Тэмы бяспекі жыццядзейнасці, аздараўлення дзяцей, складаных умоваў надвор’я, падрыхтоўкі аб’ектаў да ацяпляльнага сезона ляглі ў аснову нарады ў першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталія Шулейкі.

На парадку дня аграрыяў – нарыхтоўка кармоў

– У прыярытэце павінна быць іх якасць, – адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама. – Аднак сёння складана гаварыць аб прагнозах па іх нарыхтоўцы. Лакальныя кароткачасовыя дажджы, якія прайшлі і павінны прайсці, па прагнозах сіноптыкаў, у бліжэйшыя дні, істотна не паўплываюць на ўмовы росту сельскагаспадарчых культур. Дэфіцыт глебавай вільгаці можа негатыўна адбіцца на фарміраванні прадуктыўнасці коласа збожжавых культур, неспрыяльны для адрастання траваў пасля ўкосу, запавольвае рост сцябла лёну.

У цэнтры ўвагі аграрыяў таксама падрыхтоўка збожжаўборачнай тэхнікі.

Небяспекі лета

Як не патануць у вадаёме, выжыць, калі заблукалі ў лесе, і не памерці ад спякоты? Гэтыя і не толькі пытанні задае сабе чалавек летам, якое пры гэтым у большасці людзей – самая любімая пара года.

Быць асабліва ўважлівымі і разважнымі, не рызыкаваць на вадаёмах заклікаў прысутных і праз газету ўсіх дзятлаўчан Віталій Шулейка. За мінулы тыдзень у Гродзенскай вобласці патанулі тры чалавекі. У Смаргонскім раёне на возеры мужчына вырашыў пакатацца на лодцы, якую купіў напярэдадні. Яго таварыш застаўся рыбачыць на беразе. У нейкі момант гумавая лодка перакулілася, і 46-гадовы мужчына, які быў без выратавальнай камізэлькі, апынуўся ў вадзе. Замест таго каб плыць да берага, ён спрабаваў самастойна перавярнуць лодку, у выніку – загінуў.

– Нават адзін дзень, праведзены каля ракі ці возера, дае добры зарад бадзёрасці і энергіі. Аднак радасць і задавальненне такі адпачынак прыносіць толькі тады, калі ён арганізаваны разумна, – падкрэсліў Віталій Тадэвушавіч.

Узмацніць кантроль на вадаёмах і прафілактычную работу сярод насельніцтва паставіў задачу адказным службам Віталій Шулейка.

Час дзіцячых ідэй

Юная Дзятлаўшчына прымае ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Правільнае лета!”, якая праходзіць пад дэвізам “Солнечно, радостно, классно – лето пройдет не напрасно!”

Задача сістэмы адукацыі ў самую цёплую пару года – аздараўленне і занятасць непаўналетніх. Як расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, у раёне дзейнічаюць 12 кругласутачных летнікаў, з іх 8 – палатачныя. Яны арыентаваны на работу з дзецьмі з розных сацыяльных груп, рознага ўзросту, узроўню развіцця і стану здароўя, на выхаванне ў іх патрэбнасці жыцця ў адзінстве, міры і згодзе як залогу пазітыўнай будучыні, на раскрыццё індывідуальнага патэнцыялу і сацыяльных ініцыятываў дзяцей.

Пражэрлівы і небяспечны матылёк

У нашым раёне ў аграгарадку Белагурна і на возеры ў вёсцы Саннікі выяўлена златагузка або залацісты шаўкапрад. Гэты начны, снежна-белага колеру матылёк з пучком рудавата-залацістых валасінак на брушку – сапраўдны біч пладовых культур і не толькі. Мясцовыя таполі, пакрытыя густой лістотай, “палыселі” проста на вачах мясцовага насельніцтва.

Як адзначыў  начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Балькоўскі, вусень шаўкапрада – гэта пагроза для ўсяго зялёнага. Не раз фіксаваліся факты: калі ў ваколіцах няма ўпадабаных шаўкапрадам дубоў, яблынь, ліп, клёнаў, вусені грызуць нават маладыя дрэўцы іглічных парод. Больш за тое, яны небяспечныя для людзей. Вусені златагузкі атрутныя. Дакрануўшыся да скуры чалавека, яе валасінкі выклікаюць балючы сверб, алергію і запаленне, магчымыя ацёкі, рубцы на скуры і праблемы з дыханнем – кашаль і хрыпата. Летась у іншых раёнах Гродзенскай вобласці людзі траплялі ў бальніцу ў выніку такіх “сустрэч” з шаўкапрадам.

Праблема ўзята на кантроль ратаўнікамі, інспекцыямі: насеннай і прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Больш падрабязна пра спосабы барацьбы з гэтым насякомым будзем расказваць у бліжэйшых нумарах і на сайце газеты.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации