Тэму для развагаў падказала дыскусія ў настаўніцка-бацькоўскім чаце адной са школ горада Дзятлава.
Бацькі навучэнца цікавіліся:
– Падкажыце, калі ласка, сёння наша дзіця ездзіла на спаборніцтвы па шахматах на вобласць. Навучылі яго гуляць у шахматы мы ў сям’і. Чаму ў рамках школы або раёна няма ніводнага гуртка па шахматах?
З гэтым пытаннем мы звярнуліся адразу ў некалькі інстанцый. У сектары спорту райвыканкама адзначылі, што для адкрыцця спартыўнай секцыі па дадзеным відзе спорту ў штаце профільных установаў павінен быць спецыяліст з профільнай адукацыяй і спартыўным разрадам па шахматах. Цяпер такіх кадраў у раёне няма.
Пра магчымасці арганізацыі заняткаў на базе навучальных установаў расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская:

– Кожна год у канцы мая і пачатку верасня фарміруюцца аб’яднанні па інтарэсах, якія на працягу навучальнага года будуць працаваць на базе цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У час гэтых мерапрыемстваў педагогі прапануюць школьнікам і іх бацькам увесь спектр напрамкаў, у якіх працуюць, і прымаюць да ўвагі пажаданні па адкрыцці новых. Для таго, каб пачало работу аб’яднанне па інтарэсах па гульні ў шахматы, бацькам або законным прадстаўнікам навучэнцаў неабходна ў пісьмовай форме выказаць сваё пажаданне ў адрас дырэктара навучальнай установы. На аснове заяў будзе сфарміраваны план работы на наступны навучальны год. У папярэднія гады масавага паступлення такіх запытаў не было, для адкрыцця курса неабходна атрыманне не менш за 12 пісьмовых заяў.
Заўважу, што на дадзены момант у цэнтры дадатковай адукацыі два педагогі маюць неабходную кваліфікацыю і могуць праводзіць заняткі такога плана. З улікам узрастаючага інтарэсу да гульні ў шахматы для школьнікаў, мы прадметна разгледзім пытанне аб адкрыцці ў наступным годзе аб’яднання па інтарэсах па гэтым відзе спорту, якое, верагодней за ўсё, будзе працаваць на базе гімназіі № 1 горада Дзятлава пад кіраўніцтвам педагога цэнтра.
Дысцыпліна “Шахматы ў школе” можа прысутнічаць у якасці факультатыўнага занятка ва ўстановах адукацыі. Згодна з праграмай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, яна прадугледжана толькі для 1 і 2 класаў, таксама па заяўным прынцыпе.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga