Дзяніс Трафімчык: “У сельскай мясцовасці можна стварыць грандыёзны рух”

Імя блогера Дзяніса Трафімчыка на Дзятлаўшчыне ведаюць калі не ўсе, то многія.

Наш зямляк, ён атрымаў адукацыю ў сталіцы, каб вярнуцца працаваць на радзіму.

Інжынер ААТ “Граніт-Агра”, стваральнік першага ў Беларусі аграблога, уладальнік шматлікіх моладзевых прэмій, футбаліст, трэнер і проста цікавы чалавек, нядаўна па запрашэнні тэлеканала “Беларусь 1” са сваім караваем стаў госцем прамога эфіру ў перадачы “Добрай раніцы, Беларусь”, адкуль перадаў прывітанне дзятлаўчанам, калегам і ўсім сваім падпісчыкам. Вярнуўшыся дадому, малады чалавек расказаў чытачам газеты “Перамога” пра сустрэчу ў Мінску, блогерства і сельскую гаспадарку, падзяліўся планамі і пажаданнямі.

– Нягледзячы на публічнасць і папулярнасць, прамы эфір на “Беларусь 1” у цябе быў упершыню. Якія ўражанні?

– Калі ехаў у Мінск, думаў, ну, што тут такога? Я столькі разоў здымаў сябе на відэа, публікаваў на вялікую аўдыторыю. Аднак было хваляванне: уся ж краіна ўбачыць! У “Белтэлерадыёкампаніі” мяне сустрэлі гасцінна, папрасілі не хвалявацца. Людзі там добрыя, простыя, як нашы вяскоўцы. Тым больш, што пазнаёміліся мы з імі напярэдадні, калі журналісты былі на Дзятлаўшчыне, рыхтавалі сюжэт для праграмы “Галоўны эфір”, які выйдзе ў нядзелю ўвечары. Мы з імі “далучаліся” да сельскага жыцця, елі катлеты ў полі разам з механізатарамі. Было класна! Як вярнуўся, даведаўся ад дзяцей, якіх трэнірую, што дома амаль усе глядзелі ранішні эфір, яны мяне нават павіншавалі з дэбютам і падарылі кветкі.

– Хто такі аграблогер і як ты прыйшоў у гэту сферу?

– Дагэтуль я не заўважаў топавых блогераў з нікнэймам “agro_blog_” . Калі пачынаў здымаць сюжэты для інтэрнэт-рэсурсаў, думаў, як апісаць адным словам тое, што адбываецца, і назваў гэта аграблог, так што назву магу патэнтаваць. Мне са школьных гадоў падабалася відэа і фатаграфія: заўсёды нешта здымаў, нарэзваў, фатаграфаваў. Калі прыйшоў працаваць у “Граніт-Агра”, падумаў, што такой вялікай арганізацыі не хапае сваёй старонкі ў інтэрнэце, каб паказаць не толькі дасягненні, напрацоўкі і ўзнагароджанні, але і жыццё ўнутры калектыву.

– Як паставіліся калегі да таго, што сталі героямі сюжэтаў?

– Спачатку некаторыя уцякалі, некаторыя гаварылі, навошта гэта табе, ідзі лепш займіся работай. Потым, калі больш публікацый стала з’яўляцца ў Instagram і TikTok, ужо начальства бывала званіла: у нас будзе важная падзея або цырымонія, трэба зняць. Праз некаторы час ужо людзі падыходзілі з просьбай паказаць у аграблогу і іх працу. Цяпер усе ставяцца з разуменнем і ўдзячнасцю. З калегамі мы, як кажуць, на рэспектах.

– Назаві імёны славутасцяў аграблога.

– Ёсць у нас такі работнік Уладзімір Рак. Аднойчы ён ляжаў у бальніцы ў Навагрудку, да яго прыйшоў доктар і кажа: “Можаце не прадстаўляцца, я вас ведаю, вы здымаецеся ў аграблогу”. Расказваў, што на пошце сустракаюць са словамі “вы – зорка”. Таксама можна назваць імёны Юрыя Буткевіча, Віктара Крамянеўскага, які мне заўсёды дапамагае, ён яшчэ і спявае добра, Алега Грыба, я называю яго “кінолаг”. Ну і, вядома, Леанідавіча – Арцёма Літвінскага.

– Дарэчы, ідэя з Юр’евічам і Леанідавічам вельмі “заляцела” ў масы. Як яна табе прыйшла?

– Калі я здымаў ролікі пра гаспадарку, людзей , якія тут працуюць, я зразумеў, што аўдыторыі гэта крыху прыелася і трэба дадаць нешта новае, нейкую разынку. Падумаў, што патрэбен акцёрскі ролік: так нарадзілася ідэя расказаць пра тое, як простыя аграном і інжынер з раёна магчыма патрапяць у самыя папулярныя блогеры. Я ўзяў блакнот, напісаў сцэнарый, занатаваў ідэі – і атрымаўся міні-блог пра Леанідавіча і Юр’евіча. Усе свае думкі з вечара фіксую ў блакнот, калі муза прыходзіць, а раніцай пішу напрыклад: “Леанідавіч, давай да планёркі з’ездзім запішам ролік”. І ён кажа: “Давай”. Чытае тэкст – і адразу пачынаем здымаць.

– Ці ёсць запас сюжэтаў?

– Усё прыходзіць спантанна, пад сітуацыю. Напрыклад, “Зажынкі”, якія ладзіліся ў ААТ “Граніт-Агра”. Калі ідэя падабаецца абаім і мы сябе бачым у гэтым сюжэце – тады пішам.

– Раскажы пра той самы васьмімільённы ролік, які ў адзін момант зрабіў цябе папулярным.

– Была чарговая трэніроўка з дзецьмі, у час якой яны ўсё напявалі “крыжыкі-нолікі, дзве Міланы ў доміку”, песня адклалася ў маёй галаве. Калі на наступны дзень раніцай прыйшоў на работу, правяраў пуцёўкі, спяваў яе. Механізатары спыталі, што за песня, і ў мяне нарадзілася ідэя, каб работнікі гаспадаркі праспявалі яе па адным радку. Па рабоце некалькі дзён ездзіў на розныя аб’екты гаспадаркі, вазіў пуцёўкі і запісваў людзей. Зманціраваў, “заліў” у TikTok, і ў мяне села батарэя на тэлефоне. Калі я паставіў гаджэт на зарадку і ўключыў, ужо быў мільён праглядаў, вельмі шмат падпісак і паведамленняў.

– Як сумяшчаеш аграблог і работу? Як ставіцца начальства да такой актыўнасці?

– Каб зняць і зманціраваць ролік, насамрэч, часу і магчымасцяў шмат не трэба. Я прыехаў на месца, зрабіў свае справы, затым за пяць хвілін зняў ролік, у вольную хвілінку манцірую яго і выкідваю ў інтэрнэт. Настройваю сябе так, каб і па рабоце ўсё выканаць, і блог не запусціць. Начальства адразу не вельмі разумела ўсю гэту тэму. Цяпер у дырэктара Станіслава Мазура ў самаго акаўнты і падпіскі на наш канал на ўсіх платформах. Думаю, ён ганарыцца фактам існавання і папулярнасці аграблога. Нават калі быў на абласной канферэнцыі, аб’яўлялі ААТ “Граніт-Агра”, а ўдзельнікі нарады казалі, што ведаюць такое прадпрыемства.

– Што даў табе аграблог?

– Шмат знаёмстваў з новымі людзьмі па ўсёй Беларусі, магутная падтрымка, цікавыя праекты і прапановы. Мяне сталі клікаць дзяліцца вопытам у Гродна, Бераставіцу, Свіслач, Мінск і іншыя гарады, самі прыязджаюць пацікавіцца нашымі буднямі і поспехамі.

– А фінансавы складнік?

– Не, усё гэта не пра грошы, ролікі не аплачваюцца і не манетызуюцца, усё на чыстым энтузіязме. Аднак зусім нядаўна са мной звязалася адно сталічнае медыйнае агенцтва з прапановай зняць першы наш інтэграцыйны камерцыйны ролік. Думаю, у хуткім часе вы ўбачыце сюжэт з Леанідавічам на гэту тэму.

– Ты прыйшоў у Дзятлаўскі раён маладым спецыялістам. Тэрмін адпрацоўкі даўно скончаны, але ты застаўся на малой радзіме. З чым звязана такое рашэнне?

– Кажуць “дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся” – гэта, відаць, пра мяне. Калі вучыўся, нават не ўяўляў, што захачу застацца ў аграгарадку, але жыццё вырашыла па-свойму. У такім невялікім населеным пункце Круцілавічы адбылося шмат важных для мяне і землякоў, знакавых падзей. Адна з іх – адкрыццё футбольнай міні-пляцоўкі, пабудаванай ААТ “Граніт-Агра” пры дапамозе раённай улады, у гэтым ёсць і мой удзел. Цяпер аб’ект актыўна выкарыстоўваецца і прыносіць радасць людзям. Апошнім часам адчуваю, што сегмент маёй аўдыторыі пашыраецца з моладзі на старэйшае пакаленне, станаўлюся па-сапраўднаму народным блогерам. Адна бабуля напісала мне: “Калі гляджу твае ролікі, я спакойная за будучыню нашай моладзі”. Мне падабаецца жыць у вёсцы: калі падумаць глабальна, няма розніцы, дзе ты жывеш, важна, кім ты сябе акружыш, якой справай зоймешся. Можна сядзець і кожны дзень скардзіцца, што ў цябе кепская работа, вёска, тут нічога няма…, а можна і тут, у сельскай мясцовасці, стварыць той самы рух, які будзе ў горадзе. Рухацца, жыць, быць паспяховым.

– Дзе бачыш сябе ў будучыні?

– Бліжэйшы год – тут жа, у ААТ “Граніт-Агра”. У ідэале праз некаторы час хацелася б прадаўжаць ідэю аграблогерства, пашыраючы гарызонты на вобласць і нават усю Беларусь. Прыязджаць у аграгарадкі, раёны, рабіць ролікі пра гаспадаркі. Тэлевізар цяпер мала хто глядзіць, а тэлефон у руках у кожнага. На сёння маю ў  TikTok 57 тысяч падпісчыкаў, на новай старонцы Instagram “agro_blog_”, дзе ўсё пра ўсё, за 2 месяцы набраў 4 тысячы падпісчыкаў. Калі будзе 20 тысяч, я змагу назваць сябе сапраўды папулярным.

– Як сёння стаць блогерам?

– Толькі цяпер я пачынаю разумець, што быць блогерам няпроста. Я літаральна прачынаюся і засынаю з тэлефонам, увесь вольны час нешта здымаю, манцірую, вяду перапіску або прыдумваю ідэі. Спрабаваў у нядзелю правесці дзень без тэлефона, але потым убачыў цікавы сюжэт, як Арсеній пастрыгся, і тэлефон давялося зноў дастаць. Каб стаць блогерам трэба цалкам аддавацца гэтай справе і не саромецца: як толькі ты зможаш ісці ў натоўпе людзей і здымаць сябе на камеру без комплексаў – тады ў цябе ўсё атрымаецца. Удачы ў пачынаннях!

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

administrator

Recent Posts

Рыхтавацца да зімы – загадзя і грунтоўна

Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшло…

11 часов ago

Последствия выплаты заработной платы «в конверте» для нанимателей

Под зарплатой «в конверте» принято понимать незаконную форму  оплаты труда, при которой часть или весь…

11 часов ago

Навучыліся аказваць неадкладную дапамогу

Другі раз запар у Беларусі прайшоў рэспубліканскі міжведамасны адукацыйны праект “Запусці сэрца”, арганізатарамі якога выступаюць…

12 часов ago

Добрахвотнікаў стала больш

У рамках месячніка Таварыства Чырвонага Крыжа ў Дзятлаве адбылося ўрачыстае ўручэнне пасведчанняў новым валанцёрам аб’яднання.…

12 часов ago

Макроэкономическая стабильность и повышение качества жизни. Александр Лукашенко назвал базовые цели ЕАЭС

Президент Беларуси Александр Лукашенко на заседании Высшего Евразийского экономического совета назвал базовые цели ЕАЭС, передает корреспондент БЕЛТА. "Реагировать…

13 часов ago

Программа заключительных мероприятий XV Республиканского фестиваля национальных культур

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

13 часов ago