Зіма выдалася па-сапраўднаму снежнай і марознай, даўшы нарэшце беларусам магчымасць актыўна далучыцца да зімовых відаў спорту. На Дзятлаўшчыне аматарскі спартыўны сезон таксама праходзіць з запалам, масава пры любых “мінусах” і сюрпрызах надвор’я. Падрабязней аб гэтым расказала дырэктар раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Вольга Васіленка:

– Сёлета мы актыўна стартавалі ў новым зімовым сезоне дзякуючы грунтоўнай падрыхтоўцы, якая была праведзена яшчэ ў снежні. Для расчысткі і ўладкавання лядовай пляцоўкі набылі рыдлёўкі, скрабкі, задзейнічалі тэхніку і людзей. Каб не згубіць ніводнага марознага дня, у адной звязцы працавалі спецыялісты спартыўных падраздзяленняў раёна, тэхнічны персанал, дапамагалі юныя спартсмены-аматары. Залівалі лёд, пакуль ён не стаў прыдатным для катання. Дзякуючы зладжанай рабоце, ужо 5 студзеня мы запрасілі дзятлаўчан на каток. Паралельна зрабілі калькуляцыю, аформілі інфармацыйны стэнд з правіламі тэхнікі бяспекі, цёплае памяшканне для пераапранання, праверылі інвентар, праклалі лыжныя трасы на стадыёне “Колас”. На сёння ў нас у пракаце 90 пар канькоў і 30 пар лыжаў ад 36 да 45 памеру.

– Ці запатрабаваны каток у Дзятлаве?

– Не проста запатрабаваны, а вельмі папулярны! Лядовая пляцоўка стала адным з самых масавых месцаў адпачынку дзятлаўчан у студзені. За 26 дзён работы (дарэчы, працуе каток без выхадных) яго наведалі больш за 1300 аматараў катання на каньках, тысячным наведвальнікам стаў дзятлаўчанін Андрэй Лях, якога мы павіншавалі і адзначылі прызам. За месяц ужо зарабілі на катку каля 6 тысяч рублёў, прытым што цэны вельмі лаяльныя: гадзіна катання на сваіх каньках каштуе 3 рублі, з пракатам – 5 рублёў. Самымі актыўнымі наведвальнікамі катка з’яўляюцца школьнікі, маладыя людзі, у выхадныя дні часта прыходзяць сем’і, з задавальненнем катаюцца на каньках і пенсіянеры.

– Як ідуць справы з лыжамі?

– Гэты від спорту толькі набірае папулярнасць у дзятлаўчан, пракатам карыстаюцца не так шмат, як хацелася б. Сказваецца тое, што, па-першае, у маленькіх і юных дзятлаўчан ёсць магчымасць пакатацца на лыжах на базе сваіх навучальных установаў, а многія дарослыя маюць іх у сябе дома. Паслугай пракату за месяц скарысталіся 50 разоў, мы зарабілі 360 рублёў. Аматары паходаў на лыжах бяруць інвентар на некалькі гадзін, каб пакатацца на трасе на стадыёне “Колас”, што каштуе 5 рублёў, або афармляюць пракат на суткі і едуць у маляўнічыя мясціны Дзятлаўшчыны, напрыклад, у раён аграгарадка Дварэц або вёскі Баравікі.

Снежнае надвор’е сёлета паспрыяла і развіццю масавага лыжнага спорту: у студзені адбыўся раённы этап рэспубліканскіх спаборніцтваў “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнга клуба. Ярка прайшла “Дзятлаўская лыжня-2026”, якая сабрала больш за 200 удзельнікаў з арганізацый і навучальных установаў раёна. Работнікі Дзятлаўскага РАНС, АУС райвыканкама прынялі ўдзел у абласных галіновых спартакіядах па лыжных гонках, цяпер да падобных спаборніцтваў рыхтуюцца каманды ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”, Дзятлаўскі лясгас.

– Адкуль на Дзятлаўшчыне з’явілася НХЛ, і хто гуляе ў хакей у нашым раёне?

– Праз тыдзень пасля адкрыцця катка ў Дзятлаве па ініцыятыве кіраўніцтва раёна, Новаяльнянскіх сельвыканкама, сярэдняй школы і саміх пасялкоўцаў была расчышчана і заліта каробка на стадыёне ў гарпасёлку Наваельня. Работу выканалі дружна і хутка, і з таго дня лёд у Наваельні літаральна “гарыць”. Тут пастаянна арганізуюцца гульні, прайшло некалькі таварыскіх турніраў: матчы Наваельня – Дзятлава і Дзятлаўскі раён – Карэліцкі раён. Прычым, прапанову аб матчы мы атрымалі ад аматарскай каманды саміх карэлічан. Яны прыехалі на гульню разам з былым закадчыкам сектара спорту Карэліцкага райвыканкама Мікалаем Барэйкам, які цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але не губляе спартыўнага азарту. Мясцовыя аматары хакея жартоўна назвалі сябе “Новаяльнянскай хакейнай лігай”, і гэты чэлендж быў падхоплены ў сацыяльных сетках.

Хакей у нашым раёне мае шматгадовыя традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Кожны год напярэдадні новага сезона хакеісты юнацкай раённай каманды “Алмаз” праводзяць трэніроўкі. Радасна, што сёлета яны былі на родным лёдзе. З пачатку года на лядовай пляцоўцы стадыёна “Колас” прайшло некалькі трэніровак, чатыры таварыскія сустрэчы паміж юнацкімі камандамі раёна і  калядная хакейная баталія старэйшага пакалення супраць малодшага. На Дзятлаўшчыне быў праведзены раённы этап спаборніцтваў “Залатая шайба”, у якім змагаліся тры каманды навучальных установаў раёна. Сустрэча стала добрай трэніроўкай перад абласным этапам у Лідзе, адкуль каманда Дзятлаўскага раёна вырнулся сярэбраным прызёрам. Нашы мацнейшыя хакеісты ўвойдуць у састаў зборнай Гродзенскай вобласці на рэспубліканскім этапе “Залатой шайбы”.

– Якія спартыўныя планы яшчэ будуць рэалізаваны гэтай зімой?

– Найперш хачу нагадаць, што каток і лыжная траса, пункт пракату зімовага спартыўнага інвентара працуюць у звычайным рэжыме, запрашаем іх наведаць. З навінамі і анонсамі па тэме можна пазнаёміцца на інфармацыйных стэндах стадыёна “Колас” і ў інстаграм-акаўнце Дзятлаўскага ФСК. У гэту суботу зборная каманда на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім прадставіць наш раён на “Прынёманскай лыжні-2026” у Навагрудку. З найбліжэйшых праектаў – раённы этап “Залатой шайбы” ў малодшай узроставай групе і ўдзел у абласных спаборніцтвах 17-18 лютага пад кіраўніцтвам загадчыка сектара спорту райвыканкама Дзмітрыя Ёды. Калі захаваецца марознае надвор’е, аматараў хакея чакае яшчэ нямала трэніровак, таварыскіх матчаў у Дзятлаве і Наваельні.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации