На сумесным пасяджэнні райвыканкама і сесіі раённага Савета дэпутатаў былі разгледжаны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця і выкананне бюджэту Дзятлаўшчыны за 2024 год, акрэслены задачы на 2025-ы, спыніліся і на падрыхтоўцы гаспадарак да вясенне-палявых работ.



Вясна прыспешвае, таму абмеркаванне пачалося з даклада загадчыка сектара механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандра Мазаля, які расказаў аб гатоўнасці сельгаспрадпрыемстваў да выхаду ў поле.
Як падкрэсліў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, першапачаткова Саветам Міністраў перад аграрыямі краіны была пастаўлена задача адрамантаваць тэхніку да 1 сакавіка.


Для выканання дзяржзаказу, забеспячэння жывёлагадоўлі фуражом і перапрацоўчых галін сыравінай у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна трэба атрымаць 94,5 тысячы тон збожжа з кукурузай, 46 тысяч тон цукровых буракоў, 13,5 тысячы тон алеянасення рапсу, 4 тысячы тон бульбы, 1,602 тысячы тон ільновалакна, нарыхтаваць на зімова-стойлавы перыяд 73,76 тысячы тон кармавых адзінак травяных кармоў. Тэмп росту валавой прадукцыі павінен скласці 107,5 %, а ў раслінаводстве – 106,6 %. Для выканання пастаўленых задач работа ідзе па некалькіх асноўных напрамках. Па-першае, рыхтуецца тэхніка, абсталяванне, агрэгаты, іх гатоўнасць па раёне складае 95 %, вызначаны крыніцы фінансавання пастаўкі гаруча-змазачных матэрыялаў і запчастак. Па-другое, важна своечасова і ў неабходным аб’ёме правесці падкормку і абарону раслін – прадаўжаецца закупка ўгнаенняў і сродкаў абароны. Не менш увагі нададзена нарыхтоўцы насення, у тым ліку высокай рэпрадукцыі і эліты. У гаспадарках ёсць 192 механізатары – 91 % ад патрэбы. На кантролі застаюцца пытанні праходжання медаглядаў, аховы працы, захавання вытворчай дысцыпліны, арганізацыі гарачага харчавання. Спецадзеннем і сродкамі індывідуальнай абароны работнікі палёў забяспечаны.

Пры абмеркаванні даклада кіраўнікі сельгасарганізацый, дзе падрыхтоўка ідзе недастатковымі тэмпамі, далі свае завярэнні.
Як адзначыў Андрэй Садоўскі, па заключэнні спецыялістаў, сельгаскультуры сёлета перазімавалі добра, надвор’е дазволіла ўнесці арганіку, асаблівых праблем з падрыхтоўкай да палявых работ няма, застаецца захоўваць дысцыпліну, своечасова і па-гаспадарску вырашаць працоўныя задачы.

Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў 2024 годзе і планах на 2025-ы расказала намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская. Адзначыла, што ў цэлым мінулы год быў паспяховым і стабільным для Дзятлаўшчыны: па многіх пазіцыях перавыкананы планавыя заданні, забяспечаны рост прамысловай вытворчасці, рэальнай заработнай платы, экспарту тавараў, дасягнуты асноўныя заданні па вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, аднак ёсць і шэраг аб’ектыўных фактараў, якія ўплываюць на невыкананне некаторых паказчыкаў. Летась парадаваў рэкордны валавы збор збожжавых культур з кукурузай і рапсам у 111,2 тысячы тон. Па канчатковым фінансавым выніку работы сельгасарганізацый атрымана 5081,0 тысячы рублёў чыстага прыбытку. Індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па наборы тавараў-прадстаўнікоў склаў 105,8 %, што вышэй за планавае заданне. Аднак адсочвалася адмоўная дынаміка інвестыцый у асноўны капітал. Гэта звязана з высокай базай 2023 года. У далейшым трэба звярнуць увагу і на такі паказчык, як нарматыў зніжэння ўзроўню затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі, работ, паслуг у арганізацыях.

Андрэй Садоўскі адзначыў, што для эканомікі раёна 2024 год у цэлым быў паспяховы, і гэта агульны вынік гаспадарак, прадпрыемстваў, арганізацый Дзятлаўшчыны, аднак сярод іх ёсць і тыя, каму варта “падцягнуцца”, больш сур’ёзна аднесціся да пастаўленых задач: кожны кіраўнік з бухгалтарскай службай павінен правільна размяркоўваць сродкі, знаходзіць магчымасці зарабіць.

Аб выкананні раённага бюджэту расказала начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Жэгала. Яна адзначыла, што кансалідаваны бюджэт Дзятлаўскага раёна за 2024 год выкананы з прафіцытам у суме 1263,6 тысячы рублёў, свабодныя астаткі трацяцца на развіццё раёна, пераважна сацыяльнай сферы.
Прыемным момантам сустрэчы стала ўзнагароджанне Падзячнымі лістамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і граматамі.























Пасяджэнне прадоўжыла работа сесіі раённага Савета дэпутатаў. Быў разгледжаны яшчэ шэраг пытанняў, сярод якіх: устанаўленне і ўвядзенне ў дзеянне на тэрыторыі раёна мясцовых падаткаў і збораў, зацвярджэнне інвестпраграмы на 2025-2027 гады, накіраванне свабодных астаткаў раённага бюджэту і іншыя.




Рашэнні прыняты адзінагалосна.
Тэкст і фота Ірыны СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga