Шэсць навучэнцаў 10 класа Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна прынялі ўдзел у другім нацыянальным даследаванні якасці адукацыі. Гэта маштабны праект, які ахапіў каля 20 тысяч дзесяцікласнікаў і першакурснікаў каледжаў з 705 установаў адукацыі ўсіх рэгіёнаў Беларусі. У Гродзенскай вобласці ўдзельнікамі даследавання сталі 74 установы.
Гэта не звычайная кантрольная работа і тым больш не экзамен, а комплекснае выпрабаванне, галоўная мэта якога – ацаніць функцыянальную граматнасць навучэнцаў – іх уменне прымяняць веды, атрыманыя ў школе, для вырашэння рэальных жыццёвых задач. Даследаванне праводзілася ў камп’ютарным фармаце на спецыяльнай анлайн-платформе. Кожны ўдзельнік выконваў дыягнастычную работу па двух відах функцыянальнай граматнасці: чытацкая і матэматычная або натуральна-навуковая і фінансавая. Работа ўключала заданні двух тыпаў: закрытыя (з выбарам адказу) і адкрытыя, дзе патрабавалася даць разгорнутае абгрунтаванае разважанне, праявіць назіральнасць і кемлівасць.
Важна адзначыць, што ўсе заданні распрацаваны беларускімі экспертамі і пабудаваны на матэрыяле, які адлюстроўвае нашы нацыянальныя і культурныя рэаліі. Мова выканання – беларуская або руская на выбар.
Вынікі даследвання не ўплываюць на школьныя ацэнкі і атэстаты. Аднак яны маюць вялікае значэнне для ўсёй сістэмы адукацыі: дазваляюць зразумець, наколькі эфектыўна школа рыхтуе вучняў да самастойнага жыцця і прафесійнага самавызначэння; дапамагаюць навукоўцам і педагогам выявіць моцныя бакі і зоны росту ў навучальных праграмах, скарэктаваць змест падручнікаў і распрацаваць новыя метадычныя матэрыялы.
Меркаванне навучэнцаў, якія прынялі ўдзел у даследаванні
Аляксандра Каско:
– Заданні былі цікавымі, тэматыка вельмі разнастайнай, але ўсе прыклады ўзяты з жыцця: выбар навучальнай установы, будучай прафесіі, умовы паступлення, купля падарунка і яго ўпакоўкі, білета на канцэрт, пуцёўкі ў санаторый, бяспека выкарыстання пластыкавай плацежнай карткі. Такія задачы ставіць перад намі жыццё, а мы патрэніраваліся іх вырашаць без рызыкі памыліцца, гэта вельмі выдатна.
Святлана Айрапетава:
– Хочацца адзначыць актуальнасць тэматыкі заданняў. Так, напрыклад, адно з іх было прысвечана куплі кнігі, якая ўтрымлівае мноства гульняў, што могуць дапамагчы арганізаваць вольны час навучэнцаў у час перапынкаў паміж навучальнымі заняткамі пры адсутнасці гаджэтаў у школе. Тэма фінансавага махлярства сёння вельмі актуальная, і якраз такое заданне я выконвала. Дакладна ўпэўненая, што ўсё зрабіла правільна і не патраплю на “вуду” ў рэальным жыцці.
Валерыя Мядзведская:
– Крыху хвалявалася, паколькі адчувалася адказнасць не толькі за сябе і школу, але і за ўвесь раён. Заданні былі няпростымі, але цікавымі. Цяпер падобныя на ўроках выконваем, таму парадак работы быў зразумелы, гэта супакойвала. У цэлым вопыт незвычайны і цікавы.
Праходжанне такога тэставання – гэта ўнікальная магчымасць праверыць свае сілы, убачыць практычную каштоўнасць школьных ведаў і адчуць сябе часткай вялікага і важнага праекта.
Жадаем дзецям высокіх вынікаў і новых адкрыццяў!
Ірына ШУМСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga