Праз чат-бот у рэдакцыю газеты “Перамога” звярнулася дзятлаўчанка, матуля дзяцей, якія наведваюць Дзятлаўскую школу мастацтваў.

– У 2025 годзе аб’яўлена пяцігодка якасці, у сувязі з гэтым маецца пытанне: калі ў Дзятлаўскай школе мастацтваў пабудуюць “нармальны” санвузел для дзяцей? Шкада малых, якія ў холад і спёку вымушаны выходзіць на вуліцу, – пацікавілася яна.

На гэта пытанне адказаў начальнік сектара культуры райвыканкама Васіль Шыцько:

– Сапраўды, санітарны вузел у школе мастацтваў райцэнтра размешчаны ў асобным будынку на вуліцы. Аднак, у сувязі з тым, што будынак узведзены ў 1920 годзе (прыбудова – у 1971 годзе), мадэрнізацыя з пераносам санвузла ўнутр будынка тэхнічна немагчымая. Пры гэтым варта ўлічыць, што кожны год у рамках агляду гатоўнасці навучальных установаў да новага навучальнага года Дзятлаўская дзіцячая школа мастацтваў пацвярджае адпаведнасць санітарным нормам.

У сувязі з малакамплектнасцю класаў у 2028 годзе плануецца перанос Дзятлаўскай школы мастацтваў у будынак адной з агульнаадукацыйных школ горада Дзятлава.

Увогуле, падтрыманню парадку і рамонтам ва ўстановах дадатковай адукацыі пастаянна ўдзяляецца вялікая ўвага. У 2024 годзе былі праведзены бягучыя рамонты ў мастацкім аддзяленні Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў, Новаяльнянскай школе мастацтваў. На 2025 год выдзелена 80 тысяч рублёў на ўладкаванне водаправода і каналізацыі ў Новаяльнянскай школе мастацтваў, 14,5 тысячы – на бягучыя рамонты ў школах Дзятлава і Наваельні. Абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў адукацыі і культуры патрабуе пастаяннага кантролю і выдзялення фінансавых сродкаў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации