Адной з самых актуальных вясновых тэмаў з’яўляецца добраўпарадкаванне. З ім звязана пытанне, якое паступіла ў чат-бот газеты “Перамога”.
– На вуліцы 50 гадоў ЛКСМБ на мінулым тыдні асфальтавалі дарогу і разам са старой дарогай пад асфальтам застаўся люк нашай каналізацыі, – напісаў нам жыхар горада Дзятлава. – Падыходзілі два разы да рабочых, яны сказалі, што гэта не іх абавязак. Што за рабочыя былі, не ведаю, але іншыя люкі паднялі, а наш застаўся пад асфальтам. Падкажыце, куды звярнуцца?
Рамонт названай вуліцы ажыццяўлялі работнікі Слонімскага ўчастка ААТ “Дарожна-будаўнічы трэст № 6”, аднак да люка яны, сапраўды, ніякага дачынення не маюць. Сітуацыю растлумачыў намеснік дырэктара Дзятлаўскага РУП ЖКГ Віктар Дзедуль:

– У час правядзення работ па асфальтаванні вуліцы 50 гадоў ЛКСМБ у Дзятлаве прысутнічалі работнікі водаканала нашай арганізацыі, яны паказалі падрадчыкам усе люкі, якія былі адзначаны ў выканаўчай дакументацыі 2010 года. Пасля ўказанага года асобныя жыхары вуліцы падключаліся да цэнтральнай каналізацыі, аднак агульная выканаўчая дакументацыя за гэты перыяд не абнаўлялася. Некаторыя жыхары вуліцы ў працэсе падыходзілі да работнікаў водаканала і ўказвалі на свае люкі, каб яны таксама былі ўлічаны пры правядзенні работ. Магчыма, гэта атрымалася зрабіць не ва ўсіх. Тым не менш, пытанне можна вырашыць станоўча і аператыўна. Для гэтага грамадзяніну прапануецца звярнуцца да спецыялістаў водаканала, яны выедуць на месца, выражуць і паднімуць люк адпаведна тэхнічнаму рэгламенту.
P.S. На момант публікацыі матэрыяла аўтар звароту звязаўся з водаканалам, пытанне было вырашана станоўча: заўтра работы па ўладкаванні люка будуць праведзены спецыялістамі арганізацыі.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga