З кожным годам наш раён прыгажэе і становіцца больш камфортным для жыцця, што асабліва актуальна ў Год добраўпарадкавання. Радуе, што да справаў на карысць малой радзімы далучаюцца не толькі арганізацыі, прадпрыемствы, гаспадары прысядзібных участкаў, але і вернікі.

Пацвярджэннем гэтаму стаў нядаўні зварот з пісьмом у рэдакцыю жыхароў аграгарадка Вензавец, дзе знаходзіцца царква ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла.

Вось што напісалі нашы землякі:

“Яшчэ святы Серафім Сароўскі казаў: “Калі на вашу долю выпаў гонар будаваць Дом Божы, прыміце гэта як вышэйшы дар Творцы”. Па волі Божай далучыліся да гэтай годнай місіі і мя, жыхары аграгарадка Вензавец, дзе знаходзіцца царква ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла.

Напрыканцы сакавіка 2014 года кіраўніком прыходу гэтага храма быў прызначаны іерэй Іаан Кісель, на той час яшчэ зусім малады святар, якому было няпоўных 25 гадоў. Спачатку яму даводзілася няпроста пачынаць сваё служэнне ў цэрквах Вензаўца і Руды Яварскай, бо кожны раз дабіраўся са Слоніма. Аднак айцец Іаан не баяўся цяжкасцяў і не спыняўся перад імі, рухаўся толькі наперад. Пераадольваць складанасці маладому святару дапамагалі яго вытрымка, стойкасць, спакой і ўпэўненасць. І ў яго ўсё атрымлівалася, бо галоўнае, што ўсякую добрую справу іерэй Іаан Кісель пачынае і даводзіць да канца з малітвай і ўдзячнасцю Богу.

Быў час (і за гэта нам, вернікам, сёння сорамна), калі ён адзін абкошваў тэрыторыю вакол храма. Айцец Іаан шмат працаваў, не шкадуючы сіл. Дзякуючы яго старанням, наша царква з кожным годам станавілася ўсё прыгажэйшай як звонку, так і ўнутры. За гады служэння іерэя Іаана Кісяля ў ёй праводзіліся ўсё новыя і новыя работы: было падведзена ацяпленне, двойчы выкананы вонкавыя і ўнутраныя рамонты храма і фасада, тратуарнай пліткай выкладзена дарожка, набыты мэбля, сталы, лаўкі, шмат ікон, адрамантаваны алтар, добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя.

Пачало рухацца з прыходам айца Іаана і царкоўнае жыццё: абнавіўся хор пеўчых на клірасе, была арганізавана царкоўная школа.

Сёння мы, прыхаджане, ад шчырага сэрца дзякуем нашаму бацюшку Іаану за сумесныя малітвы, навучанне, пропаведзі, настаўленні. Яны дапамагалі нам станавіцца лепшымі, рабіць больш дабра і знаходзіць свой шлях да Бога. Самыя цёплыя словы падзякі выказваем за старанную нялёгкую працу, за тое, што шмат сіл душэўных і фізічных паклаў на рамонт і абнаўленне нашага храма. Вялікую ўдзячнасць выказваем і іерэю Аляксею Сцепановічу за сумесныя малітвы, пропаведзі, ахвяраванні на карысць царквы.

Бязмерную ўдзячнасць адрасуем Андрэю Цярэшку, Уладзіміру Мальцу, Аляксандру Пышко за тое, што ў наш няпросты час знаходзяць магчымасць аказваць матэрыяльную дапамогу для рамонту храма і ўдзельнічаюць у яго добраўпарадкаванні.

Міласцю Божай і пры падтрымцы гэтых людзей у храме аграгарадка Вензавец выкананы работы па рэканструкцыі і рамонце іканастаса. Цяпер ён радуе ўсіх вернікаў і наведвальнікаў царквы прыгажосцю, велічнасцю, хараством.

Нездарма Ісаак Сірын Ніневійскі казаў, што нішто не можа так наблізіць сэрца да Бога, як міласціня.

Жадаем усім будаўнікам і ахвяравальнікам нашага храма і іх блізкім моцнага здароўя, бадзёрасці духу, міру, дабрабыту і Божай дапамогі “на многае і благое лета”.

Год добраўпарадкавання толькі пачаўся, наперадзе ў жыхароў нашага раёна яшчэ шмат важных і патрэбных спаў у гэтым кірунку. Хочацца верыць, што і да іх землякі аднясуцца з гатоўнасцю, стараннасцю і шчырасцю.

Ірына СТЫРНІК

Фотаздымкі прыхаджан

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

 #нашалепшае #нашелучшее

About Author
administrator
View All Articles

Похожие публикации