Дзятлаўшчына ў асобах. Мастак з Дварца Аркадзь Сокал

Дзятлаўская зямля багатая на творчых людзей і таленавітых навукоўцаў.

Адсюль выйшлі і праславілі наш раён нямала выбітных асобаў. Аднак ёсць самадзейныя творцы, імёны якіх дагэтуль невядомыя шырокаму колу людзей. Адно з іх – імя Аркадзя Сокала з вёскі Мяляхавічы, краявіды якой мастак перанёс на свае палотны. Нядаўна ён адзначыў сямідзесяцігадовы юбілей.

Землякі ведаюць Аркадзя Мяфодзьевіча як настаўніка гісторыі, дырэктара школы, нарэшце, ваеннага. Аднак, магчыма, не ўсе ўяўляюць, што чырвонай ніткай праз увесь яго лёс прайшла любоў да малявання, якое пазней дапоўнілася разьбой па дрэве, любоў да сваёй малой радзімы, да хараства яе прыроды.

Мне пашчасціла пабываць у сакральным месцы – доме-майстэрні мастака ў Дварцы, куды сёння не так часта заглядваюць госці, бо гаспадар любіць спакой. Тут ён жыве разам з жонкай Раісай Міхайлаўнай, берагіняй хатняй утульнасці і натхняльніцай на новыя творы. У зімовы перадабедзенны час Аркадзь Мяфодзьевіч за творчай работай: ён стварае дэталізацыю на новым зімовым пейзажы.

– Ні дня без творчасці, – дзеліцца сваім жыццёвым прынцыпам мастак. – Малюю або рэжу па дрэве. Пераважная большасць сюжэтаў звязана з маёй радзімай, вёсачкай Мяляхавічы і іншымі прыгожымі месцамі Дзятлаўшчыны.

Творчасць – для родных і землякоў

Сёння Аркадзь Сокал, як і яго муза Раіса Міхайлаўна, на заслужаным адпачынку. Натхненне не пакідае мастака, і іх сямейнае гняздо ў аграгарадку Дварэц напаўняецца новымі працамі. Дзеці выраслі і стварылі свае сем’і, а іх дзіцячы пакой ператварыўся ў кабінет-майстэрню, усе сцены якой упрыгожваюць работы з дрэва, прысвечаныя тэмам прыроды і палявання, такім блізкім майстру. Побач з імі – выстава дзіцячых малюнкаў.

– Гэта ўнук намаляваў, з такім задавальненнем браўся за справу, пакуль не стаў больш захапляцца камп’ютарам, чым мастацтвам, – са шкадаваннем кажа Аркадзь Мяфодзьевіч.

У астатніх пакоях – цэлая галерэя работ аб роднай прыродзе. Да таго ж, мастак з радасцю малюе сучасныя рэпрадукцыі для сваіх дзяцей па іх замове. Не забывае Аркадзь Мяфодзьевіч і педагагічную прафесію, але цяпер выкладае не гісторыю, а малюнак. Самадзейны мастак не раз рыхтаваў абітурыентаў да здачы творчага экзамену на факультэты дызайну і архітэктуры. Заўжды бясплатна і надзвычай прынцыпова.

– Муж заўсёды лічыў, што галоўная ўзнагарода для яго – гэта паспяховае паступленне падапечных, – расказвае Раіса Міхайлаўна. – Але тыя, хто здолеў прайсці яго навуку, трымаліся пры паступленні ўпэўнена.

Адзін з апошніх вялікіх праектаў, які Аркадзь Сокал на працягу васьмі месяцаў ажыццявіў разам з дварэцкімі педагогамі, – гэта аздабленне сценаў дзіцячага садка тэматычнымі малюнкамі. Кожны, хто наведвае дзіцячы садок, адразу знаёміцца з выставай, намаляванай проста на сценах. Выявы паказваюць сезоны года ва ўсіх фарбах і дэталях. Цэнтральнае месца ў дашкольнай установе займае намаляванае ім пано “Зямля, дзе пачаўся мой лёс”, а на сцяне ў актавай зале адлюстраваны танцы і нацыянальныя беларускія сімвалы. Цяпер у калідорах садка праходзяць тэматычныя экскурсіі для дашкольнікаў, дзеці развіваюцца, пазнаюць свет праз простыя і зразумелыя малюнкі Аркадзя Мяфодзьевіча. У Дварэцкай сярэдняй школе таксама ёсць след дабра, пакінуты мясцовым мастаком: кабінет праваслаўнага краязнаўства, аздоблены выявамі беларускіх праваслаўных храмаў. Бо вельмі важна, лічыць Аркадзь Сокал, каб дзеці мелі магчымасць не толькі жыць у маляўнічым краі, але і вучыцца сярод прыгажосці.

Наталля АВЯРЧУК

administrator

Recent Posts

Вас памятае свет уратаваны. Жанчыны, якія набліжалі Перамогу

У Год беларускай жанчыны на старонках газеты “Перамога” расказваем пра нашых зямлячак, якія змагаліся на…

28 минут ago

Словы ўдзячнасці і віншавання – вам, людзі ў белых халатах!

У раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў святочны канцэрт-шанаванне, прысвечаны надыходзячаму Дню медыцынскіх работнікаў.…

38 минут ago

Па 25 базавых велічыняў за няскошаную траву кожнаму

За невыкананне работ па падтрыманні належнага санітарнага стану на тэрыторыях зямель агульнага карыстання населеных пунктаў,…

2 часа ago

Прафарыентацыя. Каму падыдзе прафесія карэспандэнта

Гэта высвятлялі выхаванцы летніка “Крута” гімназіі № 1 горада Дзятлава, наведаўшыся ў рэдакцыю раённай газеты…

2 часа ago

Канікулы-2026

Чым жыве летнік Выхаванцы летніка “Усмешка” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М.…

3 часа ago

22 июня в Дятлово состоится митинг-реквием

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

6 часов ago