Творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва працягвае і ў 2026 годзе сацыяльна-культурны праект “Глыбінкай жыве Беларусь”. Адзін з яго раздзелаў уключае віншаванні юбіляраў. З гэтай нагоды артысты наведалі 90-гадовую юбілярку, жыхарку вёскі Ліжэйкі Марыю Гранкоўскую, каб павіншаваць жанчыну, распытаць пра яе жыццё.

Нарадзілася Марыя Уладзіміраўна ў Навагрудскім раёне ў вёсцы Кусціна ў сям’і шматдзетных сялян, у якой выхоўваліся пяцёра дзетак. Сялянскае жыццё не назавеш лёгкім. Вялікага дастатку сям’я не мела, і каб неяк выжыць, спадзявалася толькі на сябе, на вынікі сваёй працы, да якой і дзяцей прывучалі з ранніх гадоў.

Калі дзяўчынцы было 9 гадоў, памёр ад хваробы тата. А лёс сірот вядомы. Цяжка прыйшлося сям’і без кармільца-гаспадара. Дзеці разам з маці і касілі, і сеялі, і жалі, і малацілі – наогул, выконвалі зусім не дзіцячую працу.
Марыя любіла яшчэ займацца рукадзеллем – вязала, вышывала, прала і ткала розныя рэчы. Але гэтага, па яе меркаванні, было мала. У суседняй вёсцы жыла краўчыха Вольга, і дзяўчына пайшла да яе вучыцца гэтаму рамяству. І сапраўды, у яе адкрыліся здольнасці. Стала шыць адзенне сабе і сваім родным, пасля да яе прыходзілі з заказамі аднавяскоўцы.
У тыя часы трэба было абавязкова хадзіць у калгас, і Марыя пайшла ў паляводства, пазней за асабістыя здольнасці яе паставілі звеннявой.
Неяк яе ў якасці дружкі запрасіла на сваё вяселле стрыечная сястра. Там дзяўчына пазнаёмілася з прыгожым хлопцам Мікалаем з вёскі Ліжэйкі, які прыехаў на вяселле да свайго брата. Мікалай пачаў пісаць лісты Марыі, прыязджаць на спатканні, і ўрэшце яны пажаніліся. Пасля вяселля пераехалі ў вёску мужа. Марыя Уладзіміраўна пайшла працаваць у паляводства, затым 17 гадоў была паштальёнам, восем гадоў даіла каровы. Усяго яе рабочы стаж склаў 38 гадоў.
У сям’і нарадзіліся трое дзетак – Леанід, Валянціна і Ніна. Цяпер юбілярку радуюць шасцёра ўнукаў і дзевяць праўнукаў.

– Пражыла я на гэтым свеце шмат гадоў і ведаю, што самае важнае для чалавека – гэта яго сям’я, родныя і блізкія. Жадаю маладому пакаленню моцнага здароўя, паважаць бацькоў, несці адказнасць за свае ўчынкі, старацца добра вучыцца, каб набыць дастойную прафесію, мець добры матэрыяльны дастатак і каб быў мір на зямлі, – кажа Марыя Уладзіміраўна.
Сёння жанчына жыве разам з малодшай дачкой Нінай. Дарэчы, Ніна Мікалаеўна выконвае ганаровы грамадзянскі абавязак – яна з’яўляецца старастай вёскі Ліжэйкі ўжо больш за 15 гадоў.
– Жыве мая матуля разам з намі, хоць душа яе імкнецца ў родны дом. Вельмі хочацца падзякаваць нашаму роднаму чалавеку за яе добры і лагодны характар, цеплыню і ласку, шматгадовую падтрымку, за тое, што яна проста ёсць. Няхай Гасподзь ёй дасць моцы і здароўя яшчэ на доўгія гады, – пажадала дачка юбілярцы.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Годбелорусскойженщины