Беларуская жанчына – гэта працаўніца, якая клапоціцца, падтрымлівае, стварае, выхоўвае, дапамагае, дабіваецца пастаўленых мэтаў. Прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва ў Беларусі паспяхова самарэалізуюцца і трымаюць высокую планку ва ўсіх сферах жыцця – ад вытворчасці да дзяржаўнага кіравання.

На Дзятлаўшчыне жыве і працуе нямала дастойных жанчын, на якіх варта раўняцца. Адна з іх – Аксана Мелько, галоўны бухгалтар бухгалтэрыі Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы. З 28 гадоў прафесійнай дзейнасці апошняе дзесяцігоддзе яна прысвяціла рабоце ў службе аховы, дзе клапоціцца аб фінансавым дабрабыце калектыву. Тым не менш, менавіта дысцыплінаванасць, абавязковасць, дакладнасць і сумленнасць Аксана Антонаўна цэніць у людзях, таму ў калектыве з пераважна “строгім мужчынскім характарам” адчувае сябе ў сваёй стыхіі. У аддзел яна прыйшла ўжо з важкім багажом бухгалтарскіх ведаў, паколькі да гэтага часу адпрацавала па спецыяльнасці на многіх участках у родным Навагрудскім і Дзятлаўскім раёнах. Асаблівасці бухгалтарскага ўліку па новым кірунку ёй дапамаглі спасцігнуць ранейшая галоўны бухгалтар аддзела Ніна Аліферовец і бухгалтар са шматгадовым стажам, якая і сёння працуе ў падраздзяленні, Тамара Цярэшка.

– У нас дружны зладжаны калектыў, – зазначае Аксана Мелько, – Прычым як у аддзеле ў цэлым, так і ў нашай невялікай бухгалтарскай службе, якая цяпер складаецца з трох чалавек: са мной працуюць Тамара Канстанцінаўна, якой знаёмы ўсе прамудрасці работы да дробязяў, і Вольга Іода, якая прыйшла да нас тры гады таму з увядзеннем новай бухгалтарскай пасады і значна палегчыла работу, паколькі з павелічэннем колькасці ахоўваемых аб’ектаў і штату супрацоўнікаў значна растуць і аб’ёмы бухгалтарскіх задач.

Быць дакладнымі ў лічбах, правільна планаваць даходы і расходы, плённа працаваць з заказчыкамі, добра ведаць фінансавыя паказчыкі аддзела – вось галоўныя мэты, якія стаяць перад жанчынамі бухгалтэрыі. З імі Аксана Мелько і яе калегі спраўляюцца на выдатна.

Уменне бачыць за сухімі разлікамі рэальную сітуацыю, прагназаваць і планаваць фінансавыя рашэнні так, каб арганізацыя працавала прыбыткова, Аксана Антонаўна набывала ў час вучобы ў Навагрудскім гандлёва-эканамічным каледжы, які скончыла ў 1997 годзе, адточвала іх у час атрымання вышэйшай адукацыі на завочным аддзяленні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі.

Прыступка за прыступкай Аксана Мелько, якая нарадзілася ў маляўнічым куточку старажытнай Навагрудчыны, вёсцы Несутычы, будавала сваю працоўную кар’еру. Спачатку аддала даніну любові малой радзіме, папрацаваўшы бухгалтарам у роднай гаспадарцы – калгасе “Авангард”. На Дзятлаўшчыне яе працоўны шлях прадоўжыўся ў каапнарыхтпраме на той час яшчэ Дзятлаўскага райспажыўтаварыства, дзе на розных пасадах яна адпрацавала трынаццаць гадоў. Затым ужо як спецыяліста з вопытам яе запрасілі бухгалтарам, а пасля і галоўным бухгалтарам у Дзятлаўскі райЦГЭ, а ў 2015 годзе – перайшла на такую ж пасаду ў раённы аддзел Дэпартамента аховы.

– Я чалавек уседлівы, сур’ёзны, спакойны, – прызнаецца Аксана Антонаўна. – Мне вельмі падабаецца працаваць з лічбамі, люблю, каб усё было дакладна, акуратна, зразумела. Нягледзячы на тое, што гэта даволі карпатлівая справа, якая патрабуе цярпення і часу, мяне яна не стамляе. Мой прыклад натхніў і дачку Ульяну, якая цяпер вучыцца на эканаміста ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Спадзяюся, што і яе будучая кар’ера складзецца не менш плённа.

Пра поспехі самой Аксаны Антонаўны гавораць не толькі станоўчыя характарыстыкі ад яе кіраўніка і калег, але і “галерэя” ўзнагарод на сцяпе працоўнага кабінета, у ліку якіх падзякі, лісты, а таксама Ганаровыя граматы за подпісам начальніка Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў.

І ўсё ж, нягледзячы на мэтанакіраваны характар, для блізкіх і сям’і Аксана Мелько застаецца шчырай, любячай, клапатлівай, гасціннай. Яна імкнецца ствараць утульнасць у сваім доме, напаўняючы яго хатнімі раслінамі, любіць, каб кветкі красавалі ў цёплы сезон і на падворку, шануе сямейныя традыцыі і заўжды рада гасцям. Галоўнае, што яна пастаралася прывіць дачцэ Ульяне, гэта ніколі не хлусіць, быць сумленным чалавекам і прыходзіць на дапамогу іншым у складанай сітуацыі.

Аксана Антонаўна рэалізавалася ў жыцці як прафесіянал, матуля, дбайная гаспадыня і проста цікавая, кранальная, прыгожая жанчына, з якой прыемна размаўляць на самыя розныя тэмы. Сваім суайчынніцам Аксана Мелько зычыць моцнага здароўя, невычэрпных сіл і натхнення, а ёй самой хочацца пажадаць – заўжды заставацца такой жа прывабнай і шчырай, як нашы лепшыя зямлячкі – сімвалы Года беларускай жанчыны.  

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае  #Годбелорусскойженщины

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации