10 мая ў Беларусі адзначаецца вялікае свята, якое яднае беларускі народ, заклікае да згоды ўсіх людзей – гэта Дзень Дзяржаўнага герба, Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

З нагоды свята ў Дзятлаве на плошчы 17 Верасня адбыўся мітынг з рытуалам урачыстага ўзняцця Дзяржаўнага сцяга. Удзел у ім прымалі прадстаўнікі ўлады, дэпутацкага корпусу, сілавых структур, ваеннага камісарыята, прафсаюзаў, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, установаў адукацыі.

З урачыстага вынасу вялікага палотнішча Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь пачалося святочнае мерапрыемства. Пачэснае права ўзняць Дзяржаўны сцяг і сцяг Дзятлаўскага раёна на штандартах пад гукі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена дзятлаўчанам, якія дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе і працы – навучэнцам 10 класа гімназіі № 1 горада Дзятлава Дар’і Бурдун і сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Уладзіславу Юрэню, дырэктару гімназіі № 1 Вераніцы Фабішэўскай, гукарэжысёру Дварэцкага дома культуры Андрэю Добышу.

Павіншаваў дзятлаўчан са святам першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка:

– У гэты значны для кожнага беларуса дзень мы з асаблівым хваляваннем і пачуццём глыбокай удзячнасці ўшаноўваем тры вялікія святыні нашага народа – Дзяржаўныя сцяг, герб і гімн. Гэта не проста адметныя знакі краіны на палітычнай карце свету, а жывы летапіс нашага народа, увасоблены ў колеры, знаку і музыцы. Гэтыя сімвалы суправаджаюць нашы спартыўныя трыумфы, навуковыя адкрыцці і самыя важныя дзяржаўныя падзеі. Давайце шанаваць тое, што мы маем, шанаваць нашу незалежнасць, каб над Беларуссю заўжды развязаўся Дзяржаўны сцяг, ззяў наш герб і ўрачыста гучаў гімн. Са святам, паважаныя землякі! Здароўя, шчасця, міру і новых здзяйсненняў на карысць Радзімы.

Клятву вернасці дзяржаўным сімвалам ад імя маладога пакалення далі навучэнцы сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча. Яны паабяцалі берагчы і шанаваць сімвалы, гісторыю нашай Айчыны.

У гэты ўрачысты дзень у рамках новай традыцыі пераемнасці моладзевых арганізацый краіны вучні развітваюцца з піянерскай арганізацыяй, а ўзамен ім уручаюць членскія білеты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Гэту ганаровую місію выканалі першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык і старшыня раённай арганізацыі ГА “БРПА” Ірына Мішчанка.

У знак удзячнай памяці і павагі да воінаў, якія аддалі сваё жыццё за свабоду і незалежнасць Радзімы, дзятлаўчане ўсклалі кветкі да помніка Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову ў гарадскім парку.

Таксама ў рамках святкавання Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба, Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь і 81-й гадавіны Вялікай Перамогі ў Дзятлаве ўсе жадаючыя прынялі ўдзел у велапрабегу з ушанаваннем памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны.

У час старту каля помніка Іосіфу Філідовічу ў райцэнтры навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Станіслаў Балабанскі нагадаў прысутным аб подзвігу нашага знакамітага земляка.

Загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда пазнаёміў удзельнікаў з маршрутам і пажадаў цікавага велападарожжа.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Предыдущая новость

Похожие публикации