Сяўба азімага рапсу, выкананне дзяржзаказу, вытворчасць малака, аб’езд школ, падрыхтоўка да свята “Дажынкі-2026” – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Сеем азімы рапс
Кіраўнік раёна паставіў задачу на бягучым тыдні ўсім гаспадаркам прыступіць да сяўбы рапсу. Спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама заверылі, што ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна забяспечаны насеннем і глебавымі гербіцыдамі, якія неабходна ўнесці не пазней чым за тры дні пасля пасеву культуры.
Што датычыцца ўборачнай кампаніі, яна ў самым разгары. На раніцу панядзелка ўбрана 52,7 % плошчаў зерневых і зернебабовых культур. Лепшыя тэмпы ў КСУП “Хвінявічы” – 78 %, ААТ “Дварэц-Агра” – 70 %, КСУП “Жукоўшчына” – 66 %, КСУП “Войневічы” – 57 %, ААТ “Граніт-Агра” – 52 %. Горшы вынік у СГФ “АграМілк”– 47 % і ТАА “РоданАграПол” – 31 %.
Закранулі тэму работы тэхнікі на палях. Як расказаў загадчык сектара механізацыі сельгасупраўлення Аляксандр Мазоль, уборачная тэхніка на жніве працуе добра, нязначныя паломкі ўхіляюцца аператыўна. Да сяўбы рапсу ўсё гатова. Праводзіцца рамонт і падрыхтоўка бульбаўборачных камбайнаў.
Прадаўжаецца нарыхтоўка кармоў. ААТ “Граніт-Агра” плануе напрыканцы жніўня пачаць уборку цукровых буракоў. На кантролі – пытанне выканання аграрыямі дзяржзаказу.
У жывёлагадоўлі сітуацыя не такая пазітыўная.
– Па малаку – непарадак, – акцэнтаваў Андрэй Садоўскі. – У тэхналогіі няма дробязяў. Невялікія перамены – і, як следства, пагаршэнне саматыкі, нізкі тлушч і бялок у малацэ, спад прадуктыўнасці жывёлы. Да гэтага прывяла адсутнасць тэхналагічнай дысцыпліны ў сельгаспрадпрыемствах і своечасовага рэагавання з боку адказных службаў.
Іншыя тэмы коратка
На працягу двух летніх месяцаў установы адукацыі Дзятлаўшчыны рыхтаваліся да новага навучальнага года. З 11 па 13 жніўня спецыяльна створаная камісія праводзіць традыцыйны іх аб’езд.
Дарэчы, у новым навучальным годзе ў раёне будуць працаваць 10 школ, 8 дашкольных установаў, 3 – дадатковай адукацыі.
****
На бягучым тыдні будзе завершана асфальтаванне вуліц населеных пунктаў. Як адзначалася на нарадзе, быў запланаваны вялікі аб’ём па гэтым відзе работ, усё выконваецца згодна з графікам.
Рамонт дахаў жылых будынкаў выкананы на 50 % ад запланаванага. РУП ЖКГ пастаўлена задача паскорыць тэмпы работ.
Пляцоўку за будынкам кінатэатра “Спадарожнік” у райцэнтры падсыплюць асфальтагранулятам.
****
За апошні месяц праваахоўнікамі ў раёне выяўлены два факты крадзяжу таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў у сферы АПК. У абодвух выпадках – крадзеж запчастак тэхнікі прадпрыемстваў. Праводзяцца праверкі.
Рэйдавыя мерапрыемствы па аб’ектах аграпрамысловага комплексу ў перыяд уборачнай кампаніі працягваюцца.
****
У раёне належаць рэгістрацыі 209 аб’ектаў нерухомай дзяржмаёмасці (пералік перагледжаны 1 красавіка 2026 года), з іх 14 – жыллёвага фонду. З 1 красавіка па 1 жніўня зарэгістраваны 8 аб’ектаў.
****
Згодна з дзяржпраграмамі Дзятлаўскім РАНС у поўным аб’ёме праведзены запланаваны на бягучы год рамонт печаў, замена і рамонт электраправодкі ў жыллі катэгарыраваных груп грамадзян.
****
На абласной, а пасля і раённай нарадах разгледжана тэма своечасовасці выплаты заработнай платы ў арганізацыях і на прадпрыемствах. Абласным кіраўніцтвам пастаўлена задача неадкладнага рэагавання ў выпадку выяўлення фактаў пратэрмінаваных выплат.
****
Аддзелам эканомікі райвыканкама ажыццяўляецца кантроль за сітуацыяй на спажывецкім рынку, у тым ліку – за наяўнасцю ў продажы гандлёвых кропак Дзятлаўшчыны дастатковага асартыменту тавараў для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, даступнасці такіх тавараў, узроўню цэн на іх.
****
Лета – выдатная пара, калі можна купацца, катацца на лодках і іншых плавальных сродках, рыбачыць. На жаль, не ўсе памятаюць, што бяспека каля вады заўжды павінна быць на першым месцы – у Гродзенскай вобласці на мінулым тыдні патанулі чатыры чалавекі. Службай АСВОД выратаваны двое дзяцей.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga