёй і пашанай яго ўспамінае. Пётр Шыдла быў вядомай местачковай асобай. Як і Марыя Мікалаеўна, ён з’яўляўся актыўным удзельнікам мясцовага фальклорнага калектыву, добра граў на гармоніку і хораша спяваў, быў аўтарам знакамітай погірскай кадрылі. Незлічоная колькасць выступленняў, канцэртаў не абходзілася без гэтай сямейнай пары.

– Вера ў Бога і любоў да маіх родных, а яшчэ да народнай  песні – гэта тое, што дазваляе мне лічыць сябе шчаслівай. У народны калектыў я ўжо не магу хадзіць, хварэю, але песня з мяне льецца сама. Каб спатоліць сваю душу, часта спяваю, – разважае Марыя Мікалаеўна і, крыху падумаўшы, працягвае: – Пражыла я нямала гадоў і ведаю, што трэба жыць па-чалавечы, быць адказным за свае ўчынкі, ніколі нікога не абражаць, паважаць людзей. Нават калі хтосьці ў цябе кіне каменем, то ты ў яго хлебам, тады і злосці не будзе ні на кога.

Святлана ВЕНСКАЯ,                                         

метадыст сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

administrator

Recent Posts

Дзелавы панядзелак. Уборка кукурузы і сяўба азімых зерневых

Работы ў палях, гібель на пажары, кантроль цэн, Адзіны дзень інфармавання – на гэтыя і…

40 минут ago

Салодкая восень

На Дзятлаўшчыне завершана ўборка збожжавых і зернебабовых культур, адгрымелі яркімі акордамі раённыя “Дажынкі”, але работа…

48 минут ago

Глыбінкай жыве Беларусь. Яўген Юшкевіч: “Я люблю нашу вёску, цудоўную Беларусь”

Наступны маршрут творчага калектыву сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці быў…

1 час ago

Моладзевыя навіны. “Будучыня – гэта мы!”

Пад такой назвай 7 верасня адбыўся ўрачысты прыём пераемнасці пакаленняў, прымеркаваны да Дня народнага адзінства.…

1 час ago

Вниманию диспетчеров такси и автомобильных перевозчиков!

ИМНС по Новогрудскому району информирует. Диспетчеры такси и автомобильные перевозчики, самостоятельно выполняющие прием и передачу…

2 часа ago

Об уплате физическими лицами единого имущественного платежа

Единый имущественный платеж введен с целью упрощения порядка уплаты имущественных налогов, он в себя включает:…

2 часа ago