Выкарыстанне зямельных рэсурсаў, работа з кадрамі, аб’екты добраўпарадкавання, кантроль за ахоўнымі збудаваннямі грамадзянскай абароны, адзіны дзень інфармавання насельніцтва – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Лепшыя ў вобласці
У час абласной, а пасля і раённай нарадаў падвялі прамежкавыя вынікі работы па прыцягненні ў гаспадарчы абарот земляў сельскагаспадарчага прызначэння. За 2023-2024 гады на Дзятлаўшчыне плошча земляў сельскагаспадарчага прызначэння павялічылася на 2790 гектараў і склала 58 649 гектараў, а ворных – на 3937 гектараў і склала 40 084 гектары. Гэта лепшы вынік у Гродзенскай вобласці.
Таксама рэалізуецца план па прыцягненні ў гаспадарчы абарот земляў, занятых драўнінна-хмызняковай расліннасцю. На 1 студзеня 2025 года ў раёне зафіксавана 2658 гектараў такіх земляў. У гэтым годзе плануецца 20 гектараў перавесці ў сельскагаспадарчы абарот, 200 гектараў – у лясны фонд.
Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі адзначыў, што ў адказных службаў і гаспадарак ёсць патэнцыял сёлета зрабіць большы аб’ём работ звыш плана і яго неабходна рэалізаваць.
Прафілактыка інфекцый і сяўба буракоў
Сельгаспрадпрыемствы раёна на бягучым тыдні завершаць сяўбу цукровых буракоў. Прадаўжаецца хімічная праполка раслін, засталося апрацаваць 2000 гектараў. На палі вывозіцца арганіка.
На Дзятлаўшчыне большасцю гаспадарак у гэтым годзе пашыраны плошчы сяўбы кукурузы на зерне, рэкамендавана КСУПам “Хвінявічы” і “Войневічы” таксама далучыцца да гэтай практыкі.
Рамонт кормаўборачнай тэхнікі вядуць усе прадпрыемствы, набыты неабходныя запчасткі. Па завярэнні першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталія Шулейкі, да 1 мая 95 % тэхнікі выйдзе на лінейку гатоўнасці.
Усім сельгаспрадпрыемствам пастаўлена задача ўстанавіць на жывёлагадоўчых аб’ектах агароджы для прадухілення заходу дзікіх жывёл; набыць дэздарожкі для размяшчэння непасрэдна перад уваходам у жывёлагадоўчыя памяшканні, малочныя блокі і іншыя зоны, якія патрабуюць санітарнай абароны.
Нямала клопатаў у дарожнікаў, камунальнікаў, будаўнікоў
Актыўна дзятлаўчане паўдзельнічалі на мінулым тыдні ў раённым і рэспубліканскім суботніках – навялі парадак на месцах воінскіх пахаванняў, у паркавых зонах, на тэрыторыях, прылеглых да прадпрыемстваў і іншых. Днямі зацікаўленыя службы правядуць зрэз праведзеных работ, дзе неабходна, добраўпарадкаванне будзе прадоўжана.
– Жыллёва-камунальнай гаспадарцы – навесці парадак на вуліцах райцэнтра, прыступіць да рамонту па вуліцы Савецкай у Дзятлаве. Не спыняцца ў рэалізацыі будаўнічых работ – вызначаны падрадчык па капітальным рамонце дома па Навагрудскай, 4А; рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя па капітальным рамонце дваровай тэрыторыі па Навагрудскай, 12 райцэнтра, – абазначыў некаторыя віды работ Андрэй Уладзіміравіч, звяртаючыся да спецыялістаў.
Таксама на гэтым тыдні будуць устаноўлены лежакі на пляжы ў Дзятлаве. Дарэчы, да пачатку сезона летняга адпачынку сюды будзе закуплены спартыўны інвентар і катамараны.
У Нянадавічах пачынаюць мантаж станцыі абезжалезвання.
1 мая на возеры па вуліцы Чырвонаармейскай райцэнтра зноў уключаць фантаны.
Подзвігу народа жыць у стагоддзях
17 красавіка на Дзятлаўшчыне пройдзе Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.
На гэты раз інфармацыйныя групы сустрэнуцца з калектывамі арганізацый і прадпрыемстваў, каб абмеркаваць тэму 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Акрамя таго, нагадаюць правілы бяспекі адпачынку на прыродзе, меры процідзеяння экстрэмізму і тэрарызму, рэабілітацыі нацызму. Раскажуць аб прыкметах уцягнення моладзі ў дэструктыўную дзейнасць праварадыкальных груповак, як супрацьстаяць сямейнаму гвалту.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #власть