Сёння валейбольны рух актыўна развіваецца ва ўсім свеце, і Дзятлаўшчына не выключэнне. Як валейбольныя каманды раёна папаўняюць сваю скарбонку поспехаў, хто “рухае” гульню і развівае мясцовыя валейбольныя традыцыі, расказала дырэктар Дзятлаўскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Вольга Васіленка.

– Пачатак года – час падвядзення вынікаў за мінулы сезон, аднак перш чым перайсці да валейбольных дасягненняў Дзятлаўшчыны ў 2024 годзе, варта падкрэсліць, што поспех да раённых валейбалістаў прыйшоў не “ўчора”. Ён быў закладзены нават задоўга да афіцыйнай рэгістрацыі ў 2021 годзе “Клуба аматараў валейбола” пры Дзятлаўскім раённым ФСК. Яшчэ раней у раёне склалася зладжаная сістэма, дзякуючы якой група пры фізкультурна-спартыўным клубе даволі хутка перарасла ў валейбольны рух, на чале якога стаяць не толькі прафесіяналы, але і трэнер-аматар Васіль Русін. Ён на працягу многіх гадоў робіць усё магчымае, каб захапленне гульнёй у дзятлаўчан пераходзіла ў спартыўныя перамогі. Каманда раёна паступова абнаўляецца. Дзякуючы станоўчаму прыкладу валейбалістаў-старажылаў, сёння да гульні далучаецца моладзь.

Калі звярнуцца непасрэдна да фактаў, то галоўнае валейбольнае дасягненне-2024 – гэта першае месца ў чэмпіянаце Гродзенскай вобласці па валейболе сярод жаночых каманд і другое – у чэмпіянаце вобласці па пляжным валейболе. Варта адзначыць, што дзятлаўчанкі на працягу апошніх пяці гадоў утрымліваюць высокія пазіцыі ў гэтых чэмпіянатах.

У абласных спаборніцтвах па валейболе сярод сельскіх жыхароў “Залаты колас” дзятлаўскія спартсменкі зноў жа некалькі гадоў запар уваходзяць у пяцёрку мацнейшых у Прынёманскім рэгіёне.


Усяго летась на Дзятлаўшчыне адбылося 18 раённых валейбольных спаборніцтваў, дзятлаўчане прынялі ўдзел у сямі абласных гульнях і двух чэмпіянатах вобласці.


– Хто ў кагорце самых адданых валейбалістаў?
– Сярод раённых спартсменаў з важкім стажам па-ранейшаму застаецца ў страі Ала Лапатэй, якую я б назвала “мозгам і стрыжнем” каманды. Яна была ў саставе ранейшага “ядра” гульцоў, дзякуючы якім на Дзятлаўшчыне падтрымліваўся валейбольны рух. Адметна, што талентам да гульні і ведамі жанчына надзяліла сваю дачку Сабіну Пабядзінскую, якая цяпер выступае за зборную свайго ВНУ, не губляе стасункі і часам гуляе ў камандзе дзятлаўчан.

Зноў паўтару імя Васіля Русіна – нашага земляка, які не з’яўляецца прафесійным трэнерам, але дзякуючы настойлівасці і таленту, ахвяруючы свой вольны час, больш за дзесяцігоддзе трэніруе валейбалістаў і ўпэўнена прыводзіць іх да поспехаў. Цяпер пад яго кіраўніцтвам займаюцца каля дваццаці навучэнак з гарадскіх школ і гімназіі, Хвінявіцкай сярэдняй школы, якія, спадзяюся, не за доўгім часам будуць бараніць гонар Дзятлаўшчыны на абласных спаборніцтвах.

З больш чым дваццаццю дарослымі валейбалістамі раёна працуе трэнер ФСК Кацярына Макбіці. Мужчынскую валейбольную каманду арганізуюць да ўдзелу ў раённых і абласных спаборніцтвах Андрэй Балбуноў і Сяргей Белавус.

Безумоўна, вынікаў у спорце немагчыма дабіцца без базы для трэніровак, і яе нам надзейна прадастаўляе сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, за што мы вельмі ўдзячны дырэктару ўстановы Івану Кібіню. У ліку пастаянных раённых суддзяў – настаўнік фізічнай культуры трэцяй школы Аляксандр Жэгала. Як бачым, любоў да гульні пачынаецца з урокаў фізкультуры, а перарастае ў майстэрства дзякуючы таленавітым трэнерам.
У сваю чаргу раённы фізкультурна-спартыўны клуб стараецца падтрымаць і заахвоціць усіх аматараў валейбола: нязменна мы адзначаем дыпломамі, медалямі і кубкамі пераможцаў і прызёраў раённых спаборніцтваў. Мяркую, у самых паспяховых валейбалістаў ужо сабралася важкая скарбонка ўзнагарод.


Склаліся ў “Клуба аматараў валейбола” і свае традыцыі: гэта віншаванні з днямі нараджэння, адкрыццё і закрыццё валейбольнага сезона, сходы для абмеркавання спартыўных планаў і выездаў, а Васіль Русін прывівае маладому пакаленню валейбалістаў любоў да вялікіх відовішчных спаборніцтваў. Разам з моладдзю ён неаднойчы выязджаў на нацыянальныя гульні чэмпіянату вышэйшай лігі.

– Што ў далейшых планах спартсменаў?
– Валейбольны рух на Дзятлаўшчыне прадаўжае развівацца, гульцы і трэнеры ставяць перад сабой амбіцыйныя планы: яны ўжо заявіліся на ўдзел у чэмпіянаце вобласці па валейболе сярод мужчынскіх і жаночых каманд – спаборніцтвы адбудуцца праз лічаныя дні. Дарэчы, жаночая каманда будзе гуляць у новай форме, якую набыло ТАА “Белтэрміз”, якое неаднаразова падтрымлівала жаночую каманду. Увогуле, валейбольны сезон доўжыцца з верасня па май, а ў чэрвені акцэнт робіцца на пляжны валейбол. На Дзятлаўшчыне такія турніры становяцца ўсё больш папулярнымі, яны ладзяцца ў дні важных раённых свят. Адметна, што пляжны валейбол стаў цэнтрам прыцягнення для насельніцтва: адны прыходзяць згуляць, другія паназіраць за спаборніцтвамі. Значыць, валейбол на Дзятлаўшчыне жыве, развіваецца і ўпэўнена рухаецца наперад.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены Дзятлаўскім раённым ФСК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga