Categories: Падзеі

«Гатуем разам»: на кухні два пакаленні

Згодна з планам развіцця тэрытарыяльных Цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Гродзенскай вобласці ў 2017 годзе, зацверджаным Камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама 8 лютага 2016 года, у сакавіку 2017 года ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна адкрыўся пакой прыёму ежы.

Але простым адкрыццём пакоя тут не абмежаваліся і вырашылі даць старт сацыяльна значнаму праекту — «Гатуем разам». Пры Цэнтры працуюць 6 аддзяленняў. Два з іх — аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў «Праменьчык» — сталі ўдзельнікамі праекта.

— Актуальнасць праблемы заключаецца ў тым, што колькасць людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў «Праменьчык», павялічваецца, — расказвае дырэктар Цэнтра Таццяна Сямёнаўна Нікіпорчык. — Найчасцей гэтыя людзі адчуваюць сваю абмежаванасць з-за непрыстасаванасці да паўнацэннага жыцця. Сацыяльная неабароненасць праяўляецца і ў няўменні карыстацца бытавой тэхнікай, гатаваць сабе ежу самастойна. Многія сем’і і самі не падазраюць, што гадуюць утрыманцаў, выконваючы за інвалідаў самую элементарную хатнюю работу. Гэта стварае бар’ер паміж людзьмі з асаблівасцямі, членамі іх сем’яў, грамадствам. Мы ў сваю чаргу ўсімі спосабамі спрыяем інтэграцыі інвалідаў у грамадства, дапамагаючы ім набыць неабходныя навыкі.

Кіраўнікі праекта «Гатуем разам», яны ж загадчыцы аддзяленняў-удзельнікаў праграмы Валянціна Расціславаўна Саламевіч і Галіна Эдвардаўна Касцюк, упэўнены ў сацыяльнай значнасці праекта для абедзвюх катэгорый грамадзян.

— Мэта нашага праекта — аказаць садзейнічанне ў сацыяльна-бытавой рэабілітацыі інвалідаў, у аднаўленні або кампенсацыі парушаных ці страчаных імі з-за хваробы здольнасцяў па самаабслугоўванні і падрыхтоўцы да самастойнага жыцця. На новай кухні навыкам прыгатавання страваў, сервіроўцы стала, правілам выбару і спалучэння прадуктаў харчавання, паводзінам за сталом маладых інвалідаў будуць вучыць гаспадыні пажылога ўзросту, якія маюць багаты жыццёвы вопыт, шмат ведаюць і ўмеюць, а таму змогуць у нас рэалізаваць свой творчы патэнцыял і падзяліцца ведамі, бытавымі навыкамі.

Людзі з абмежаванымі магчымасцямі за час рэалізацыі праекта навучацца карыстацца бытавой тэхнікай пры гатаванні ежы, арганізоўваць правільнае, карыснае для здароўя харчаванне. Упэўнены, што наш праект дапаможа палепшыць узровень жыцця людзям з абмежаванымі магчымасцямі, цясней аб’яднае два пакаленні, дапаможа ім не толькі карысна бавіць вольны час, але і пазбавіцца ад пачуцця адзіноты. У наведвальнікаў «Праменьчыка» з’явіцца не толькі новае захапленне, але і магчымасць паўнацэнна харчавацца ў абед, бо ў Цэнтры яны знаходзяцца цэлы дзень.

Згодна з праграмай праекта «Гатуем разам», яго ўдзельнікаў чакаюць тэарэтычныя і практычныя заняткі, кірмашы і майстар-класы, прагляд тэлеперадачаў і інтэрнэт-блогаў на кулінарныя тэмы, экскурсіі ў сталовую і рэстаран, круглыя сталы і выставы кулінарнага майстэрства.

Дырэктар Цэнтра Таццяна Сямёнаўна Нікіпорчык расказала таксама, што да ўдзелу ў праекце «Гатуем разам» арганізатары збіраюцца запрашаць грамадскія аб’яднанні — раённыя арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, Беларускага таварыства інвалідаў, Беларускага саюза жанчын, Чырвонага Крыжа. Акрамя гэтага, плануецца пазнаёміць персанал установаў грамадскага харчавання горада з асаблівасцямі абслугоўвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна запрашае да супрацоўніцтва ініцыятыўных, энергічных людзей пажылога ўзросту, гатовых перадаць свой вопыт па прыгатаванні ежы і ўдзельнічаць у кірмашах кулінарнага майстэрства і майстар-класах. Звяртацца можна на адрас: г. Дзятлава, вул. Кастрычніцкая, 56. Тэлефоны для даведак: 2-67-82, 6-11-84.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА

administrator

Recent Posts

Вас памятае свет уратаваны. Жанчыны, якія набліжалі Перамогу

У Год беларускай жанчыны на старонках газеты “Перамога” расказваем пра нашых зямлячак, якія змагаліся на…

8 часов ago

Словы ўдзячнасці і віншавання – вам, людзі ў белых халатах!

У раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў святочны канцэрт-шанаванне, прысвечаны надыходзячаму Дню медыцынскіх работнікаў.…

8 часов ago

Па 25 базавых велічыняў за няскошаную траву кожнаму

За невыкананне работ па падтрыманні належнага санітарнага стану на тэрыторыях зямель агульнага карыстання населеных пунктаў,…

10 часов ago

Прафарыентацыя. Каму падыдзе прафесія карэспандэнта

Гэта высвятлялі выхаванцы летніка “Крута” гімназіі № 1 горада Дзятлава, наведаўшыся ў рэдакцыю раённай газеты…

10 часов ago

Канікулы-2026

Чым жыве летнік Выхаванцы летніка “Усмешка” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М.…

10 часов ago

22 июня в Дятлово состоится митинг-реквием

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

14 часов ago