Нездарма нашы харчовыя тавары славяцца і высока цэняцца не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Адной з гастранамічных адметнасцяў Дзятлаўскага раёна з’яўляюцца сыры, вырабленыя нашымі жанчынамі з любоўю і прафесіяналізмам.
Нядаўна споўнілася 35 гадоў, як у Дзятлаўскім філіяле ААТ “Молочный Мир” працуе майстар-сырароб Жанна Ляцко.
Яе працоўны шлях пачынаўся ў няпросты час – на пачатку 90-х, калі не было эканамічнай стабільнасці і пэўных арыенціраў.

– Калі заканчвала школу, я ведала, што хачу жыць і працаваць на сваёй малой радзіме – у горадзе Дзятлаве. У ліку стабільных прадпрыемстваў з добрымі заробкамі заўсёды быў сыраробны завод. Рада, што ў свой час звязала жыццё з гэтым калектывам.
Перад тым, як уладкавацца на працу, Жанна Іванаўна атрымала ў Навагрудскім аграрным тэхнікуме спецыяльнасць лабаранта, пачала працоўную дзейнасць рабочай у сырным цэху. Праз некаторы час Жанна Ляцко скончыла Пінскі мяса-малочны тэхнікум (сённяшні аграрна-тэхнічны каледж) і была прызначала майстрам. Жанчына і сёння з прыемнасцю ўспамінае, з чаго ўсё пачыналася:
– Калі прыйшла ў цэх, я была адной з самых малодшых, калегі многаму навучылі, падтрымалі, падказалі, а пасля ўжо і свой вопыт дадаўся. Працавалі дружна і заўсёды весела. Былі ванны, прэс для сыру, шмат ручной працы, якую паступова, год за годам выцяснілі тэхнічны прагрэс і аўтаматызацыя.
Ванны ў цэху змяніліся на катлы, а Жанна Іванаўна цяпер працуе на сучасным абсталяванні, укладвае ў работу часцінку душы, не забывае павышаць кваліфікацыю, каб адпавядаць абнаўленню вытворчасці статусу работніка аднаго з лідараў прамысловасці раёна – Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”.

– Іду на работу з радасным сэрцам, бо тут чакае дружны, зладжаны за гады калектыў, – дзеліцца жанчына.
– Прызнайцеся, ці любяць сыр самі сыраробы?
– Так, вядома, я вельмі люблю. Аддаю перавагу гатункам сыру “Сливочный” і “Сметанковы” нашай вытворчасці. Ведаю, што смак сыроў маркі “Молочный Мир” падабаецца людзям, а чуць станоўчыя водгукі аб нашай прадукцыі – гэта самая найлепшая ацэнка працы сыраробаў.
Жанна Ляцко склалася як прафесіянал і знайшла сваё жаночае шчасце: сустрэла абранніка родам з Навагрудка і пераканала яго ў тым, што Дзятлаўшчына – самае лепшае месца для жыцця. Тут, ва ўтульнай кватэры па вуліцы Навагрудскай, выраслі і вылецелі ў самастойнае жыццё іх дочкі. Сёння Жанна Іванаўна бабуля трох унучак і нават ужо прабабуля. Галоўным шчасцем у жыцці жанчыны яна лічыць сям’ю. Адрасуе найлепшыя пажаданні ўсім зямлячкам, каму прысвечаны Год беларускай жанчыны:
– Шчасця, дабрабыту, каб дзеці радавалі і быў мір на зямлі.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #Годбелорусскойженщины