Дзятлаўчане адзначаны прэміяй імя Аляксандра Дубко

17 снежня ў абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі горада Гродна адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння адораным навучэнцам і студэнтам Прынёмання, якія дабіліся высокіх вынікаў у інтэлектуальнай і творчай дзейнасці, спорце, прафесійным майстэрстве, прэміі імя Героя Беларусі Аляксандра Дубко.

Сярод трыццаці чатырох лаўрэатаў сёлетняй абласной узнагароды, якую ўручаў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, былі і нашы маладыя землякі: навучэнка сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Вікторыя Яраш і навучэнец гімназіі № 1 горада Дзятлава Гардзей Самахвал. Віншаванні ў адрас стыпендыятаў прагучалі ад удавы Героя Беларусі Эмы Дубко.

Традыцыя ўручэння прэміі існуе на Гродзеншчыне з 1998 года. Узнагарода зацверджана для падтрымкі таленавітых дзяцей і моладзі. Яе памер складае 20 базавых велічыняў кожнаму. Прысуджаецца яна на конкурснай аснове: у якасці лаўрэатаў разглядаюцца адораныя, таленавітыя навучэнцы ўстановаў агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнты ВНУ, якія дасягнулі значных поспехаў у інтэлектуальнай, творчай, спартыўнай, мастацкай дзейнасці.

– У 28-ы раз мы ўзнагароджваем лепшую вучнёўскую моладзь Гродзеншчыны, – адзначыў у час сёлетняй цырымоніі Віктар Пранюк. – За гэтыя гады каля тысячы маладых людзей атрымалі такую прэстыжную прэмію, якая паказвае, як Беларусь, Гродзенская вобласць ганарацца таленавітым маладым пакаленнем, як улада падтрымлівае юнакоў і дзяўчат, якія ўпарта імкнуцца да высокіх мэтаў. Гэта ўзнагарода яшчэ і прызнанне працы педагогаў.

Нашы землякі падзяліліся ўражаннямі ад удзелу ў мерапрыемстве.

Гардзей Самахвал:

– Я прыемна правёў час, хаця і быў здзіўлены, што як школьнік трапіў у лік лаўрэатаў, сярод якіх студэнты-старшакурснікі, паважаныя людзі нашай вобласці. Абстаноўка была спрыяльнай, спадабаўся канцэрт. Прэмія імя Аляксандра Дубко – адна з найбольш важкіх узнагарод у скарбонцы маіх дасягненняў. Сярод іх абласны дыплом трэцяй ступені на алімпіядзе па хіміі, перамогі ў Міжнародным літаратурным конкурсе “Чытаем Пушкіна” і раённым – чытачоў вершаў на беларускай мове, з нядаўніх – дзве перамогі на раённым этапе прадметных алімпіяд (хімія і біялогія). Зазначу, што такія ўзнагароды, як прэмія імя Аляксандра Дубко, матывуюць і даюць жаданне рухацца наперад, дасягаць большага, бо сярод стыпендыятаў розных гадоў – паспяховыя дактары-хірургі, палітычныя дзеячы, іншыя вядомыя людзі Беларусі. Не менш хвалюючым і пачэсным момантам паездкі стала маё інтэрв’ю для “Настаўніцкай газеты”. Жадаю і іншым навучэнцам Дзятлаўшчыны старанна вучыцца, назапашваць веды, бо без намаганняў няма і дасягненняў.

Вікторыя Яраш:

– Цырымонія выклікала самыя станоўчыя эмоцыі, была прыгожай, атмасфернай. Вельмі прыемна атрымаць грашовую прэмію за спартыўныя дасягненні, сярод якіх перамога ў рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў і шматлікія перамогі ў абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. Безумоўна, спыняцца на дасягнутым не збіраюся, буду ўпэўнена рухацца да новых алімпаў. Спадзяюся ўжо ў 2026 годзе выканаць нарматыў кандыдата ў майстры спорту, вельмі пастараюся дзеля гэтага. Увогуле, сваю будучую прафесію звязваць са спартыўнай сферай не мяркую, аднак упэўнена, што лёгкая атлетыка будзе маім захапленнем на ўсё жыццё. Равеснікам таксама жадаю працавітасці, мэтанакіраванасці і дысцыпліны, без якіх немагчыма пакарыць ніводную вышыню.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

administrator

Recent Posts

Як дружна пырснулі сады…

Як дружна пырснулі сады,Закалыхаліся пад ветрам.Ляціць над светам пах такі,Што аж звініць вакол паветра.І з…

2 часа ago

Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна!

Дарагія ветэраны вайны і працы! (далее…)

4 часа ago

Святлана Лагута: “Здаровы сэнс перамог”

7 мая Міжнародны алімпійскі камітэт зняў усе абмежаванні з беларускіх спартсменаў, такім чынам адкрыўшы ім…

18 часов ago

Футбольныя мячы – да Дня Перамогі

Напярэдадні 9 Мая ў рамках мерапрыемстваў у падтрымку дзіцяча-юнацкага футбола ў Рэспубліцы Беларусь Дзятлаўшчыну наведаў…

18 часов ago

“Перамога: погляд праз 81 год. Спадчына, памяць, выбар маладых”

Дыялогавая пляцоўка пад такой назвай  прайшла ў гімназіі № 1 горада Дзятлава. Пагаварылі пра тое,…

18 часов ago

Гістарычная памяць – аснова працвітання грамадства

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Гродзенскага…

19 часов ago