У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі ў рамках святкавання 81-й гадавіны вызвалення горада Дзятлава прайшла гадзіна памяці “Дзятлаўшчына непакораная: хронікі вызвалення” з удзелам прадстаўнікоў раённай улады, працоўных калектываў, сілавых структур, грамадскіх арганізацый, прафсаюза.

Як расказала старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Цюшляева, наш горад стаў свабодным 9 ліпеня 1944 года ў ходзе наступальнай аперацыі “Баграціён” па вызваленні тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яна нагадала, што гераічны шлях вызвалення краіны бярэ свой пачатак з 23 верасня 1943 года. Да зімы таго ж года Чырвонай арміяй былі вызвалены 36 раённых і 2 тагачасныя абласныя цэнтры – Гомель і Мазыр, а ў перыяд з 23 чэрвеня па 29 жніўня 1944 года – уся Беларусь.

Дакументальная кінастужка “Аперацыя “Баграціён” больш падрабязна нагадала наведвальнікам мерапрыемства аб падзеях тых слаўных і суровых часоў.

За 70 дзён баёў поўнасцю свабоднымі ад ворага сталі Беларусь, большая частка Літвы, частка Латвіі і ўсходнія раёны Польшчы. Размах стратэгічнай аперацыі быў грандыёзны: звыш 1100 кіламетраў па фронце і 600 кіламетраў углыб яго.

Як разгортваліся баі за Дзятлава, расказаў супрацоўнік музея Станіслаў Балабанскі. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што ў вызваленні Дзятлаўшчыны ўдзельнічалі ІІ Беларускі фронт і пяць дывізій ІІІ арміі, у тым ліку 283-я стралковая дывізія пад камандаваннем Васіля Канавалава, якая вызваляла наш райцэнтр, і 120-я пад камандаваннем Яна Фогеля і яго намесніка Паўла Пятрова – Герояў Савецкага Саюза, пахаваных у нашым горадзе.

Увогуле, на дзятлаўскай зямлі праславіліся або знайшлі свой спачын нямала Герояў Савецкага Саюза, сярод якіх партызанскія камандзіры Фёдар Сінічкін і Барыс Булат, у гарадскім пасёлку Наваельня знаходзіцца магіла Івана Фурсенкі.

Нягледзячы на трагізм, цяжкасці і выпрабаванні ваеннага ліхалецця, людзі верылі ў Перамогу, многія заплацілі за мір і свабоду сваімі жыццямі, нездарма ў 2024 годзе горад Дзятлава адзначаны вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. На сёння гэтага вымпела ўдастоены 42 населеныя пункты нашай рэспублікі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации