Ужо 85 гадоў годна служаць закону, народу, Айчыне супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама, які быў утвораны
26 лютага 1940 года. З якімі набыткамі падышлі юбілею, расказаў начальнік аддзела Вадзім Шчурскі.

– Якасна спрацавалі па выніках 2024 года. Па пытаннях прафілактыкі правапарушэнняў – поспехі як усяго аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі, так і асобна ўчастковых інспектараў міліцыі. Тут варта адзначыць Аляксандра Скварчынскага, Дзмітрыя Плаўскага, Сяргея Ігнаціка. У выніку работы ўчастковых назіраецца дынаміка памяншэння рэгіструемых правапарушэнняў, аздараўленне аператыўнай абстаноўкі.
Старанна працуе інспекцыя па справах непаўналетніх. Яе супрацоўнікі паўсядзённа ўзаемадзейнічаюць з навучальнымі ўстановамі. За мінулы год зарэгістравалі толькі адно злачынства, учыненае непаўналетнім. Пра такую станоўчую статыстыку сведчыць якасная прафілактыка.
Хочацца адзначыць работу крымінальна-выканаўчай інспекцыі: гэта ўзаемадзеянне з раней асуджанымі асобамі, а іх на ўліку цяпер – 280 чалавек. Сур’ёзная нагрузка тут ляжыць на двух супрацоўніках, іх задача, каб гэтыя асобы не ўчынілі новых парушэнняў. У мінулым годзе колькасць такіх злачынстваў зменшылася з 44 да 33.
Малады дружны калектыў аддзялення крымінальнага вышуку, які ўзначальвае Аляксандр Пацыновіч, таксама зарэкамендаваў сябе. У іх амаль 85 % раскрытых злачынстваў за мінулы год, а гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў за апошнія дзесяць гадоў.
– Без сур’ёзнай работы калектыву не бывае і выніку. Як можаце ахарактарызаваць сваіх калег?
– Калектыў у нас дружны, згуртаваны, працаздольны, ёсць як вопытныя супрацоўнікі з важкім стажам, так і зусім маладыя. Працуем у тандэме, дапамагаем адзін аднаму, прыходзім на выручку, калі неабходна. Заўсёды віншуем усіх са святамі, важнымі датамі. Доказам нашай зладжанай работы сведчыць тое, што па выніках за мінулы год наш аддзел унутраных спраў сярод 71 падраздзялення аналагічнай катэгорыі на чацвёртым месцы ў вобласці.
Немалаважная роля ў рабоце надаецца пераемнасці пакаленняў. Актыўна праяўляюць сябе нашы ветэраны, у прыватнасці Аляксандр Ламака, які ўзначальвае раённую ветэранскую арганізацыю. Часта праводзяцца сустрэчы з маладымі супрацоўнікамі. Старэйшае пакаленне дзеліцца сваімі практычнымі навыкамі, малодшае ў сваёй рабоце больш выкарыстоўвае сучасныя тэхналогіі.
Дарэчы, на пачатку лютага да нас на пераддыпломную практыку прыйшлі тры курсанты Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь – Іван Альшэўскі, Глеб Зарубін, Ягор Грыцук. За кароткі тэрмін знаходжання ў аддзеле вельмі добра сябе зарэкамендавалі, адказна, сур’ёзна адносяцца да сваіх абавязкаў. Я нават звярнуўся ў навучальную ўстанову з падзякай за іх высокі ўзровень тэарэтычнай падрыхтоўкі і якаснае выкананне практычных задач, якія ім ставім. Двое змаглі ўжо самастойна раскрыць злачынства. Спадзяюся, што яны вернуцца да нас на працу. Маючы за плячыма 85-гадовую гісторыю, перададзім эстафету новым супрацоўнікам.
– У вас складаная, адказная работа, выпадковых людзей там не бывае. Якімі якасцямі павінен валодаць супрацоўнік міліцыі?
– У першую чаргу, добра адносіцца да людзей і іх бедаў, не лічыцца з асабістым часам і ўсяго сябе аддаваць службе, быць адказным, справядлівым, камунікабельным. Вядома, аднаму з усім не справіцца, таму супрацоўнікі аддзела цесна працуюць з сельвыканкамамі, медыкамі, педагогамі, з усімі праваахоўнымі структурамі – судом, пракуратурай, следчым камітэтам.
– Што асабіста для вас значыць служба?
– Сёлета будзе 27 гадоў, як я служу ў органах унутраных спраў. Адчуў усе складанасці і асаблівасці гэтай работы на кантрасце таго, што давялося ўзаемадзейнічаць з многімі калектывамі. Пачынаў участковым інспектарам у Бераставіцы, затым служыў у Слоніме, Іўі, цяпер у Дзятлаве. Прайшоўшы такі немалы шлях, ніколі не пашкадаваў, што выбраў гэту прафесію. Самая галоўная радасць ад выкананай работы – усведамленне таго, што ты дапамагаеш людзям.
– Што пажадаеце калегам з нагоды 85-годдзя аддзела і надыходзячага прафесійнага свята – Дня міліцыі?
– Сіл і добрага здароўя, заўжды заставацца сапраўднымі супрацоўнікамі беларускай міліцыі, прафесійнага росту, адказна падыходзіць да любой пачатай справы, якасна выконваць ускладзеныя задачы. Удзячнасць грамадзян, бяспека на вуліцах прадэманструюць поспех справы.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga