Узаемаадносіны чалавека і жывёл – заўсёды вострая грамадская тэма.
На жаль, не ўсе жадаюць быць адказнымі за тых, каго прыручылі.

Такі хвалюючы зварот газета “Перамога” атрымала ў сваім чат-боце:
– Каля вёскі Савічы я заўважыла лісу цёмнага колеру з белым кончыкам на хвасце. Яна спакойна бегае па вуліцах, забягае ў двары прыватных дамоў. Перажываем, бо па гэтай дарозе ходзяць людзі, дзеці ў школу, матулі з каляскамі. У ЖКГ заяўку на яе вылаў не прынялі. Мы ведаем, што ў Жыровічах Слонімскага раёна ёсць заапарк. Там адказалі, што могуць забраць жывёлу, трэба яе толькі туды даставіць. Ці можна вырашыць гэта пытанне бяспечна для людзей і лісы?

Да паведамлення былі прыкладзены фотаздымкі і відэа, з якіх можна зрабіць выснову, што гэта, хутчэй за ўсё, пясец. Аднак сутнасці сітуацыі гэта не мяняе: дзікі звер, ручны, не баіцца чалавека, мае ашыйнік, сам знаходзіцца ў складаным становішчы і падвяргае небяспецы навакольных людзей.
З пытаннем, як быць у такой сітуацыі, мы звярнуліся да начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрыя Балькоўскага.

– На Дзятлаўшчыне функцыянуе камісія па дапамозе дзікім жывёлам, у якую ўваходзяць розныя службы раёна, у тым ліку кіраўніцтва райвыканкама, наша інспекцыя, райаддзел па надзвычайных сітуацыях, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Сігнал аб з’яўленні дзікага звера ў межах горада да нас паступіў, у дадзены момант прымаем меры па адлове жывёлы, каб у далейшым транспарціраваць яе ў заапарк пры Жыровіцкім манастыры, з якім ёсць дамоўленасці, адказаў ён.

Здавалася б, усё добра, вырашэнне праблемы трывала намецілася. Аднак варта зазірнуць у корань сітуацыі. Мясцовыя жыхары таго раёна, дзе бачылі дзікага звера, расказваюць, што ліса-пясец з’явілася там у верасні і з таго часу перыядычна бадзялася, заходзіла ў двары да людзей, ела з рук, спала на градах у агародзе. Па ўсім зразумела, што жывёла, прывучана да ўвагі чалавека, не падобная на сапраўднага драпежніка і не прызвычаеная да жыцця ў натуральным асяроддзі. Ашыйнік на шыі толькі пацвярджае, што раней гэта быў нечы гадаванец. І тут узнікае некалькі заканамерных пытанняў, якія таксама агучвалі нашы чытачы. Дзе сэрца ў гаспадароў, якія спачатку прыручылі жывую істоту, а затым выкінулі? А калі не выкінулі, то чаму не шукалі, калі звер быў ва ўсіх навідавоку? І, нарэшце, калі ўжо гаспадары будуць абавязаны неналежна абыходзіцца з гадаванцамі?

Як паведамляюць рэспубліканскія СМІ, гэта будзе даволі хутка: з 1 студзеня новага года набывае сілу закон “Аб адказным абыходжанні з жывёламі”, які ўзмоцніць адказнасць за жорсткае абыходжанне з братамі нашымі меншымі.
Наталля АВЯРЧУК