Менавіта так Ірыну Жэгала характарызуюць у Дзятлаўскім райвыканкаме, дзе яна працуе начальнікам фінансавага аддзела.

6 студзеня калектывы раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў віншавалі Ірыну Дзмітрыеўну з юбілейным днём нараджэння.

Ганаровыя граматы галоўнага фінансавага ўпраўлення Гродзенскага аблвыканкама і Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта юбілярцы ўручыў Андрэй Садоўскі.

Кіраўнік раёна пажадаў імянінніцы моцнага здароўя, добрага надвор’я ў доме і каб на работу заўжды прыходзіла з радасцю. Андрэй Уладзіміравіч падкрэсліў, што Ірына Дзмітрыеўна не толькі добры чалавек, але надзейны, уважлівы, таленавіты фінансіст.

Да віншаванняў далучыўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі з пажаданнямі поспехаў у рабоце і асабістых справах, моцнага здароўя і даўгалецця, бадзёрасці духу і мірнага неба над галавой.

Эстафету самых цёплых пажаданняў прадоўжылі намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка, кіраўнік спраў райвыканкама Аляксандр Андруцэвіч, першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віталій Шулейка.  

Ірына Дзмітрыеўна падзякавала кіраўніцтву раёна і калегам за падарункі і шчырыя словы і таксама напярэдадні Нараджэння Хрыстова пажадала ўсім шчасця, здароўя, дабрабыту, аптымізму, мудрасці, цярпення і ўсяго найлепшага.

Добрыя словы з вуснаў юбіляркі прагучалі ў адрас калектыву фінансавага аддзела і былых работнікаў.

– Я ўраджэнка Дзятлаўшчыны, мая малая радзіма – вёска Явар, дзе скончыла сярэднюю школу, затым атрымала спецыяльнасць эканаміста ў Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі, цяпер гэта эканамічны ўніверсітэт, – расказала Ірына Жэгала. – У 1986 годзе па размеркаванні прыйшла працаваць спецыялістам у фінансавы аддзел Дзятлаўскага райвыканкама. Прайшла шлях ад начальніка ўнутранага аддзела да намесніка начальніка і ўжо 22 гады ўзначальваю аддзел. Самыя цёплыя ўспаміны засталіся аб былым кіраўніку райфінаддзела Валянціне Літвіной, якая прымала мяне на работу. Спецыялістамі, якія мяне вучылі і ва ўсім дапамагалі, былі Данута Ёда, Ганна Лябецкая, Марыя Татарчык, Ядзвіга Купрацэвіч. Працаваць заўжды было цікава, аднак і работы хапала, але ўспаміны аб мінулым засталіся самыя прыемныя. Памятаю, як напачатку падлікі даводзілася весці на лічыльніках, а запісы – ад рукі, цяпер жа нам дапамагае камп’ютарная тэхніка. Тым не менш, нягледзячы на многія новаўвядзенні, нязменным застаецца адно: надзейны, дружны, прафесійны калектыў нашага аддзела, куды на змену былому пакаленню прыходзяць маладыя і таленавітыя работнікі.

У будучыню Ірына Дзмітрыеўна глядзіць з аптымізмам, нездарма калегі і кіраўніцтва пажадалі, каб яе энергія, прафесійны вопыт і ўменні яшчэ доўга прыносілі карысць нашаму раёну.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #Годбелорусскойженщины

Похожие публикации