Дыплом пераможцы турніру па веб-праграмаванні WebProg-2025 заваяваў наш юны зямляк – дзевяцікласнік гімназіі № 1 горада Дзятлава Ягор Барук (педагог Святлана Кетка).

Турнір ладзіўся механіка-матэматычным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта для навучэнцаў 7-11 класаў школ, гімназій і ліцэяў Беларусі. Ён праходзіў у два этапы: у час завочнага да 28 сакавіка канкурсантам належала рашыць пяць задач рознага ўзроўню складанасці, надрукаваных на сайце ўніверсітэта. Тых, хто зрабіў гэта правільна, 12 красавіка чакала вочнае спаборніцтва на механіка-матэматычным факультэце.

– На фінал турніру ў нашай катэгорыі былі запрошаны 33 паспяховыя навучэнцы 7-9 класаў, аднак дзевяцікласнікі сярод іх  пераважалі, – расказаў Ягор Барук. – Мы павінны былі за тры гадзіны рашыць чатыры задачы. Складанасць аказалася ў тым, што поўнасцю адсутнічалі прамежкавыя даныя, якія звычайна даюцца на школьных уроках інфарматыкі, былі толькі ўваходныя і канчатковыя. Праверыць, ці правільна ідзе ход рашэння, немагчыма. На такіх умовах мы і стваралі праграмы, каб адолець задачы. Мне гэта ўдалося. Узнагародай стаў дыплом і памятны падарунак – бесправадныя клавіятура і мышка. Аднак галоўнае – новы вопыт, бо мару звязаць сваё далейшае жыццё менавіта з праграмаваннем. Гэты навучальны год лічу паспяховым для сябе: акрамя WebProg-2025, атрымаў яшчэ дыплом трэцяй ступені на абласным этапе прадметнай алімпіяды па інфарматыцы, нядаўна прыняў удзел у алімпіядзе сярэдняга звяна, дзе таксама чакаю някепскага выніку, а яшчэ адвучыўся змену ў Нацыянальным тэхнапарку. Увогуле, інфарматыка падабаецца мне настолькі, што рашаць задачы магу суткамі, а іспыты дапамагаюць ацэньваць, якога ўзроўню ведаў ужо дасягнуў. Пра падобныя конкурсы мне расказвае мая настаўніца Святлана Іосіфаўна, і я адразу ж з задавальненнем адклікаюся на яе прапановы. Мяркую і надалей выпрабоўваць і ўдасканальваць свае навыкі. Іншым старшакласнікам раю вызначыцца з напрамкам, які падабаецца, і старанна вучыцца, бо чым ранней пачнеш гэты шлях, тым больш паспяховым будзе канчатковы вынік.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#награда #нашелучшее #нашалепшае #Дятловщина #образование 

Похожие публикации