З укараненнем у жыццё інфармацыйных тэхналогій праблема махлярстваў у інтэрнэце ў Рэспубліцы Беларусь, як і ва ўсім свеце, становіцца ўсё больш актуальнай.
– Калі звяртацца да статыстыкі, – прыводзіць факты намеснік начальніка Дзятлаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Дзмітрый Лупач, – то за сем месяцаў 2025 года на Дзятлаўшчыне ўчынена 12 злачынстваў у ІТ-сферы, сярод якіх 8 – махлярствы, 4 – крадзяжы шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі. Годам раней за аналагічны перыяд было ўзбуджана 15 крымінальных спраў (13 – за махлярствы, 2 – за мадыфікацыю інфармацыі), а ўсяго за год – 23.
У жыцці дзятлаўчан, якія трапілі пад уздзеянне падобных махлярскіх схем, адбылася свая маленькая трагедыя, што пазбавіла іх не толькі значных сумаў не лішніх грошай, але і пакінула непрыемны адбітак на душы, а для многіх яшчэ і банкаўскія крэдыты, што давядзецца выплачваць не адзін год. Аднак лепшы прыклад – гісторыі з першых вуснаў.
Частая схема – спекуляцыя на страхах:
– У абедзенны перапынак у месенджары мне патэлефанаваў мужчына, назваўся следчым. Ён паведаміў, што з выкарыстаннем даных майго пашпарта створаны сайт для пераводу грошай за мяжу, ёсць пацярпелыя, узбуджана крымінальная справа. Я разгубілася, а “следчы” пацікавіўся, ці ёсць што на маёй банкаўскай картцы і грашовыя зберажэнні дома, патлумачыў, што іх неабходна задэклараваць, каб у час расследавання не падумалі, што гэта незаконны даход, атрыманы праз сайт. Для дэкларавання я ўстанавіла на тэлефон праграму аддаленага доступу. Затым са мной размаўляла жанчына, а я ўводзіла лічбавыя коды, якія яна называла, усе сродкі спісалі. Вярнуўшыся дахаты, я сабрала ўсе наяўныя грошы, аднесла ў банк і перавяла на сваю картку. Пасля сама ў месенджары патэлефанавала на нумар, з якога званіла жанчына, з яе дапамогай перавяла і гэту суму.
Праз пэўны час вырашыла пацікавіцца станам спраў, аднак у месенджары ўжо была выдалена ўся перапіска і тэлефоны, тады я зразумела, што дзейнічалі махляры, якія скралі ў мяне больш за 25 тысяч беларускіх рублёў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga