Мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Наваельнянскага пасялковага выканаўчага камітэта і пасялковага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні гарадскога пасёлка Наваельня” адбылося ў Наваельнянскім пассавеце 30 сакавіка.
У ім удзельнічалі кіраўнікі райвыканкама, старшыні сельскіх і пасялковых выканкамаў, кіраўнікі шэрагу раённых арганізацый і службаў, ідэалагічныя работнікі СВК

З сацыяльна-эканамічным становішчам Наваельнянскага пасялковага савета ўдзельнікаў мерапрыемства пазнаёміла яго старшыня І. Кунахавец.

На тэрыторыі гарпасёлка Наваельня, які займае плошчу ў 5,24 квадратных кіламетра і налічвае 34 вуліцы, 6 завулкаў, знаходзяцца 1294 падворкі, жывуць 3187 чалавек. У складзе насельніцтва гарпасёлка 1915 працаздольных, 814 пенсіянераў, 462 дзіцяці, 4 ветэраны вайны, 24 шматдзетныя сям’і, 39 адзінокіх грамадзян, 427 чалавек жывуць адзінока. За 2014 – 2015 гады ў Наваельні нарадзіліся 39 дзяцей.

Самыя буйныя прамысловыя прадпрыемствы на тэрыторыі гарпасёлка – камбінат хлебапрадуктаў, міжрайагразабеспячэнне, участак па ізаляцыі трубаў. Прадпрыемствы мацуюць сваю матэрыяльна-тэхнічную базу, праводзяць мадэрнізацыю вытворчасці.

На тэрыторыі пасёлка налічваецца 36 гандлёвых аб’ектаў. Нядаўна абноўлены магазін “Тавары для дома”.

У Наваельні працуюць дзве ўстановы адукацыі. Навучальна-выхаваўчай работай з 324 вучнямі сярэдняй школы займаюцца 38 педагагічных работнікаў. Для вучняў 1 – 11 класаў арганізаваны 58 факультатыўных заняткаў. Штогод вучні праходзяць аздараўленне ў дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтрах “Лясная паляна” і “Ждановічы”. У 2014 годзе атрымалі аздараўленне 280 вучняў (86,7 працэнта). Яшчэ 30 чалавек наведалі лагеры, 8 – пабылі за мяжою. Агульная колькасць дзяцей, якія прайшлі аздараўленне, склала 323 чалавекі (97,8 працэнта).

У дзяржаўнай установе адукацыі “Наваельнянскі яслі-сад” шэсць узроставых груп наведваюць 87 дзяцей. Праз рашэнне райвыканкама была створана інтэграваная група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Заўважна выніковасць аздараўленчай работы санаторных груп, на працягу года групы наведвалі 24 дзіцяці – усе, хто мелі ў гэтым патрэбу.

Медыцынскім абслугоўваннем мясцовых жыхароў займаецца Наваельнянская гарадская бальніца на 20 тэрапеўтычных ложкаў. Пры бальніцы маецца гарадская паліклініка, якая працуе ў дзве змены і разлічана на 100 наведванняў за змену. У штаце бальніцы 51 чалавек: 3 дактары, 25 сярэдніх медработнікаў, 15 малодшых медработнікаў, 8 работнікаў гаспадарчай службы. Платныя паслугі ў бальніцы аказваюць стаматалагічная і фізіятэрапеўтычная службы. Пратэзаваннем зубоў займаюцца спецыялісты цэнтральнай раённай бальніцы.

Летась і сёлета Гродзенскім РУП “Фармацыя” зроблены ўнутраны рамонт наваельнянскай аптэкі на суму 469,6 мільёна рублёў.

На тэрыторыі пасёлка знаходзяцца тры ўстановы культуры: дзіцячая школа мастацтваў, гарадскі Дом культуры, пасялковая бібліятэка. Дом культуры і бібліятэка – цэнтры зносін і інфармацыі, якія рэгулярна арганізуюць разнастайныя культурна-масавыя мерапрыемствы для рознаўзроставых катэгорый удзельнікаў.
Пры гарадскім Доме культуры працуюць 12 клубных фарміраванняў: 10 гурткоў мастацкай самадзейнасці, 2 аматарскія аб’яднанні – іх наведваюць 148 чалавек. Дзейнічаюць 7 дзіцячых клубных фарміраванняў, у якіх займаецца 71 чалавек. Набыта новая музычная апаратура і мэбля.

Бібліятэка цяпер размешчана ў нядаўна адрамантаваным будынку.

Наваельнянскі дом быту аказвае наступныя паслугі: рамонт вопраткі, пракат, хімчыстка, рамонт абутку, вязка трыкатажу, рамонт трыкатажу, рытуальныя паслугі, мыццё бялізны, цырульныя паслугі, пашыў вопраткі, перапрацоўка сельгаспрадукцыі, фатаграфія, рамонт складанай бытавой тэхнікі, рамонт тэле- і радыёапаратуры, догляд тэрыторыі (выкошванне травы), мыццё і чыстка дывановых пакрыццяў, выраб жалезабетонных канструкцый (агароджы).

Вялікі выбар асноўных і дадатковых паслугаў прапануе мясцовая АТС. Чаргі на ўстаноўку тэлефона няма, усе заяўкі задаволены ў вызначаны тэрмін. Кожны абанент АТС мае магчымасць падключэння высокаскораснага доступу ў Інтэрнэт пад гандлёвай маркай Byfly. Папулярнасцю карыстаецца інтэрактыўнае тэлебачанне.

Штат аддзялення паштовай сувязі “Наваельня” складаюць 7 чалавек. Паштальёны аддзялення абслугоўваюць 4 даставачныя ўчасткі. Частата дастаўкі пошты – адзін раз у дзень, 5 разоў на тыдзень. Летась адрамантаваны дах будынка паштовага аддзялення.

За апошнія гады ў Наваельні асфальтаваны 7 вуліц, 6 пешаходных дарожак, 9 вуліц газіфікаваны. У 2014 годзе была вырашана праблема капітальнага рамонту дома №45 па вуліцы Чырвонаармейскай – на рамонт даху і месцаў агульнага карыстання выдаткаваны 1 мільярд 35 мільёнаў рублёў. Адрамантаваны 800 квадратных метраў дахаў шматпавярховых дамоў. Пабудавана царкоўная нядзельная школа. На чыгуначнай станцыі ўведзены ў эксплуатацыю бытавы корпус з майстэрнямі і трыма гаражнымі боксамі. Зроблена падсыпка вуліцы Талкуноўскай і завулка ад яе, вуліцы і завулка Фурсенкі, завулка Дварэцкага, вуліц Лясной і Зялёнай, выкананы ямкавы рамонт вуліц Чырвонаармейскай, Карла Маркса, Першамайскай, Леніна. Заменена цеплатраса па вуліцах Школьная і Лясная. Рэканструявана цеплатраса для падключэння магазінаў “Пралеска”, “Тавары для дома”, “Раніца”. Абсталяваны пляцоўкі ў дварах па вуліцы Снітко, 6 і 7. Абсталяваны чатыры кантэйнерныя пляцоўкі на могілках. Электрыфікавана вуліца Шашэйная. Заменены лаўкі на стадыёне.

Заключаюцца дагаворы на вываз бытавога смецця. Смецце з сектара прыватнай забудовы вывозіцца па чацвяргах і пятніцах штотыдзень, ад шматпавярховых дамоў па панядзелках, серадах і пятніцах.

На тэрыторыі пасёлка знаходзяцца адны могілкі і два пахаванні загінулых у час Вялікай Айчыннай вайны. Догляд пахаванняў даручаны пасялковым арганізацыям.

Пры пасялковым выканаўчым камітэце дзейнічаюць грамадскія фарміраванні: 6 вулічных камітэтаў, камісія для садзеяння кантролю за выкананнем заканадаўчых актаў аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях, камісія па забеспячэнні пажарнай бяспекі, савет жанчын, грамадскі пункт аховы правапарадку. Грамадскія фарміраванні праводзяць планавыя пасяджэнні адзін раз у квартал і пазапланава пры ўзнікненні патрэбы.

Штогод ладзіцца свята гарпасёлка з конкурсам на лепшы падворак, кветнік, з выставай майстроў народнай творчасці. Самыя актыўныя ўдзельнікі вулічных камітэтаў у час свята атрымліваюць падзякі і падарункі.

Пасялковы выканкам рэгулярна аказвае матэрыяльную дапамогу малазабяспечаным жыхарам Наваельні: дапамагае адрамантаваць печы, замяніць электраправодку, набыць і ўстанавіць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Да прыкладу, летась дапамаглі набыць паліва 98 чалавекам, сёлета ў жыллі трох адзінокіх жыхароў замянілі электраправодку.

Ёсць у пасёлку і праблемы: трэба лепш упарадкаваць некаторыя падворкі, замяніць састарэлыя агароджы, выканаць культуртэхнічныя работы каля тэрыторый арганізацый і прадпрыемстваў, прадоўжыць асфальтаванне вуліц. Выканкам пассавета спадзяецца справіцца з гэтымі праблемамі пры актыўным удзеле жыхароў Наваельні і садзеянні кіраўнікоў мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый, якім дзякуе за ўжо зробленае.

Удзельнікі мерапрыемства наведалі мясцовую сярэднюю школу, азнаёміліся з яе знакамітым музеем, пабылі ў нядзельнай школе пры храме Ражства Прасвятой Багародзіцы, у гарадской бібліятэцы, кафэ “Сосны”, у экспартна-сартавальнай базе.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў А. Бараноўскі азнаёміў удзельнікаў Дня пассавета з вынікамі аб’езду-маніторынгу сельскіх саветаў раёна, што быў зроблены напярэдадні, у суботу і нядзелю.

У Дзятлаўскім сельсавеце кінулася ў вочы неўпарадкаванасць гаспадарчага двара мясцовага СВК “Русь-Агра” ў Раклевічах, не ачышчаныя сянажныя ямы, закінутая ферма.

Выказаны заўвагі па санітарным стане аграгарадка Вензавец.

У Казлоўшчынскім сельсавеце шмат закінутых прысядзібных участкаў.

У Войневічах новая забудова аграгарадка выглядае добра, а старая частка вёскі вымагае догляду.

У Мяляхавіцкім сельсавеце ёсць некалькі закінутых участкаў пры самым уездзе на тэрыторыю раёна.

Аляксандр Станіслававіч ухваліў догляд аграгарадка Дварэц: чыста.

Шмат працаваць на доглядзе тэрыторыі давядзецца ў Данілавіцкім сельсавеце.

У здавальняючым стане вуліцы аграгарадка Гезгалы, але тэрыторыя ля кацельні, за гаражамі яшчэ не прыбрана.

Новая забудова ў аграгарадку Жукоўшчына выглядае добра, а ў старой Жукоўшчыне не пачаты край работы. Тут жа і стыхійныя звалкі смецця знайшліся.

Вынікі Дня Наваельнянскага пассавета падвёў старшыня райвыканкама І. Крахмальчык. Ён засяродзіў увагу прысутных кіраўнікоў на абнаўленні і аздабленні дахаў, фасадаў, двароў прадпрыемстваў і ўстановаў да маючых адбыцца ў Дзятлаўскім раёне абласных “Дажынак”. У прыклад паставіў добраўпарадкаванне суседняга Слоніма. Старшыня райвыканкама падзякаваў за выкананую работу па добраўпарадкаванні Наваельні старшыні пасвыканкама І. Кунахавец, наказаў не спыняцца на дасягнутым.

Б. ВАРНА

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации