Цёплае дажджлівае надвор’е дало магутны імпульс росту травы. Для корманарыхтоўкі гэта выдатна, а вось для гарадскіх краявідаў – не вельмі.

Як гараджане і арганізацыі райцэнтра спраўляюцца з гэтай задачай, высвятлялі ў час маніторынгу міжведамаснай раённай камісіі па навядзенні парадку на зямлі, якую прадставілі намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік, галоўны санітарны доктар Дзятлаўскага раёна Алена Шайбак і намеснік начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Васілій Мудры.

Пад увагу інспектараў патрапілі тэрыторыі, прылеглыя да арганізацый, прадпрыемстваў, аб’ектаў гандлю і сервісу, а таксама месцы агульнага карыстання, размеркаваныя паміж адказнымі службамі.

Як аказалася, пераважная большасць з іх адказка ставіцца да навядзення парадку, у прыватнасці, абкошвання тэрыторыі.  Шэраг прадпрыемстваў раёна, нягледзячы на ўнушальныя памеры плошчы, спраўляюцца добра. Зацікаўленасць у прыгажосці роднага горада праяўляюць і прыватныя прадпрымальнікі, якія не толькі выконваюць, але і перавыконваюць заданне, каб усё было прыгожа. Але так робяць не ўсе.

Напрыклад, каля скрыжавання з кругавым рухам у Дзятлаве побач размешчаны дзве прыватныя ўстановы, падзеленыя паміж сабой адной асфальтаванай дарожкай. І тут атрымліваецца на кантрасце, як у казцы: направа пойдзеш – усё скошана і прыбрана, а налева – трава, “на вока”, ужо дасягае крытычных 20 сантыметраў.

Перад купальным сезонам пляж і прылеглую да яго тэрыторыю прывялі ў належны парадак, а крыху далей ад возера пры дарозе тая самая трава амаль па пояс. За абкошванне гэтага ўчастка адказныя адразу тры сур’ёзныя раённыя службы. Не сумняваемся, што сітуацыя выправіцца ў бліжэйшы час.

– Маніторынг паказвае, што работа па навядзенні парадку ў Дзятлаве вядзецца, тэрыторыі абкошаны. У выпадку выяўлення земляў у неналежным стане мы накіроўваем прадпісанне і даём канкрэтны тэрмін на выпраўленне парушэнняў, – расказаў Васілій Міхайлавіч.  

– За пяць месяцаў быў абследаваны санітарны стан 1228 аб’ектаў раёна, выяўлены 279 парушэнняў, выдадзены 22 рэкамендацыі, выпісаны тры штрафы на агульную суму 126 базавых велічыняў, – дадала Алена Шайбак.  

Яна адзначыла, што ў большасці выпадкаў да штрафаў не даходзіць: уласнікі тэрыторый прыслухоўваюцца да заўваг і прадпісанняў, аператыўна выпраўляюцца.

Аднак трымаць руку на пульсе і сачыць за ростам травы трэба не толькі арганізацыям, але і жыхарам горада і раёна. Згодна з абноўленымі правіламі добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, гаспадары павінны падтрымліваць у парадку тэрыторыю за сваёй агароджай на адлегласці 10 метраў. Пераважную большасць гаспадарлівых дзятлаўчан гэтым не здзівіш, заўсёды так рабілі. А вось для іншых гэта можа быць і штраф да 25 базавых велічыняў. Так што раім уважліва пацікавіцца нормамі заканадаўства і не парушаць іх. А яшчэ – шчыра любіць і даглядаць свой родны край не толькі ў Год добраўпарадкавання, а пастаянна. 

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Лета-2025. З пытаннямі – да журналіста
Візіт дабрыні

Візіт дабрыні

17 июня, 2025
ГрадусПлюс. Дзе зарадзіць электрамабіль?

Похожие публикации