Сямён Уладзіміравіч (сапраўднае імя Шэндэль Вульфавіч) па нацыянальнасці яўрэй. Нарадзіўся 28 лютага 1923 года ў Беразіно Барысаўскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і рабочага-краўца.
У 1930 годзе паступіў у 15-ю сярэднюю школу горада Мінска. У 1938-м – уступіў у члены ВЛКСМ. Пасля дзевяці класаў пайшоў добраахвотнікам у рады Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі. Прызываўся Варашылаўскім райваенкаматам города Мінска. Арміі патрэбны былі ваенныя спецыялісты, і Сямёна Цывеса накіравалі на вучобу ў Сталінградскае ваеннае вучылішча сувязі. Яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ён атрымаў ваенную спецыяльнасць і званне лейтэнанта. Быў накіраваны на ваенную службу ў 16-ы асобны полк сувязі Сярэднеазіяцкай ваеннай акругі камандзірам узвода “Морзэ”. Пасля расфарміравання палка, са жніўня 1941 па май 1942 года, быў назначаны каманзірам узвода 516-й асобнай тэлеграфна-эксплуатацыйнай роты гэтай жа акругі. Затым намеснікам камандзіра штабной роты па страявой часці 101-га асобнага батальёна сувязі 68-й горна-стралковай дывізіі. З мая 1942 па сакавік 1943 года праходзіў ваенную службу ў складзе савецкіх войск у горадзе Сары ў Іране.
Сямён Цывес удзельнічаў на франтах Паўднёвага, 4-га Украінскага, 1-га і 3-га Беларукіх франтоў Вялікай Айчыннай вайны ў складзе 6-га асобнага палка 28-й арміі.
Да мая 1943 года знаходзіўся ў рэзерве Галоўнага Упраўлення сувязі Чырвонай арміі, а затым атрымаў назначэнне намеснікам камандзіра роты ў 6-ы асобны полк сувязі 28-й арміі. У чэрвені быў пераведзены камандзірам узвода. Член КПСС з ліпеня 1943 года.
Сямён Уладзіміравіч з баямі прайшоў цяжкі шлях афіцэра па палях вайны да Перамогі. Пры вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у чэрвені 1944 года атрымаў баявую ўзнагароду – ордэн Чырвонай Зоркі.
З мая 1944 года Сямён Цывес – на пасадзе камандзіра роты. Да гэтага быў камандзірам кабельна-тэлеграфнага ўзвода. Удзельнічаў у прарыве абароны немцаў на рацэ Міусе, у знішчэнні плацдарма на ўсходнім беразе Дняпра пад Нікопалем, дзе ўзорна выконваў баявыя заданні камандавання па забяспячэнні бесперапыннай сувяззю КП арміі са злучэннямі, за што мае некалькі падзяк ад камандавання і прапанаваны на пасаду камандзіра роты. У час наступальных бітваў арміі летам 1944 года з раёна паўднёва-заходняй часткі горада Жлобіна забяспечыў сувязь КП арміі з КП камандарма і злучэннямі. У напружаны час баявой абстаноўкі асабіста кіраваў пракладкай лініі сувязі і забяспечыў сваечасовае выкананне баявых заданняў. Сямён Уладзіміравіч удзельнічаў у вызваленні Херсона, Нікалаева, Брэста.
У верасні 1944-га назначаны памочнікам начальніка штаба палка. Удзельнічаў ва ўзяцці гарадоў Тумбінен, Кёнігсберг, Берлін і ў прарыве абароны немцаў ва Усходняй Прусіі. Асабліва жорсткія баі вяліся за ўзяцце горада Кёнігсберга. За мужнасць і гераізм на полі бою быў узнагароджаны медалём “За ўзяцце Кёнігсберга”. У складзе 6-га асобнага палка сувязі 28-й арміі 1-га Украінскага фронту прымаў удзел у баях па ўзяцці Берліна. Узнагароджаны медалём “За ўзяцце Берліна”. У Берліне, быў узнагароджаны другім ордэнам Чырвонай Зоркі за тое, што ў час баёў на Берлінскім напрамку, калі армія хутка падыходзіла да горада і дарогі былі завалены, Цывес умела арганізаваў перабазіраванне тылу палка. А 25 мая асабіста выехаў па пакінутую на старым становішчы маёмасць і дзве машыны (120 км) нягледзячы на тое, што дарога ў раёне горада Варут некалькі разоў пераразалася выходзячай з акружэння групоўкай немцаў, машыны і каштоўны груз давёз без страт. Пазней быў узнагароджаны медалём “За перамогу над Германіяй”. У гонар яго баявых заслуг у маі 1985 года ён быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені.
З ліпеня 1946 года назначаны камандзірам роты рухомых сродкаў сувязі 6-га асобнага палка. Пасля пераўтварэнняў 6-га асобнага палка сувязі ў 674-ы асобны батальён сувязі з сакавіка 1947 года быў назначаны камандзірам лінейнай роты гэтага ж батальёна.
Закончыў службу Сямён Уладзіміравіч у 1947 годзе ў Германіі. Звольнены ў запас па хваробе загадам Беларускай ваеннай акругі № 0950 ад 21 чэрвеня 1947 года.
Пасля дэмабілізацыі прыехаў у Дзятлава па той прычыне, што сюды пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прыехала на месца жыхарства яго маці. Бацьку, які працаваў у Мінску шаўцом, расстралялі фашысты ў яўрэйскім гета ў 1941 годзе. Маці ўцякла з гета і прымкнулася да партызан, якія базіраваліся ў Ліпічанскай Пушчы.
З 1947 года пачынаецца яго работа на ніве мірнай працы. Яшчэ ў кастрычніку 1945 года Сямён Цывес ажаніўся з Юліяй Турэцкай. Разам яны пражылі да 1988 года. З верасня 1947 года Сямён Уладзіміравіч працуе ваенруком Дзятлаўскай сярэдняй школы. Са студзеня 1948-га – дырэктар прамкамбіната райспажыўсаюза. Амаль два гады, да жніўня 1950 года, працаваў вызваленым камсоргам у Дзятлаўскай сярэдняй школе, выхавальнікам у Дзятлаўскім спецдзетдоме, настаўнікам матэматыкі, затым загадчыкам вучэбнай часці ў Дзятлаўскай СШ. Паспрабаваў сябе ў якасці дырэктара Гірыцкай няпоўнай сярэдняй школы (1954-1955 гг.). Працуючы, адначасова вучыцца на завочным аддзяленні Баранавіцкага настаўніцкага інстытута, які скончыў у 1952 годзе. Затым зноў завочна вучыцца ў Гродзенскім педінстытуце і паспяхова яго скончыў у 1957 годзе, атрымаўшы кваліфікацыю настаўніка фізікі і матэматыкі. З 1955 па 1961 год працуе настаўнікам Дзятлаўскай СШ па гэтай кваліфікацыі. У лістападзе 1962 года прызначаецца на пасаду дырэктара Дзятлаўскай школы-інтэрната.
Сямён Уладзіміравіч прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам Дзятлаўскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных. Быў цесна звязаны з дзейнасцю камсамола.

24 студзеня 1988 года Сямёна Цывеса не стала. Пахаваны на дзятлаўскіх могілках. Матэрыялы аб ім экспануюцца ў Дзятлаўскім дзяржаўным гісторыка-краязнаўчым музеі.
Па матэрыялах Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#музей #ВОВ #ветеран